Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь ня мае жаданьня ўступаць у Эўразьвяз


Ілюстрацыйнае фота

Беларусь застаецца ў саюзе з Расеяй і дзяржавамі Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Алег Краўчанка, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі, які ўдзельнічае сёньня ў міжнародным сэмінары «Пераасэнсаваньне сувэрэнітэту ў сучасным сьвеце», заявіў, што Эўразьвязу трэба разглядаць Беларусь як суседку, а не як краіну, якая хоча туды ўступіць.

«У нас такога жаданьня няма», — яшчэ раз сказаў Краўчанка, адказваючы на пытаньне, ці ёсьць у Беларусі жаданьне ўступіць у Эўразьвяз.

Алег Краўчанка сказаў, што Беларусь знаходзіцца ў Эўразійскім эканамічным саюзе, дзе няма палітычнага аспэкту, а ёсьць аспэкт эканамічны.

«Вядома, ня ўсё так проста ў Эўразійскім эканамічным саюзе, часам дыскусіі ідуць даволі напалена, але гэта сьведчыць пра тое, што ва ўдзельнікаў ёсьць жаданьне зрабіць так, каб справы ў гэтай арганізацыі ішлі лепей».

Пры гэтым ён сказаў, што спадзяецца на тое, што зь цягам часу (не ўдакладніўшы, калі) Эўразійскі эканамічны саюз і Эўразьвяз прыйдуць да таго, што створаць адзіны эканамічны рынак.

«Гэта будзе на патрэбу як Эўразьвязу, так і Эўразійскаму эканамічнаму саюзу», — заявіў Краўчанка.

На пытаньне аб прагнозе на наступныя 10 гадоў Алег Краўчанка адказаў, што «сёньня час ляціць вельмі хутка, і ў 10 гадоў цяпер укладаюцца такія падзеі, якія зусім нядаўна ўкладаліся б у 30-50 гадоў. Таму, што будзе праз 10 гадоў, сказаць цяжка, але я не сумняваюся ў адным: праз 10 гадоў Беларусь застанецца сувэрэннай краінай».

Міжнародны сэмінар «Пераасэнсаваньне сувэрэнітэту ў сучасным сьвеце» ладзіць грамадзкая арганізацыя «Менскі дыялёг».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG