Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлюбная дамова і алімэнты: што зьменіцца ў сямейным кодэксе


У красавіку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць разглядаць зьмены ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і. Калі існыя прапановы прымуць, абараніць свае інтарэсы ў шлюбе стане прасьцей, а вось сытуацыя з алімэнтамі зьменіцца да горшага.

Найлепшая прапанова: увесьці паняцьце шлюбнай дамовы

У масавай сьвядомасьці шлюб па-ранейшаму ўспрымаецца збольшага як пацьверджаньне пачуцьцяў і «легалізацыя» каханьня. Дагэтуль можна пачуць, што сумеснае жыцьцё «бяз штампу ў пашпарце» — гэта выкарыстаньне жанчыны і нягодныя паводзіны. Але ж шлюб — гэта перадусім юрыдычная дамова, і падыходзіць да яе заключэньня варта адпаведна.

Магчымасьць шлюбнай дамовы і раней была прапісана ў заканадаўстве, але цяпер ёй будзе дадзена дакладнае вызначэньне. Хочацца верыць, што гэта дапаможа зьняць пэўную стыгму з тэмы. Пакуль што нават згадка пра шлюбную дамову можа лічыцца кепскім тонам, знакам мэркантыльнасьці і адсутнасьці сапраўднага каханьня. Але ж сьвет зьмяняецца, і, паводле статыстыкі, у паловы пар сямейнае жыцьцё завяршаецца разводам. Дык што кепскага ў тым, каб загадзя паклапаціцца пра ўласныя інтарэсы і абараніць свае правы?

Больш за тое, падпісаньне шлюбнай дамовы — гэта яшчэ адна нагода зьняць ружовыя акуляры і спакойна і сур’ёзна абмеркаваць свае ўяўленьні пра сямейнае жыцьцё, агучыць чаканьні і прагаварыць тое, што кожны чалавек у пары лічыць недапушчальным. Я ня бачу нічога абразьлівага ў тым, каб загадзя абмеркаваць пытаньні, зьвязаныя з жытлом і іншай маёмасьцю.

Магчыма, аднойчы заключэньне шлюбнай дамовы стане руціннай і нават абавязковай працэдурай, але пакуль што стаўленьне да яе дужа перадузятае, і зьмены ў заканадаўстве могуць дапамагчы зьмяніць сытуацыю.

Найгоршая прапанова: прывязаць алімэнты да бюджэту пражытковага мінімуму

Гэтая зьмена будзе тычыцца налічэньня алімэнтаў у сытуацыі, калі чалавек, які мусіць іх плаціць, ня мае працы. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Курсевіч кажа, што такая прапанова — вынік аналізу правапрымяняльнай практыкі:

«Ня ўсе былыя сужэнцы, як паказвае жыцьцё, аказваюцца непрыстойнымі і злоснымі няплатнікамі алімэнтаў. Ёсьць шмат прыкладаў, калі, напрыклад, бацька ня можа знайсьці працу так хутка, як хочацца, альбо яго, напрыклад, скарацілі. Калі сумы без уліку асабістых абставінаў вылічвалі, сыходзячы зь сярэдняга заробку па краіне, шматлікія сужэнцы, якія і хацелі б дапамагаць матэрыяльна, не маглі разьлічыцца, запазычанасьць расла як сьнежны ком, стасункі былых сужэнцаў і дзяцей пагаршаліся».

Мне цяжка зразумець, чаму, зьмяняючы сыстэму налічэньня алімэнтаў, дэпутаткі і дэпутаты клапоцяцца спачатку пра тых, хто іх плаціць, і нібыта забываюць пра інтарэсы дзяцей і тых дарослых, якія іх гадуюць. У беларускай рэальнасьці гэта значыць, што ў прыярытэце збольшага аказваюцца разьведзеныя мужчыны, а жанчынам застаецца «карміць і апранаць» дзяцей незалежна ад таго, ці скарачалі іх і ці могуць яны хутка знайсьці новую працу.

Я бачыла такое і ў сваёй сям’і, і ў сем’ях маіх знаёмых: тата проста кажа «Ну няма ў мяне грошай! Што я магу зрабіць?» І, уласна, нічога не робіць. А маці тым часам знаходзіць і грошы, і час, і працу, і сілы. Цяпер жа закон далучыцца да гэтага татавага голасу. Ну няма чым яму заплаціць, дык давайце і ня будзем прасіць зашмат. Цяжка чалавеку, што тут незразумелага!

Стаўленьне да алімэнтаў як да чагосьці неабавязковага і ўвогуле да таго, чаго лепш бы пазьбягаць, распаўсюджана даволі шырока. Я добра памятаю, як аднойчы піла гарбату ў кампаніі некалькіх маладых і даволі пасьпяховых мужчын, і адзін з іх сказаў, што «белы» заробак заўжды мусіць быць мінімальны, каб на алімэнты не ішло шмат. Большасьць кампаніі зь ім пагадзілася. Здаецца, цяпер з ім ускосна пагаджаецца і дзяржава.

Хочацца верыць, што гэтую зьмену не ўнясуць у новую рэдакцыю Кодэксу, але сур’ёзна спадзявацца на гэта не прыходзіцца. Зрэшты, і на мужчын дзяржаве, хутчэй за ўсё, напляваць. Проста чым менш запазычанасьцяў, тым менш працы адпаведным інстытуцыям. Нічога асабістага, проста аптымізацыя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG