Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злачынцу цягне на месца злачынства, — старшыня Мэджлісу пра прыезд Пуціна ў Крым


Старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў
Старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў

Старшыня забароненага расейскімі ўладамі ў акупаваным Крыме Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў пракамэнтаваў прыезд прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на паўвостраў у пятую гадавіну анэксіі.

«Злачынцу заўсёды цягне на месца зьдзяйсьненьня ім злачынства. Пуцін пацьвярджае гэтую аксіёму, з зайздроснай упартасьцю зноў і зноў наведваючы Крым, злачынна захоплены ім у лютым-сакавіку 2014 году. Міжнародны злачынец, злодзей і бандыт Пуцін заўтра будзе хадзіць па маёй роднай зямлі, на якую я не магу ступіць вось ужо 1716-ы дзень», — напісаў Чубараў у Facebook.

«Пяць гадоў невыносна працяглай расейскай акупацыі Крыму, дзясяткі выкрадзеных і забітых крымскіх татараў, сотні незаконна пазбаўленых свабоды крымскіх татараў і ўкраінцаў, мэтанакіраванае зьнішчэньне гістарычных помнікаў, выцясьненьне карэннага народу паўвострава — крымскіх татараў і этнічных украінцаў па-за межы Крыму, мілітарызацыя паўвострава, што суправаджаецца разбурэньнем унікальных прыродных аб’ектаў і экалягічным забруджваньнем тэрыторыі Крыму, — толькі малая частка таго, што, безумоўна, прывядзе Пуціна на лаву падсудных Міжнароднага трыбуналу», — мяркуе старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін плянуе прыехаць у акупаваны Крым 18 сакавіка, каб адзначыць пятую гадавіну таго, што сам расейскі лідэр назваў ў 2014 годзе «вяртаньнем у родную гавань». Крэмль 17 сакавіка паведаміў, што Пуцін наведае Сімфэропаль і Севастопаль.

Захад асудзіў дзеяньні Расеі ў 2014 годзе як незаконную анэксію, што прывяло да санкцый супраць расейскіх фізычных і юрыдычных асоб.

Беларусь афіцыйна не выказвалася ў падтрымку анэксіі Крыму, але ў той жа час галасавала супраць міжнародных рэзалюцыяў, якія асуджалі незаконную анэксію.

Летась у інтэрвію Tut.by беларускі міністар замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Расея не прад’яўляе прэтэнзій да Беларусі з-за таго, што афіцыйны Мінск не прызнаў расейскі статус Крыму.

«У нас з Расеяй няма спрэчак у гэтым пытаньні. Мы лічым, што, калі нам было прапанавана выканаць ролю пляцоўкі для перамоваў, то мы павінны прытрымлівацца нэўтральнай пазыцыі ў адносінах да ўсіх удзельнікаў. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб ствараць умовы для большага разуменьня паміж Расеяй і Ўкраінай, а не для большага падзелу. Таму ўсе захады, якія робіць Беларусь, будуць зыходзіць з неабходнасьці пераадоленьня канфрантацыі, а не на яе ўзмацненьне ў нашым рэгіёне і ў адносінах паміж славянскімі дзяржавамі», — сказаў Макей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG