Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце пашкоджаньня мэмарыяльных аб’ектаў ва ўрочышчы Курапаты. Пра гэта ведамства паведаміла ў афіцыйным Telegram-канале.
«У межах крымінальнай справы прызначаны шэраг экспэртыз, вытворчасьць якіх даручаная экспэртам УГКСЭ па Менскай вобласьці. Комплекс сьледчых і працэсуальных дзеяньняў, накіраваных на ўстанаўленьне фактычных абставінаў здарэньня, працягваецца», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Крымінальная справа заведзеная паводле ч. 1 арт. 344 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
23 сакавіка актывісты выявілі, што невядомыя намалявалі фарбай «зоркі Давіда» і антысэміцкія надпісы на афіцыйным памятным знаку і помніку габрэйскім ахвярам НКВД ва ўрочышчы Курапаты. Актывісты зьвярнуліся ў міліцыю. Пазьней росьпіс такой жа сіняй фарбай быў выяўлены і з другога боку ўрочышча, на камяні з крыжом.
Пазьней кроплі фарбы падобнага колеру абаронцы Курапатаў пабачылі каля ўваходу на тэрыторыю рэстарацыі «Поедем поедим». Сьледчыя, якія прыяжджалі на месца здарэньня, узялі фарбу на аналіз.
20 сакавіка ў Курапатах невядомыя павалілі адразу 14 крыжоў. Двойчы ад пачатку году быў пашкоджаны мэмарыяльны знак ад прэзыдэнта ЗША «лава Клінтана».