Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можаш рабіць са мной усё, што захочаш». Эротыка ў беларускай літаратуры. 18+


П’ер-Агюст Ко, «Вясна» (1873)
П’ер-Агюст Ко, «Вясна» (1873)

Які ён, беларускі Эрас? Дый ці наогул жыве ў Беларусі бог Эрас? Бо ж некаторыя аўтарытэтна сьцьвярджалі яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, што ў беларускім патрыярхальным грамадзтве эротыкі як такой не было, а «ўначы людзі займаліся натуральным працягам роду чалавечага».

Як у нас з эротыкай цяпер, калі беларуская патрыярхальнасьць моцна адсунулася ўбок пад напорам усялякіх фэмінізмаў і фэмінітываў? Адказу пашукаем разам зь беларускімі пісьменьнікамі і пісьменьніцамі. Ніжэй у храналягічным парадку прыводзім дзевяць фрагмэнтаў зь беларускай літаратуры, у якіх аўтары пастараліся абазначыць сваё бачаньне эратычнай тэмы.

Іван Мележ, «Подых навальніцы» (1966)

Несумненная клясыка, так сказаць, першы подых эротыкі ў пасьляваеннай беларускай літаратуры. Усяго толькі подых, бо тое, што насамрэч дыхала эротыкай, схавалася ў салому. Ілюстрацыя: Уільям Холман Хант «Наёмны пастух» (1851).

«Васіль пачуў, што Ганна дрыжыць.

— Холадно?

— Аг-ге...

— Хадзем у гумно. Зацішней там.

— Ня трэба. Хутка дадому...

— Пакуль тoe.

Усё ж пайшла за Васілём. Паслухмяна праціснулася ў прачыненыя вароты. У гумне здалося цёпла — не хадзіў сьцюдзёны вецер. Але ток быў — як лёд.

— Тут салома ў застаронку, — ціха сказаў Васіль.

Салома падатліва асела пад імі, атуліла з бакоў.

Ганна ўкапала ў салому ногі, адразу стала ўтульней i цяплей. Пахла прэльлю са страхі, токам, сьвежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Угары, недзе пад страхой, ціўкнуў спрасонку верабей.

Васіль нязграбна, як бы першы раз у жыцьці, абняў Ганніны плечы.

Стаў лашчыць яе, туліць да сябе. Спачатку нясьмела, няўпэўнена, але чым далей, то сьмялей, гарачэй. Гэта быў ужо ня той сарамлівы, дзікаваты Васіль, але яна ня думала пра гэта. Ня тая была i яна. Ды што з таго: ім было так хораша. Яна не працівілася, сама тулілася да яго. Яна пацалавала яго, так, што ён як не задыхнуўся; i — тулілася, тулілася, дрыжучы ўся, як у ліхаманцы, ад агню, што поўніў яе, ад нецярплівасьці, ад прагі — быць бліжэй, бліжэй зь ім...

— Вася, мілы! Родны!.. Вася!..

Потым ляжалі ціхія, паспакайнелыя. Доўга не гаварылі. Раптам, з роспаччу, Ганна прызналася:

— Ня вытрываю я, Вася!..

Васіль, адчула, зірнуў — нібы не зразумеў.

— Я, можа... утаплюся...».

Вячаслаў Адамчык, «І скажа той, хто народзіцца» (1987)

Ня ведаю як вы, але я лічу гэтае месца адным з найпрыгажэйшых эратычных апісаньняў у беларускай літаратуры. Гэтая пара, Міця і Чэся, пакутавала цягам першага і другога тому тэтралёгіі Вячаслава Адамчыка пра Заходнюю Беларусь і нарэшце паклала канец сваім пакутам у трэцім томе. Ілюстрацыя: Густаў Клімт, «Пацалунак» (1908).

«Цяпер крышку смутная, адкінуўшыся сьпіною і схіліўшы на плячо голаў, яна стаяла каля сасны, нібы грэючыся рукамі аб тое даўняе цяпло.

Міця падышоў сарамяжліва, але зь бяспамятнай радасьцю, распасьцёршы рукі, абняў іх абедзьвюх — і сасну, шурпата-спакойную, зь мяккім густа-ласкавым шумам разгойданых галін над галавою, і яе, Чэсю, задуменна-прыгожую, зь немігаючым, утаропленым недзе ў сябе, бліскучым у шарасьці зімовай ночы позіркам.

І стаў з гарачынёю і пасьпешнасьцю цалаваць яе. Яна спачатку, стоена непадступная, маўчучы, закрыла вочы, а потым пачала цягнуцца да яго сваімі вуснамі. І ён ужо, ашалелы ад яе блізкасьці, гарачыні дыханьня, бліжай і бліжай, вар’яцеючы, гарнуў яе да сябе.

— Міця, што ты робіш са мною?!

— Я люблю цябе...

— Ты як дзіця. Гэта ж зіма.

— Чэся, любая.

— Божа, мілы... Гэта ж відаць нас...

І ён учуў, як яна сама, нібы падказваючы, памагаючы яму, цясьней гарнулася да яго.

— Ой, божа... божа...

І яе рукі самі лавілі і гарнулі яго.

— Ой, — і ён учуў яе пакутны, глыбока здушаны енк.

Ён ня знаў, што гэта быў енк радасьці і шчасьця. Як і яго даўняй, выпакутаванай, салодкай радасьці».

Адам Глобус, «Толькі не гавары маёй маме...» (1995)

А вось і Адамчык малодшы. Канкрэтная, так бы мовіць, эротыка, ці лепш сказаць, канкрэтны сэкс. Напісалася ня горай, чым бацьку. Ілюстрацыя: Уільям Эты «Купальніца» (1843).

«Прыўзняўшыся на локцi, я строс з сябе пясок, тонкi i залацiсты, ён сыпаўся наўзьдзiў хутка i лёгка. І мы накiравалiся ў сасоньнiк. Мы спынялiся праз кожны крок, пацалункi рабiлiся даўжэйшыя, больш прагныя i ненасычальныя. Мы апынулiся на паляне з высокай, у мяккiя хвалi, травою. На Агi ўжо не было белай баваўнянай майкi. Я нахiлiўся да смуглявых грудзей з доўгiмi смочкамi, падобнымi да смажаных зярнятаў кавы. У непрытомнасьцi я ўкусiў самы кончык аднаго зерня, i востры сталёвы стрыжань працяў мой торс. Нам балюча! I яшчэ нешта незразумелае! Няўжо ня ясна — не разумею я па-вянгерску? Чакай, нязручна. Не сьпяшайся рабiць тое, што ня робiцца сьпехам. Яна адхiнулася i перакруцiла спаднiцу так, каб замок i зашчапкi апынулiся сьпераду. Берагi металёвага замка разьбягалiся хутка, як хвалi за падводнакрылым катэрам. Тонкiя, зусiм не сялянскiя пальцы падхапiлi прыпол i ўскiнулi вышэй галавы. У Агi быў крыху выпуклы жывот з глыбокай ракаўкай пупка.

У маёй першай жанчыны, Жанны, пуп тырчаў.

На Агi засталiся адно карункавыя майткi. Яна села на траву, адкiнулася на сьпiну i, прыўзьняўшы клубы i сьцёгны, скiнула зь цела астатнюю рэч. А мне ўжо не было чаго скiдаць. Я накрыў яе цела сваiм — сухiм, гладкiм, вымытым вадою зь пяском.

Я хваляваўся: а можа, не атрымаецца, асарамачуся. У мяне была толькi адна жанчына — Жанна, у якой быў толькi адзiн мужчына — я. Мой досьвед не назавеш багатым.

У Агi пад жыватом былi чорныя i шаўковыя валасы. Мяне ўразiла шаўкавiстая мяккасьць i яшчэ колькасьць вiльгацi, якой сьцякала мадзярка. Каб пад намi была прасьцiна, а не трава, мы б апынулiся ў лужыне. Жанчыны мяне папракаюць за дзьве рэчы — пасьпешлiвасьць i напорыстасьць. А я не лiчу, што трэба стрымлiвацца, асаблiва ў першы, хай ён i апошнi, раз. Зрабiлася добра, цёпла, я паплыў. Яшчэ! Яшчэ! Яшчэ!.. Агi крычала на ўвесь лес, на ўвесь пляж, на ўвесь Фiнскi залiў. Мая каханая лямантавала, а я ня чуў. І яна ня чула сябе. Мы адчувалi. А калi ператомленыя ляжалi на сьпiнах, аднекуль зь непрыемнай рэальнасьцi прыплыў расчараваны голас... Я думаў, тут некага зарэзалi, у некага жыцьцё забралi, а тут яго толькi робяць. У мяне неставала сiлы сказаць голасу, каб iшоў прэч. Язык мой высах i не паварочваўся. Я быў самотны абязводжаны труп».

Генрых Далідовіч, «Жар каханьня» (1996)

Вышэй беларус быў з вугоркай, а ніжэй — беларус зь немкай. Ілюстрацыя: Гюстаў Курбэ «Жанчына з папугай» (1866).


«Эльза нейкі міг пабыла яшчэ наструненая, а пасьля расслабілася i дала яму вусны. Яны былі сухаватыя пасьля нядаўняга купаньня, але згодна раскрытыя i цёплыя — вусны той, хто хоча пацалунку. Як адчулася, у ix абаіх вось па-трапяткому забіліся сэрцы, а па целе пабегла ўспламяняльная цеплыня.

— Беларусішэн Мелехав... — пасьля доўгага пацалунку прашаптала яна, абтуліла яго шчокі далоньмі i пацалавала сама. Лёгка, узбуджаючы кончыкам языка, ужо аддана, як ягоная.

Падахвочаны, ён уладна разьвязаў пояс на яе халаце, расхінуў яго i адразу ж ледзь не захліпнуўся ад упершыню ўбачанага так блізка жаночага хараства. Жонка была бедная на цела, амаль ніколі не заставалася нават перад ім бяз станіка ці начной кашулі, а вось тут ён убачыў гладзенькую высакаватую шыю, кранутую лёгкім загарам, буйнаватыя, акругленыя i ўзьнятыя грудзі з вабнымі смочкамі, падцягнуты прыгожы жывот з прыгожым пупком i паўнаватыя вабныя сьцёгны маладой i дужай жанчыны. Ён прыпаў да яе грудзей — яна аж выгнулася ці то ад нечаканасьці, ці то ад прыемнага козыту, a грудзі яе пачалі адчувальна страмчэць.

— Сэргэй! — мляўка прашаптала.

— Эльза! — радасна i захоплена адказаў шэптам ён, п’янка хмялеючы ад арамату яе маладога i нядаўна аблашчанага вадой i пахкім мылам цела.

Яны зноў заціхлі ў моцным пацалунку; яна аддана закінула яму за шыю рукі i, адчуўшы, як абуджаецца, імкнецца да яе ягоная плоць, ужо сама, нават парыўна прыціснулася адкрытым станам, а пасьля паслухмяна, не здымаючы з шыі рук, падалася зь ім да ложка. Лежачы на ім, прагна адказвала на ненасытны пацалунак, здаецца, з заміраньнем адчувала, як ён пяшчотна гладзіць яе набухлыя ўжо грудзі, мяккі, нібы аксамітны, але i ў той жа час тугі жывот, шорсткую мясьцінку пад ім, ахвотна разамкнутыя i прызыўныя сьцёгны, а таксама i самае адчувальнае на целе.

Упершыню вось так маючы доступ да такога вабнага i падатнага цела, ня могучы стрымаць хваляваньня i ўзьюранай страсьці, Сяргей спачатку далікатна авалодаў Эльзаю i, адчуваючы, што ўпершыню ягоная плоць знайшла тое, чаго жадала, пасьля з імпэтам i ўсё большаю прагаю да ўсё большага пазнаньня i адчуваньня даў сабе волю. Яна з ахвотаю, з радасьцю дала яму ва ўладу сваё цела, здаецца, з радасьцю пазнавала яго, ціхенька захаплялася, а пасьля, калі ён на ўсю моц прыпаў i затрымцеў, застагнаў, знаходзячы месца свайму твару на яе ўзгарачаных ім грудзях, да болі сьціснула яго за шыю i чуйна слухала трапяткою плоцьцю біцьцё ягонай глыбока зьяднанай зь ёю плоці...»

Уладзімер Арлоў «Каханак яе вялікасьці» (1998)

А тут вось ненасытны ліцьвін зь ненасытнай немкай, да таго — царыцай. Ілюстрацыя: Жан-Анарэ Фраганар «Засаўка» (1777).

«Ёй не ўдалося падпарадкаваць гэтага ведзьмара свайму рытму i змусіць яго перажыць зьліцьцё з абсалютам уадначас зь ёю. Полацкі паляўнічы не наталіўся, ім кіравала ранейшая неўтаймоўная жарсьць, i ён не адпусьціў яе ў жаданую ціхую гавань. Ён толькі напачатку дазволіў ёй, імпэратрыцы, аддацца той хвалі, а ў астатняе імгненьне ўтрымаў i зрабіў сваёй пахолкаю, хутка вяртаючы жаданьне ёй самой.

Гэты ліцьвін прымусіў яе сьпярша легчы на стол, потым укленчыць на падлозе i зноў падняцца. Ягоныя рукі, вусны, язык упэўнена i бессаромна блукалі па ўсім яе целе; досыць было апусьціць павекі, каб здалося, што яна маркітуецца зь некалькімі мужчынамі адначасова. Ён абуджаў пакрыёмую, таемную Прагу, што дрэмле ў сутарэньнях сьвядомасьці кожнае жанчыны i можа так ніколі i ня вырвацца зь вязьніцы (...).

Ён абыходзіўся зь ёю ўсё больш бесцырымонна, але ад гэтага жаданьне ставала адно вастрэйшым, завалодваючы ёю ад карэньчыкаў валасоў да пазногцяў. Ён рабіў ёй балюча, ды боль не выклікаў пратэсту, a ўпырскваў у вены новую порцыю таго хмелю, які яна ставіла непараўнальна вышэй за любы іншы напой.

Яна, імпэратрыца, паслухмяна i ўдзячна выконвала ўсе ягоныя прамоўленыя i непрамоўленыя загады. Мужчына загадваў, i яна цалавала цьвёрдыя гаркавыя смочкі яго налітых жалезнай сілаю грудзей. Мужчына загадваў, i яна кусала i грызла ix, чуючы, як ён распальваецца яшчэ болей. Мужчына загадваў, i яна паварочвалася тварам да начной ракі i клала локці на падваконьне...

Яна зноў i зноў стагнала ад асалоды, а потым... потым ён змусіў яе зрабіць тое, што ўжо шмат гадоў яна рабіла адно тады, калі хацела сама... Толькі тады яна, выснажаная, як загнаная аленіха, здолела вызваліцца i самнамбулічна дабрысьці да ложка. Але ў ім, у полацкім паляўнічым, выкіпела ня ўся жарсьць, i ён здагнаў яе, імпэратрыцу, i яшчэ раз паслаў ёй хвалю, што аглушае i зьбівае з ног...

Нарэшце i ён выцягнуўся побач — як зьвер, што адарваўся ад пагоні i цяпер мае права перавесьці дыханьне i наталіць смагу зь цёмнай лясной рачулкі».

Уладзімер Някляеў, «Лабух» (2003)

Страшна такое чытаць, але напісана яно ўсё ж таленавіта. Ілюстрацыя: Пітэр Паўль Рубэнс «Анжэліка і пустэльнік» (1628).

«О, Рубэнс!

Ва ўвесь дзьвярны праём перада мной паўстала жыватастая, з выкачанымі на жывот і плазам кінутымі на яго жорнамі грудзей, ва ўсе бакі абвіслая мясам, неабдымная, бела-блакітная ў сеціве ружовых прожылкаў, грандыёзная, з галавы да ног голая і з ног да галавы страшлівая баба. Я ўбачыў менавіта бабу, а не жанчыну, бо толькі з грудзей яе можна было б зьляпіць дзьвюх зусім не хударлявых кабецін, і страшлівую не таму, што непрыгожую, я наогул ня ведаю, што такое непрыгожая жанчына, а страшлівую праз адкрытую, бессаромную дэманстрацыю прыроднай сілы і жывёльных інстынктаў, якія, шукаючы выйсьця, блукаюць у кожным з нас, але ўсе мы хто больш, хто менш навучыліся іх прыхоўваць, як вымагаюць гэтага прыдуманыя намі самімі ўмоўнасьці, выхаваньне, правілы цывілізаванай гульні самцоў і самак, якія надумалі, нібы ўзвысіліся над інстынктамі і прыродай — дзікай, першабытнай. (...)

«І-го-го!.. » — заіржала яна... Не, мне не падалося... Павярнуўшыся і перакінуўшы за сьпіну рыжую плынь касы, што хвастом заматлялася паміж яе неабсяжнымі клубамі і вежамі ног, яна, прамінуўшы ложак, пратупала да стала каля вакна, упёрлася ў край стала рукамі, нахілілася, расстаўляючыся і выгінаючыся так, што жывот яе амаль крануўся падлогі, зірнула на мяне з-пад пахі — і па чарзе пачала адводзіць у бакі і назад, падымаць і апускаць ногі: «І-го-го!.. І-га-га!.. І-го-го!..» (...)

Як праваліўшыся ў яе, я ніяк сябе ў ёй не адчуваў, не кранаўся ў гэтай бездані нічога, апроч мокрай, хліпкай пустаты. Хваля нястрымнага юру, што ўзнялася, падхапіла і захліснула мяне, не знаходзіла ніякай бухты, ніякіх берагоў, на якія б магла выкаціцца і, скалануўшыся, разьбіцца ў пырскі, разьліцца ў бухце ва ўсіх яе ўтульных гротах і пячорках, па ўсіх яе мяккіх перашыячках і мысках. Ні гротаў зь пячоркамі, ні перашыйкаў з мысочкамі ў хліпкай і мокрай пустаце ці не было, ці яны былі недасягальнымі, і тлустая лянівая кабыла, выставіўшы разьвесісты азадак, ні ў чым болей не старалася, ніяк не дапамагала, каб хваля выкацілася з мяне хоць бы ў бочку яе жывата, адвіслага да падлогі... (...)

Я цягнуў яе за валасы ці не з усёй сілы, гэта была ў нашай злучцы адзіная любоўная дзея, што дадавала мне пажадлівасьці, і яна гэта адчувала, сілы маёй хацела — і закідвала, як магла, галаву і трывала, колькі магла... Урэшце, ня вытрываўшы, яна матлянула галавою ўбок і ўніз, пасунулася грудзямі і жыватом, ўсёй глыбаю ўперад, пакідаючы ў руках маіх пасмы выдраных валасоў, падламілася ў локцях і абвалілася на стол, які, на шчасьце, быў ня з новых, зьлепленых з габлюшак, сталоў, а даўні, змайстраваны з дубовых плашак, таму скалануўся, але ўстаяў. І толькі калі расплыўся на стале, распластаўся і падціснуўся да лона яе жывот, пустата ў ёй трохі падвузілася, падшчымілася — і я нечага крануўся ў ёй і нешта адчуў. Нічога такога: ні ўтульных пячорак, ні мяккіх мыскоў, але хоць нейкая бухта, хоць далёкія берагі, хоць размыты перашыяк, аб які я біўся і біўся, цёрся і цёрся, коўзаўся на ім і коўзаўся, намагаючыся выціснуць, выкінуць з сябе юрлівую хвалю — і яна пайшла, пайшла аднекуль з-пад дыху майго ў пах, дзе ў апошні раз узьнялася, натужылася, набухла, ледзь не расьпіраючы мяне, і, знайшоўшы выйсьце, прасторна лінулася, плёхнулася ў пустату за перашыяк...

Я высьлізнуў з пустаты і выцер яе мядузную, саплівую, кісла-смуродную макрату рыжым кабыліным хвастом».​

Марта Піньска, «Беларуска» (2004)

А вось вам і беларускі hard core. Хаця пашпарты тут не беларускія — полька з амэрыканцам. Ілюстрацыя: Анры Жэрвэ «Раля» (1878).

«Уваходжу ў дом, дзе Марк шчыруе на кухні. Ён цалуе мяне, лёгенька кранае за азадак і даверліва пагладжвае, знуджаны па маім целе. П’ем гарбату. Пасьля ў ваннай аддаёмся сваім пажадам. Ён ліжа мяне і лашчыць, поўны адданай палкасьці. Я нахіляюся над краем ванны і бяру яго жылісты чэлес глыбока ў рот. Пасьля ён моцна выгінаецца назад, абапіраючыся рукамі на другі край ванны і сьцяну. Краем вока бачу ў люстры асалоду на ягоным твары. Мне хочацца па-малому. Марк прапануе мне, каб я змачыла яму твар і галаву. Я ўстаю над ім, і бледнажоўты струмень залівае яму лоб, валасы, заплюшчаныя вочы і зьлёгку растуленыя вусны. Калі я канчаю, ён падымаецца і языком казыча маё ўзбуджанае, набрынялае і мокрае лона. Я пускаю ваду з душа, і тады ён моцным струмянём жоўтай мачы апырсквае мне лона. Расхіляю пальцамі сорам і адчуваю прыемныя дрыжыкі, калі неаслабны напор яго мачы дражніць клітар. Спрабую ўвесьці яго чэлес, але струмень перапыняецца. Моцна цалуемся, крыху тэатральна, драматычна, нібы гэта працягвалася размова пра перажытыя за дзень здарэньні і спатканьні, быццам мы рэпэтыравалі пасьля спэктаклю ўсе сцэны, жэсты і словы якія прайшлі праз нас на працягу апошняга дзясятка хвілін.

Мыемся. Ён старанна намыльвае маё цела і спалосквае, адначасова павольна абмацваючы другою рукою кожны сантымэтар маёй скуры. Мые валасы і, калі я, схіленая з галавой пад струмянём вады, змываю ўсю пену, ён уваходзіць у мяне ззаду і асьцярожна папіхвае маё цела так, што раскалыханыя грудзі канцамі саскоў лашчаць кран і халодны край ванны.

Абое ўпадаем у хвілю манатоннага спазму, які набліжае нас да вяршыні асалоды. Паварочваючыся, бяру яго чэлес і кончыкам языка даводжу яго да эякуляцыі. Першы моцны ўдар спэрмы прымаю ў вусны. Пасьля рэзка вымаю, і чарговыя кроплі белай плязмы ападаюць мне на губы, нос, лоб і валасы. Тулю яго мужчынскасьць да твару, нібы хочучы прыхіліцца да нутра асалоды і ўвайсьці ў рытм спаду ўзбуджэньня».

Альгерд Бахарэвіч, «Сарока на шыбеніцы» (2009)

Вераніка пакідала за сабой жывёльныя сьляды ды пахі.... Ілюстрацыя: Уладзіслаў Падкавіньскі «Шал» (1894).

«Урэшце яны сутыкнуліся й схапілі адно аднаго за руку, і так і не прамовіўшы ані слова імкліва пайшлі ў бліжэйшы двор. Дагэтуль яны прабавілі разам гадзіну, некалькі такіх далёкіх і чужых гадоў таму, але яна добра памятала, і дзівілася, што так добра памятае: яго завуць Андрэй, і гэта ён сам сказаў ёй, а прозьвішча Цьвях, так, Цьвях, гэта яна пачула ад Лёнькавых сябрукоў, як добра, што яна гэта памятае, як добра, як добра, білася ў галаве Веранікі бязглуздая, бескарысная думка, калі Цьвях вёў яе да цёмнага пад’езду, схаванага ў густых кудлатых каштанах, пакорлівую, маўклівую, яна патанала ў самой сабе, пакідала за сабой жывёльныя сьляды ды пахі. Яна не супраціўлялася, наадварот — гэта ён, захоўваючы рэшткі разважлівасьці, сілай прымушаў яе ісьці марудней, каб хаця б трохі заставацца ў межах прыстойнасьці, але яе проста цягнула да цёмнае шчыліны ў пазбаўленых начыньня жалезных дзьвярах, яна ляцела туды, як пчала, ад яе ішлі па амаль пустым двары такія мядовыя флюіды, што нават сабакі, якія мірна спалі ў цені сапсаванага фантану, паднялі галовы ды пацягнулі насамі...

Дзьверы рыпнулі, Цьвях пацягнуў яе па прыступках, але яна сама ўзьляцела ўверх і нецярпліва, ледзь ня плачучы схапіла яго за рукі: шпарчэй, шпарчэй... Надоўга іх не хапіла, яны нават не дабраліся да апошняга паверху, і там, на пляцоўцы між чацьвертым і трэцім, яна ўспырхнула на падваконьне, адначасова задзіраючы сукенку да самае шыі, і ногі яе закалацілі па халоднай батарэі, і валасы з сухім, пясочным гукам ціха заезьдзілі па шкле, і далоні леглі на калені, а пазногці ўпіліся, і потым нібы спалохаўшыся адхіснуліся, і потым леглі зноў, намаляваўшы на іхнай загарэлай шурпатай скуры прагныя «і», што патрабавалі зараз жа расставіць усе кропкі. Ягоныя рукі апынуліся пад Веранікай, і ўзважылі яе, і сьціснулі мацней, баючыся згубіць, і цела здрыганулася й рушыла, набіраючы ход, і адсалютавала пад’езднаму рэху доўгім пераможным гудком... Рэйкі былі змазаныя як мае быць, і неўзабаве яны ўжо пакаціліся з узгорку, які апынуўся такім Эвэрэстам, што на нейкі момант Вераніка асьлепла ад сьлёзаў, і потым яго скаланула, і ён ударыў па вакне, і, задыхаючыся, выкінуў вонкі непатрэбную галаву, і Вераніка ў апошні момант здолела ўхапіцца за шыбу: там, у двары, якраз пачыналася навальніца».

Наста Манцэвіч, «Птушкі» (2012)

Рэдкія птушкі ў беларускай літаратуры — лесьбіянкі. Ілюстрацыя: Гюстаў Курбэ «Сон» (1866).

«А тут яна глядзіць на мяне сур’ёзна і кажа:

— Можаш рабіць са мной усё, што захочаш.

Што захачу.

Я б хацела цяпер узяць яе сваімі крэпкімі рукамі прыцягнуць да сябе упіцца моцна ў вусны цалаваць паваліць на падлогу апантана расшпільваць на ёй яе блюзку адной рукой другой сьцягваць джынсы залазіць у вільготныя майткі зрываць іх нарэшце цалаваць адну грудзь другую, а пальцамі ўжо вывучаць яе ўнутры потым двума трыма хутчэй яшчэ хутчэй глыбей у скронях грыміць так гучна барабанныя перапонкі вось-вось лопнуць тум тумтум хтосьці лупіць па іх не шкадуючы цалаваць яе ўсю пакідаць на скуры свае сьляды спаўзаць усё ніжэй і ніжэй гарачым языком пранікаць унутр засоўваць яго глыбока так як толькі магчыма адчуваць як пульсуе кроў ва ўлоньні удыхаць ейны пах губляць прытомнасьць прыходзіць у сябе і пачынаць усё наноў. Бязь сьведак.

— Можаш рабіць са мной усё, што захочаш.

Яна зьдзекуецца зь мяне.

— Не магу, — адказваю я. І мы едзем да яе на таксоўцы».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG