Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя выкрыла яшчэ 15 дамоўленых матчаў у футболе, 29 — пад падазрэньнем


Ілюстрацыйнае фота. Трэніроўка зборнай Беларусі па футболе, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Трэніроўка зборнай Беларусі па футболе, 2016 год

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС працягваюць выяўляць факты арганізацыі дамоўленых матчаў у гульнявых відах спорту.

Як паведамілі ў эфіры тэлеканалу АНТ 24 сакавіка, даказана 15 дамоўленых афіцыйных матчаў і яшчэ 29 знаходзяцца пад падазрэньнем. Да ўдзелу ў дамоўленых матчах сэзону 2017-2018 гадоў мелі дачыненьне клюбы найвышэйшай, першай і нават другой лігі, адзначыў начальнік трэцяга ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бедункевіч.

«У нас ёсьць прыклады, калі да 10 футбалістаў у адным матчы былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні патрэбнага выніку», — сказаў ён.

Міліцыя не ўпершыню выкрывае дамоўленыя матчы ў беларускім футболе. У студзені 2019 году ў Магілёве і Менску «з доказамі злачынства» затрымалі ўдзельнікаў міжнароднай групы, якія займаліся «дамоўленымі» матчамі.

У лютым 2018 году камітэт кантрольна-дысцыплінарны і этычных пытаньняў Беларускай фэдэрацыі футболу пажыцьцёва дыскваліфікаваў 11 гульцоў і аднаго трэнэра за арганізацыю і ўдзел у дамоўленых матчах, яшчэ некалькі чалавек былі дыскваліфікаваныя на 2 гады.

Першы ў гісторыі Беларусі прысуд за матчы паводле дамоўленасьці — штрафы і да трох гадоў «хіміі» — быў вынесены ў кастрычніку 2017 году. Тады за ўдзел у дамоўленых матчаў былі асуджаныя 15 чалавек — былыя і дзейныя футбалісты, трэнэры (футбольныя клюбы «Граніт», «Іслач», «Ашмяны», «Прамень»).

Паводле сьледзтва, велічыня ставак на дамоўленыя матчы беларускага футболу ў букмэйкерскіх канторах Эўропы і Азіі вымяралася сумамі ад 1 да 4 тысяч у першай лізе і да 18 тысяч у найвышэйшай лізе альбо ў Кубку Беларусі. Даход ад такіх ставак мог быць значна большым, меркавала сьледзтва. Паводле матэрыялаў справы, арганізатары беларускіх матчаў атрымлівалі да некалькіх тысяч даляраў за гульню, шараговым футбалістам плацілі па некалькі соцень даляраў. Часам дамовы зрываліся, сьведчылі футбалісты ў судзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG