Суд у анэксаваным Расеяй Крыме 27 сакавіка адправіў да 15 траўня пад арышт дзевяць крымскіх татараў, якіх затрымалі раней праз падазрэньне ў датычнасьці да дзейнасьці забароненай у Расеі арганізацыі «Хізб-ут-Тахрыр», паведаміў журналіст Антон Наумлюк.
28 сакавіка чакаецца суд, які вызначыць меру стрыманьня для яшчэ 11 затрыманых напярэдадні крымскататарскіх актывістаў. Яшчэ чатыры чалавекі аб’яўленыя ў вышук.
Адвакат аднаго з арыштаваных Рустэма Сэйтхалілава Канстанцін Рустэмаў у камэнтары «Крим.Реаліі» сказаў, што судовае паседжаньне ў дачыненьні ягонага падабароннага доўжылася некалькі хвілінаў.
Супрацоўнікі ФСБ, МУС Расеі і Расгвардыі 27 сакавіка правялі ў некалькіх населеных пунктах Крыму ператрусы і затрыманьні ў дамах крымскататарскіх актывістаў у крымінальных справах аб арганізацыі дзейнасьці тэрарыстычнай групы (у гэтым абвінавачваюць чатырох чалавек) і ўдзеле ў яе дзейнасьці.
У ФСБ Расеі сьцьвярджаюць, што ўсяго затрымана 20 чалавек. Народны дэпутат фракцыі партыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Рэфат Чубараў у ток-шоў «Ехо України» заявіў, што затрыманыя 22 крымскіх татараў і што ў затрыманых ёсьць 55 непаўналетніх дзяцей.
«У гэтых 22 чалавек 55 непаўналетніх дзяцей. Сёньня да нашых 113 дзяцей тых палітвязьняў, якія ўжо ў турмах, яшчэ дадалося 55 дзяцей. І гэта будзе нарастаць камяком», — сказаў Чубараў.
Прадстаўнікі міжнароднай панісламісцкай палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр» называюць сваёй місіяй абʼяднаньне ўсіх мусульманскіх краін у ісламскім халіфаце, але яны адпрэчваюць тэрарыстычныя мэтады дасягненьня гэтага і кажуць, што церпяць ад несправядлівага перасьледу ў Расеі. Вярхоўны суд Расеі забараніў «Хізб ут-Тахрыр» у 2003 годзе, уключыўшы ў сьпіс 15 абʼяднаньняў, названых «тэрарыстычнымі». Ва Ўкраіне дзейнасьць арганізацыі не забароненая.
Паводле абвінавачваньняў ва ўдзеле ў дзейнасьці «Хізб-ут-Тахрыр» раней былі арыштаваныя і асуджаныя дзясяткі крымскіх татар. Іх абаронцы лічаць перасьлед матываваным па рэлігійнай прыкмеце.
У Эўразьвязе асудзілі ператрусы, праведзеныя ў дамах крымскіх татараў супрацоўнікамі расейскіх сілавых структур. Афіцыйны прадстаўнік дыпляматычнай службы Эўразьвязу Мая Кацыянчыч заявіла на брыфінгу 27 сакавіка, што Эўразьвяз паінфармаваны аб дзеяньнях расейскіх уладаў у анэксаваным Крыме і пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Крыме.
У Кіеве гэтую апэрацыю расейскіх праваахоўных органаў назвалі самай маштабнай дэманстрацыяй парушэньняў правоў чалавека. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў ператрусы і арышты масавай акцыяй запалохваньня крымскіх татараў расейскімі ўладамі.
Кіраўнік расейскага ўраду Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што цалкам падтрымлівае дзеяньні супрацоўнікаў сілавых структур, а любыя размовы пра рэпрэсіі, на яго думку, хлусьня і дэмагогія.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў