Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арт Сядзіба» выдасьць «Дапаможнік для пераходу на беларускую мову»


Ілюстрацыя Лізаветы Ганчаровай,

У межах кампаніі «Беларускамоўныя», прымеркаванай да перапісу насельніцтва, «Арт Сядзіба» абяцае выдаць кнігу-дапаможнік для тых, хто пераходзіць на беларускую. Сродкі на праект возьмуць з краўдфандынг-кампаніі.

Як расказала Свабодзе аўтарка дапаможніка і вядоўца праекту «Беларускамоўныя» Бася Пучынская, дапаможнік разьлічаны на людзей кожнай ступені рашучасьці ў пераходзе на белаарускую мову. У ім разглядаюць чатыры ступені:

  1. размаўляць па-расейску і проста паважаць тое, што нехта іншы размаўляе па-беларуску («часам нам і гэтага не хапае», адзначае аўтарка);
  2. размаўляць па-расейску, але слухаць беларускамоўную музыку, чытаць кнігі па-беларуску, выбіраць беларускую мову ў банкаматах і гэтак далей;
  3. адказваць па-беларуску беларускамоўным, але працягваць у іншых выпадках размаўляць па-расейску;
  4. цалкам перайсьці на беларускую мову.

У дапаможніку абяцаюць карысныя парады, спасылкі на сайты зь беларускімі кнігамі і музыкай, а таксама гісторыі людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Кнігу ілюструе Лізавета Ганчарова.

«Цяпер перайсьці на беларускую мову значна прасьцей, чым 5–10 гадоў таму, — мяркуе Пучынская. — Цяпер ужо зьяўляюцца і фільмы па-беларуску, і больш музыкі на беларускай, і ў тэатры зьяўляецца больш беларускай мовы. Да таго ж, калі раней даводзілася насіць з сабой слоўнік, каб перайсьці на беларускую, разгортваць і гартаць яго, калі ня памятаеш слова, цяпер ёсьць слоўнікі ў інтэрнэце, нават Telegram-бот».

Штосераду «Арт Сядзіба» ладзіць у межах праекту «Беларускамоўныя» сустрэчы з носьбітамі беларускай мовы, якія расказваюць пра свой шлях да мовы, дзеляцца цікавымі гісторыямі і досьведам выкарыстаньня беларускае мовы ў розных прафэсіях і сфэрах жыцьця. Сачыць за анонсамі можна ў сацыяльных сетках — на Facebook ці «ЎКантакце».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG