Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія астранаўты вернуцца на Месяц да 2024 году, — віцэ-прэзыдэнт ЗША


Астранаўт Юджын Сэрнан на Месяцы, 1972 год

Астранаўты высадзяцца на паверхні Месяца не пазьней за канец 2024 году, абвясьціў падчас выступу на пасяджэньні Нацыянальнай рады космасу віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў Майк Пэнс.

Майк Пэнс, архіўнае фота
Майк Пэнс, архіўнае фота

«Вяртаньне амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц на працягу пяці гадоў ёсьць афіцыйнай палітыкай адміністрацыі і Злучаных Штатаў Амэрыкі», — падкрэсьліў Майк Пэнс.

Амэрыканская адміністрацыя і асабліва прэзыдэнт Дональд Трамп не задаволеныя цяперашнімі тэмпамі падрыхтоўкі экспэдыцыі на Месяц, асабліва на фоне расейскай і кітайскай праграм вывучэньня Месяца і нават магчымай высадкі сваіх касманаўтаў.

Пэнс заявіў, што, згодна зь цяперашнімі ацэнкамі, амэрыканскія астранаўты павінны зноў ступіць на месяцовую паверхню ў 2028 годзе, аднак з улікам распрацовак падобных праграм у Расеі і Кітаі гэта нездавальняючыя для ЗША тэмпы.

Па словах Пэнса, Амэрыка зноў уступіла ў касьмічную гонку да Месяца, толькі на гэты раз супраць двух «праціўнікаў» — Расеі і Кітая. У канцы 1960-х гадоў СССР актыўна распрацоўваў плян высадкі чалавека на Месяц, але гэтая праграма была спыненая пасьля высадкі Ніла Армстронга і База Олдрына на Месяц 20 ліпеня 1969 году.

У сьнежні 2017 году прэзыдэнт Трамп апублікаваў дырэктыву аб касьмічнай палітыцы, якая зьмяшчае задачу вяртаньня астранаўтаў на Месяц. Аднак цяпер касьмічнае агенцтва ня мае канкрэтнага пляну. Пэнс падкрэсьліў, што НАСА мусіць паспрабаваць трапіць на Месяц любымі сродкамі, нават калі гэта азначае выкарыстаньне ракет і модуляў, пабудаваных прыватнымі кампаніямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG