Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч: «Куды ні прыйду, усюды ўсплываюць Бахарэвіч, Марціновіч, Горват»


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч — адзін з самых актыўных і цікавых беларускіх крытыкаў маладога пакаленьня. Я неаднаразова прасіў Ціхана напісаць рэцэнзію ці агляд беларускіх выдавецкіх навінак у «Варту» і публікаваў ягоныя тэксты заўсёды зь вялікай прыемнасьцю.

Цяпер жа захацелася мне і пагаварыць зь ім асабіста, тым больш што ён ужо колькі часу працуе ў «апараце» Саюза беларускіх пісьменьнікаў, то бок у структуры, пра якую ў мяне няма нейкага ўцямнага ўяўленьня. З гэтай якраз тэмы — чым займаецца згаданы саюз — мы і пачалі нашу размову.

Як звычайна, поўная «Гутарка зь Янам» — у падкасьце. А ніжэй — толькі некаторыя кветачкі, так сказаць, з шырокай клюмбы нашага сумоўя :-)

Навошта патрэбны Саюз беларускіх пісьменьнікаў

«Я думаю, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў цяпер гэта фактычна прафсаюз пісьменьнікаў. (…) Літаратура гэта ня толькі пісаньне і выдаваньне твораў. Я лічу, што ў нашай сытуацыі вельмі важна рабіць прамоцыю, рабіць магчымым увогуле доступ літаратара да беларускага чытача, з прычыны таго, што дзяржава фактычна гэтым не займаецца, ну альбо займаецца ў нейкіх сваіх прапагандысцкіх мэтах. Гэтым сярод іншага спрабуе займацца саюз. (…) Канешне, цяпер магчыма надрукаваць кніжку ці, тым больш, напісаць твор, ня будучы сябрам саюзу. Але данесьці да чытача, мець сетку распаўсюду (як у нас праз выдавецтва „Кнігазбор“ такая магчымасьць ёсьць) — гэта ня так проста для сучаснага беларускага аўтара, які ведае, што вялікіх ганарараў ён з гэтага не атрымае, што гэта ня бізнэс. (…) Далёка ня ўсе літаратары могуць сабе гэта дазволіць, тым больш у рэгіёнах».

Пра статус беларускай крытыкі

«Гэтая зьява ня мае дзе прыткнуцца. Можна сказаць, яна такая беспрытульная — у выдавецтвах, на старонках папяровых СМІ і фактычна ў інтэрнэце. Прафэсіяй, асноўным родам дзейнасьці [літаратурная крытыка] стаць ня можа. (…) Гэта хутчэй як хобі — тое, чым займаюцца похапкам, у вольны час. З прычыны гэтага — нізкі статус, мала хто хоча гэтым займацца, бо гэта нейкіх асаблівых паляпшэньняў твайго становішча не прынясе, а працы будзе шмат. З другога боку людзі, якія яшчэ размаўляюць з крытыкамі і зацікаўленыя ў іх, яны больш бачаць функцыю крытыкі як рэклямы».

Чым ёсьць літаратурная крытыка насамрэч

«Крытыка гэта такое мастацтва немагчымага. У цябе перад вачыма пэўны прадукт, які цябе захапляе, і ты фактычна ня можаш нічога пра гэта сказаць, але табе хочацца разабрацца, і гэтая інтэнцыя зьяўляецца першасным чыньнікам таго, што зьяўляецца тэкст. (…) Крытыка, рэцэнзія, водгук, агляд — гэта літаратурны твор з нагоды культурнага прадукту, які ўжо зьявіўся. І гэта частка літаратуры, то бок яна мусіць быць напісаная па-мастацку».

Пра каго непазьбежна гавораць у Менску

«Куды ні прыйду ў нейкую кампанію, літаратурную ці не, ці папіць гарбаты ў нейкі бар, чамусьці ўвесь час усплываюць тэмы Бахарэвіча, Марціновіча і Горвата. Мы нават можам пачаць размаўляць пра першы альбом „King Crimson“, але ў выніку ўсё роўна выйдзем на гэтых трох. Гэта як у тым анэкдоце пра тое, як паспрабавалі рабіць дзяцячы вазок, а ўсё роўна атрымліваўся нейкі аўтамат».

Важныя кніжкі незалежнай Беларусі

«Мяне найбольш вабіць такая, скажам, інтэлектуальная плынь. Можа быць, 1990-я, то бок першае дзесяцігодзьдзе з гэтых ужо фактычна трох, найбольш для мяне прыемнае. Калі пачаць з самага пачатку, дык я назваў бы: зборнік „Восень“ Тацяны Сапач, „Solus Rex“ Ігара Бабкова, „Шалёны вертаградар“ Міхася Баярына, „Прошча“ Ўладзімера Някляева, „Дзьверы“ — супольная кніга Надзеі Артымовіч і Алеся Разанава таксама з тых часоў…».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG