Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму слабы беларускі футбольны чэмпіянат зацікавіў міжнародную злачыннасьць?


Трэніроўка зборнай Беларусі па футболе. Ілюстрацыйнае фота
Трэніроўка зборнай Беларусі па футболе. Ілюстрацыйнае фота

Якія ўрокі скандалу з дамоўленымі матчамі ў беларускім футболе?

Карней: Беспрэцэдэнтны скандал у беларускім футболе: судзьдзі, трэнэры і гульцы аказаліся ўдзельнікамі міжнароднай злачыннай сеткі, якая адмывае грошы праз букмэкерскія стаўкі на выніках дамоўленых матчаў. Што рухае людзьмі, якія гатовыя паставіць крыж на ўласнай кар’еры?


Сэнсацыйнай стала прэс-канфэрэнцыя Віталя Жукоўскага, галоўнага трэнэра каманды «Іслач», якая ў чэмпіянаце краіны прадстаўляе Менскую вобласьць. Пасьля выкліку ў міліцыю, дзе яго дапытвалі па факце дамоўленага матчу супраць берасьцейскага «Дынама» з удзелам ягоных выхаванцаў, Жукоўскі разьюшыўся і, насуперак чаканьням, ня стаў выгароджваць калегаў.

Як вынікае зь ягоных гутарак з апэратыўнікамі, да подкупу з мэтай атрыманьня патрэбнага выніку маюць дачыненьне цяперашнія і былыя гульцы клюбу: Цішкевіч, Лебедзеў, Парываеў, Будакоў і Алумона — дарэчы, бразыльскі легіянэр у свой час выступаў у эўракубках за БАТЭ. Але галоўнай нечаканасьцю і для настаўніка «Іслачы», і для заўзятараў было ўбачыць у гэтым сьпісе легенду беларускага футболу сярэдзіны 1990-х, другога трэнэра каманды Ўладзімера Макоўскага.

Па словах Макоўскага, у «нулявыя» футбалісты прызвычаіліся да вялікіх грошай

На наступны дзень Уладзімер Макоўскі (а ў сыстэме «Іслачы» працуе ягоны ня меней уганараваны, але не «замазаны» брат-блізьнюк Міхаіл) у размове з журналістамі спрабаваў апраўдацца: маўляў, калі падключыўся да працэсу, не пра сябе думаў, пра хлопцаў. Якія ж ягоныя аргумэнты?

Па словах Макоўскага, у «нулявыя» футбалісты прызвычаіліся да вялікіх грошай. Аказваецца, тады ня так лёгка было знайсьці ахвотных гуляць нават за заробак у 5 тысяч даляраў. «Тлустыя часы» паступова мінулі, а звычка жыць на шырокую нагу засталася. Калі верыць Макоўскаму, яго зьбілі з панталыку якраз гульцы: маўляў, давай «нарубім капусты». І ўзьнікла жаданьне дапамагчы...

Што з гэтага вынікае? Пакуль большая частка беларусаў ледзь зводзіць канцы з канцамі, футбалісты прагнуць раскошы. Амаральна? Напэўна. Асабліва з улікам іх аб’ектыўна сьціплага месца ва ўсясьветным футболе. Сам Макоўскі прызнаўся, што дамоўленыя матчы тычацца перадусім Першай лігі, адкуль сёлета ў вышэйшы дывізіён і прыйшла «Іслач».

Сапраўдны размах футбольнага закулісься яшчэ невядомы. Ад пачатку чэрвеня пад вартай судзьдзя Андрэй Жукаў, які абвінавачваецца ў атрыманьні хабару за патрэбныя вынікі матчаў. Па сутнасьці, чалавек, які ўзначальваў судзейскі арбітраж футбольнай фэдэрацыі, сам жа і курыраваў, і прыкрываў злоўжываньні. Па аналягічным артыкуле былі затрыманыя ягоны калега Андрэй Сарока, а таксама шэраг трэнэраў і гульцоў камандаў «Смаргонь» і «Ашмяны».

Сапраўдны размах футбольнага закулісься яшчэ невядомы

Паводле інфармацыі МУС, усе яны замешаныя ў дзейнасьці крымінальных структур Расеі, Украіны і Беларусі, якія ўкладаюць грошы ў арганізацыю дамоўленых матчаў, каб потым зарабляць на іх праз букмэкерскія канторы. Існуе вялікая імавернасьць, што з прычыны прагавітасьці асобных «дзялкоў» «Іслач» апусьціцца туды, адкуль так трыюмфальна ўзьнялася на паверхню. І яшчэ добра, калі гэта будзе Першая ліга, а не Другая. Аналягічныя санкцыі пагражаюць і астатнім камандам, якія зблыталі гульню і сумнеўны спосаб заробку.

Прынамсі, як заявіў першы намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян, згаданыя клюбы чакаюць усе меры, прадугледжаныя дысцыплінарным кодэксам — аж да паніжэньня ў рангу спаборніцтваў. Гэта ня кажучы пра пажыцьцёвае кляймо, якое паставілі на сабе ўдзельнікі крымінальнай авантуры.

Глод: Пачну з таго, што гэта далёка не беларуская праблема. Так званыя «дагаварнякі», або дамоўленыя матчы, сустракаюцца па ўсім сьвеце. І гэта тлумачыцца проста. У любой краіне заўжды ёсьць людзі, якія хочуць лёгка зарабіць вялікія грошы. А футбол — гэта тая індустрыя, дзе круцяцца вельмі буйныя сумы. Проста ў адной краіне лік ідзе на мільёны даляраў, у другой — на сотні тысяч, у трэцяй — на дзясяткі тысяч.

Футбол — гэта бізнэс і велізарныя грошы. А гэта азначае, што там апрыёры ня ўсё па-шчыраму. І для гэтага не абавязкова дамаўляцца гульцам, трэнэрам ці судзьдзям. Ёсьць, напрыклад, і такі варыянт, як загад высокага начальніка. Згадваю чэмпіянаты Савецкага Саюзу, калі кіеўскае «Дынама» «рубілася» з маскоўскімі клюбамі. Тыя, хто меў дачыненьне да футболу, ведалі пра загад першага сакратар ЦК кампартыі Ўкраіны Ўладзімера Шчарбіцкага, які быў велізарным фанатам кіеўскага «Дынама». Дык, вось, тады была такая сыстэма — любы ўкраінскі клюб мусіў прайграваць дынамаўцам у Кіеве, а ў сябе дома, напрыклад, у Данецку ці Луганску, гуляць унічыю. Так кіеўскія футбалісты мелі гарантаваныя тры ачкі з чатырох. А колькі было выпадкаў напрыканцы сэзону, калі адна каманда «зьлівала» матч другой, бо адной з камандаў перамога патрэбная была да зарэзу, а другая свае турнірныя задачы ўжо выканала.

Футбол — гэта бізнэс і велізарныя грошы. А гэта азначае, што там апрыёры ня ўсё па-шчыраму

Але тады ва ўсіх гэтых і падобных схемах круціліся невялікія па цяперашніх мерках грошы. Цяпер жа спакуса ўзрастае і ад абсалютных лічбаў, а ў Беларусі яшчэ і ад таго, што ровень жыцьця істотна зьніжаецца. А той, хто ўжо прызвычаіўся да больш-менш багатага жыцьця, шукае магчымасьці не зваліцца ў бездань. Таму ўсе гэтыя падзеі, пра якія падрабязна распавядаў Ігар Карней, мяне не зьдзіўляюць.

Карбалевіч: У сусьветным футболе пытаньне з дамоўленымі матчамі — праблема старая, балючая. У шмат якіх краінах, дзе футбол як нацыянальная рэлігія, былі гучныя скандалы. Возьмем хоць бы Італію, дзе нават цэлую топ-каманду сусьветнага ўзроўню — «Ювэнтус» — пакаралі за дамоўленыя матчы пераводам у ніжэйшую лігу.

На постсавецкай прасторы дамоўленыя матчы ладзіліся найперш дзеля таго, каб некаторыя каманды занялі лепшую пазыцыю ў турніры. Але калі зьявіўся новы чыньнік — футбольны таталізатар, букмэкерскія канторы — дамоўленыя матчы набылі іншы зьмест. На гэтым аказалася можна зарабіць вялікія грошы.

Гэтыя матчы ў Беларусі амаль нікому не цікавыя. А чаму яны зацікавілі ўкраінцаў, увогуле дзіўна і экзатычна

Тут узьнікае адно цікавае пытаньне. Беларускі футбольны чэмпіянат даволі слабы. Чаму ён зацікавіў міжнародную злачыннасьць, зьвязаную з таталізатарам, з букмэкерскімі канторамі? Ну, «Іслач», «Дынама-Брэст» — гэта хоць вышэйшая ліга. Але вось калі чытаю, што на таталізатар выстаўленыя матчы першай лігі паміж камандамі «Ашмяны», «Смаргонь», прычым падкуплялі іх грамадзяне Ўкраіны, то ўвогуле дзіўна. Гэтыя матчы ў Беларусі амаль нікому не цікавыя. А чаму яны зацікавілі ўкраінцаў, увогуле дзіўна і экзатычна.

Але факт, што гэтая бяда прыйшла і ў Беларусь. Хоча краіна ці не, але яна ўключаная ў глябальныя працэсы, як добрыя, так і дрэнныя. Тут, мусіць, уплывае такі чыньнік, як беднасьць. Усе беларускія футбольныя клюбы, за выключэньнем БАТЭ, маюць фінансавыя праблемы. У некаторых камандах існуе запазычанасьць па заробках. Вось людзі і шукаюць спосабаў зарабіць, хоць бы і незаконных. Што, зразумела, іх не апраўдвае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG