Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я проста зьдзекуюся з паперы, альбо Каменныя прыступкі беларускага антыраману


Зьміцер Вішнёў

Зьміцер Вішнёў. Калі прыгледзецца — Марс сіні: Антыраман. — Менск: Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018

Антыраман — панятак ня новы. Упершыню яго выкарыстаў яшчэ ў 1633 г. францускі пісьменьнік Шарль Сарэль у якасьці падназвы свайго парадыйнага твору «Экстравагантны Бэргер». А ўжо ў ХХ ст. дзякуючы Жану Полю Сартру тэрмін «антыраман» вярнуўся ў літаратурны ўжытак, найперш — для характарыстыкі некаторых узораў мадэрнісцкай прозы, пераважна францускай. Антыраманы ёсьць і ў партугальца Фэрнанду Пэсоа («Кніга неспакою»), і ў францускага аргентынца Хуліё Картасара («Гульня ў клясыкі», «62. Мадэль для зборкі»), і ў амэрыканскага расейца Ўладзімера Набокава («Цьмяны агонь»), і ў іншага расейца, гулагаўскага вязьня Варлама Шаламава («Вішара»)… А цяпер вось твор, пазначаны аўтарам як антыраман, выйшаў і ў беларускага пісьменьніка Зьмітра Вішнёва.

Раман ні пра што

Напэўна, аўтар меў поўнае права назваць так свой твор. Здаецца, у ім ёсьць тое, што мусіць быць уласьцівае антыраману — настолькі, наколькі тут можна казаць пра пэўны канон: адмова ад клясычных элемэнтаў раману, парушэньні храналягічнай пасьлядоўнасьці, шматлікія адступленьні (настолькі шматлікія, што цяжка сказаць, дзе тут адступленьні, а дзе ўласна асноўны тэкст), экспэрымэнты з мовай, граматыкай, пунктуацыяй. А таксама абгульваньне камунікацыйных адносінаў «аўтар — тэкст — чытач», якое ў З. Вішнёва часам выглядае даволі зьдзекліва. Ужо зь першых старонак апавядальнік прамаўляе:

Я мяркую, што гэта ўсё чухня

«Хто мы? Адкуль? Гэтыя пытаньні, ці прынамсі падобныя, кожны з нас часам задае сам сабе. Я мяркую, што гэта ўсё чухня. Я жыву ня думаючы. У мяне мазгі працуюць, як быццам я караскаюся на піраміду, адпачываючы на каменных прыступках. Хачу перамагчы ня думаючы. А ці так магчыма? Зноўку пытаньні, зноўку непатрэбныя думкі».

І далей:

«Пра што я хачу вам распавесьці? Пачнём з таго, што я анічога не хачу распавядаць. Ну, не хачу і ўсё! Я проста зьдзекуюся з паперы і такім чынам лекую сваю змардаваную душу».

Магчыма, хтосьці з чытачоў, звыклых да клясычнай літаратуры, прыме такое прызнаньне за чыстую манэту, спалохаецца і адкладзе кнігу ў бок, каб больш ніколі да яе не вяртацца. Але кагосьці яна і заінтрыгуе: пра што ж тады распавядаецца на наступных 265 старонках? А нехта, знаёмы з ранейшай творчасьцю Зьмітра Вішнёва, задумаецца: можа, гэта проста такі эпатажны прыём? Можа, так кажа пісьменьнік-пэрсанаж, якога ўсё ж ня трэба атаясамліваць зь пісьменьнікам-аўтарам?

Рассыпаны канструктар

Сама структура твору — нелінейная, урыўкавая, фрагмэнтарная, складзеная пераважна з кароткіх эпізодаў, месцамі рознатэматычных і рознажанравых, але зьвязаных паміж сабою хіба што асобай апавядальніка, ва ўяўленьні якога ўсё гэта адбываецца. У чымсьці структура антыраману нагадвае рассыпаны каляровы канструктар — прычым такі, дзе нейкія дэталі лішнія, нейкіх не хапае, а нейкія трапілі ўвогуле невядома адкуль — мабыць, зь іншага канструктара. Сюжэтная нітка амаль на кожным кроку рвецца, а яе канцы або аказваюцца прывязанымі зусім не да таго, да чаго мог чакаць чытач, або ўвогуле абрываюцца ў нікуды.

Па левым крыле птушкі ехаў самазвал, у якім сядзеў чырвоны барон

Эпізоды з жыцьця Рыгора Каваля і заснаванай ім кнігарні «Марс» чаргуюцца то з апісаньнямі алькагольных прыгодаў пэрсанажа-апавядальніка са сваім сябрам Майклам Крывым, то з дыялёгамі з галавой, пазбаўленай цела, то зь іншымі «мазгавымі атакамі». Гэтыя фрагмэнты, ужо самі па сабе вытрыманыя ў сюррэалістычным духу, у сваю чаргу, разбаўляюцца яшчэ больш дзіўнымі фантасмагорыямі кшталту: «Птушка вылецела з клеткі, і ейныя крылы вырасьлі. Па левым крыле птушкі ехаў самазвал, у якім сядзеў чырвоны барон. <…> На правым крыле пяцёра мужыкоў сядзелі каля вогнішча і варылі ў катле нешта смачнае. Гэтае „нешта смачнае“ высоўвала з вады зубатую галаву і ўвесь час паўтарала: „Гары, гары ясна, каб ня згасла“. Зрэдчас з рота зубатай пачварыны выцягвалася рука з чырвонай бутэлькай…» і г. д.

Прыхільнасьць пэрсанажа-апавядальніка да зялёнага зьмея наводзіць на думку, што прынамсі адзін з адлюстраваных у творы загадкавых «паралельных сьветаў» — нішто іншае, як п’яныя відзежы й галюцынацыі. А зрэшты, гэта не абавязкова так. Апавядальнік — чалавек з тонкай мастацкай натурай, і ягонае дэкляраваньне абсалютнай творчай свабоды можа набываць самыя адчайныя і не заўсёды зразумелыя іншым формы. Так што гэта могуць быць і проста фантазіі. Або сны. На пачатку некаторых фрагмэнтаў так і пазначана: «Сон № 2», «Сон № 3» і г. д.

Аўтар гуляе з чытачом, як кот з мышшу

Чым далей — тым болей гэта ўсё пераблытваецца. Аўтар гуляе з чытачом, як кот з мышшу: то адпускае атрымаць асалоду ад уяўнага намёку на сюжэтны паварот, то зноў прыпячатвае цяжкім ударам лапы абсурду і нонсэнсу. Увесь гэты вар’яцкі гармідар месцамі зьдзіўляе, месцамі весяліць, месцамі раздражняе (ну ня кожнаму падабаецца чытаць, напрыклад, пра п’янкі і бадун), але ўвесь час не адпускае пытаньне: «Ну, а далей? Далей што? І дзеля чаго гэта ўсё ж такі пісалася?» Чым скончыцца гэтае ўзыходжаньне на вялізную піраміду, на прыступках якой апавядальнік (паводле ўласных словаў), а разам зь ім і чытач, спыняецца і адпачывае — ад акрэсьленай сюжэтнай лініі і дыктатуры «здаровага сэнсу»? І ці ёсьць, урэшце, у піраміды нейкая вяршыня?

Адбіткі ў крывым люстэрку

Нягледзячы ні на што, асноўную тэму твору можна лёгка вылучыць. Гэта літаратура — і як працэс, і як прадукт, і як спажывецкі аб’ект. Так ці інакш, усе, нават самыя неверагодныя і цяжкаасэнсавальныя падзеі «круцяцца» вакол пісаньня — чытаньня — крытычнай ацэнкі — продажу і пакупкі кніг.

Фантасмагарычнае тут заўважна дамінуе над рэалістычным

Пункцірная сюжэтная лінія, зьвязаная з жыцьцём кнігарні «Марс», — бадай што адна з асноўных, нездарма яна дала назву ўсяму твору. Тэма кнігарні — новая ў творчасьці З. Вішнёва, і можна меркаваць, што тут адбіўся жыцьцёвы вопыт самога аўтара: апошнія гадоў дзесяць ён працуе дырэктарам выдавецтва, якое таксама мае сваю кнігарню. Але ня варта шукаць тут падабенства Рыгора Каваля са Зьмітром Вішнёвым, як і ўвогуле нейкіх звыкла-рэалістычных карцінак кнігагандлярскага жыцьця. Твор перад намі авангардысцкі, а рэальнасьць, паказаная ў антырамане, — гэта пераважна адбіткі ў крывым люстэрку. Ці ўвогуле Залюстроўе. Фантасмагарычнае тут заўважна дамінуе над рэалістычным, а пэрсанажы нагадваюць хутчэй нейкіх фантомаў ці зданяў (можа нават прымроеных у тым алькагольным ці наркатычным сьне), чым рэальных людзей, хоць, магчыма, яны маюць і пэўных прататыпаў. У адным месцы аўтар спрабуе патлумачыць іх паходжаньне: «Супрацоўнікі кнігарні былі звычайнымі зомбі, бо яны начыталіся рознай лухты кшталту „зомбі-хорар“». Яны маюць звышнатуральныя ўласьцівасьці, паказаныя ў шаржаваным выглядзе, — ну чым не пародыя на некаторыя ўзоры містычнай і фантастычнай літаратуры:

«Дашуня падышла да люстэрка, што вісела на ўваходзе ў кнігарню, расшпіліла кофту, прыпадняла майку, адчыніла дзьверкі ля грудзей і выцягнула адтуль трэцяе вока. Потым узяла з-пад стала малаток, ударыла сябе па лобе і ў зробленую адтуліну запіхнула вока. Павярнулася да Волмы і залілася сьмехам. Волма падобна ўдарыла сябе па лобе малатком. Пырскі крыві разьвесялілі абедзьвюх. Затым агаліла жывот і выцягнула адтуль трэцяе вока. І вось трохвокія дзяўчаты, узяўшыся за рукі, пачалі таньчыць. Яны сьпявалі: „Нам ня страшны шэры воўк! Шэры воўк! Шэры воўк!“».

У творы раз-пораз паўстаюць матэрыялізаваныя пэрсанажы розных кніг

Мы ўжо заўважалі, што структура твору нагадвае рассыпаны канструктар. Як з канструктарам або зборнымі-разборнымі лялькамі гуляе аўтар і з пэрсанажамі: яшчэ на пачатку твору дырэктару кнігарні Рыгору Кавалю адразаюць галаву, якая нейкі час жыве і функцыянуе самастойна, а потым аказваецца прыробленай («ювэлірам»!) да іншага цела — капітана Барады. Хтосьці з чытачоў успомніць прафэсара Даўэла, хтосьці — Вершніка без галавы, а хтосьці — булгакаўскага Бэрліёза (на якога, дарэчы, ёсьць і непасрэдныя намёкі). І гэта ня дзіўна, бо ў творы раз-пораз паўстаюць матэрыялізаваныя пэрсанажы розных кніг, што прадаюцца ў кнігарні: то «Караліна бегала з сачком за Пінокія», то «Карлсан высьлізнуў з рук Волмы і з радасным зыкам прапэлера прызямліўся каля наведніка», то «Мюнхгаўзэн прыляцеў на ядры і рагатаў»… Між іншым, асабіста мне другі ўладальнік галавы, капітан Барада, падаўся даволі сымпатычным пэрсанажам. Прынамсі ён вылучаецца сярод іншых герояў кемлівасьцю і разважлівасьцю, ведае адказ на кожнае пытаньне і дае парадаксальныя, але не пазбаўленыя рэзону парады.

На што табе галава, пісьменьнік?

Паміж усім гэтым «сюрам» (можа, часам і залішнім) аўтар з уласьцівым яму сарказмам высьмейвае тыя мэханізмы, якія мусяць спрыяць пасьпяховай раскрутцы твору, але не заўсёды добра ўплываюць на яго якасьць, як і на ўзровень літаратуры ў цэлым. Вось колькі вытрымак:
«А яшчэ прэміі ўплываюць на выбар пакупніка. Не істотна, што за прэмія, — абы была. Хоць ад прыбіральшчыцы цёткі Клавы. Затое прэмія!..»

«— Я — дзіцячая пісьменьніца! Вы ж мяне памятаеце? <…> Я толькі што прыляцела з Амстэрдама. Мне сёньня вельмі самотна. Мяне адзін казёл не пазнаў».

«Я і так табе замнога дазваляю, — бухнула крытыкеса. — Жанчыну мне падавай! І сэксу паболей!»

«<…> Вось Л. без нагі, можа, нарэшце створыць шэдэўр.

— А што, з нагой ня мог?

— З нагой не было ў яго творах трагізму. А цяпер дакранесься вокам да тэксту, а ён напяты, нібыта пад гільятынай».

«Але ж у нас што ні ногі ад вушэй — паэтка! Нават вушэй ужо ня бачна за тымі нагамі. Затое гэтыя ногі натхняюць удзельнікаў журы розных прэмій да адназначных высноваў: „Талент! Безумоўна — талент! Такая моц радка!“ І калі прыгледзецца, разумееш, што напраўду ў гэтым калыханьні клубоў гучыць непаўторны рытм верша. Геніяльна! І ня трэба пісаць!»

Высьмейвае З. Вішнёў і той схематызм, паводле якога ў нас (і ня толькі ў нас) часам пішуцца раманы, а таксама чытацкую інэрцыйнасьць, паводле якой такія раманы ўспрымаюцца. Прычым робіць гэта апавядальнік як бы на матэрыяле ўласнага ж твору:

Ці праблема якраз у тым, што яе няма?

«Што цябе хвалюе, галоўны герой? Што цябе хвалюе, літаратар? Хто такі капітан Барада? І хто яна такая, гэтая галава? Нашто яна прыйшла ў гэты сьвет? Нашто ты пішаш пра гэта? Дзеля таго, каб проста пісаць? Пытаньні, пытанкі, і здаецца, што ты ня ведаеш на іх адказу. <…> Можа, праблема палягае глыбей, чым падаецца зь першага погляду? Магчыма, яна ў адсутнасьці рэгулярнай працы са словам? Ці праблема якраз у тым, што яе няма? Я думаю, сутнасьць гэтага твору ў адсутнасьці праблемаў. Ставіць пытаньні і адказваць на іх, што можа быць больш банальным? Вар’яцтва гэтага сьвету якраз у тым, што ўсе імкнуцца да банальнасьці — выдумляюць пакручасты сюжэт, станоўчага героя, выкрываюць злачынствы, а потым яго абсмоктваюць, як нейкую смачную костку. Навошта? Чаму нельга жыць не напружваючыся і не напружваючы».

Тут, вядома ж, ёсьць вялікая доля правакацыйнасьці. Саму па сабе сюжэтнасьць у літаратуры яшчэ ніхто не адмяняў. Іншая рэч — калі яна робіцца самамэтай і прыдумляецца выключна дзеля камэрцыйнага посьпеху твору. Тое самае і з філязофскай праблематыкай. Калі аўтар напаўняе ёю тэкст штучна, толькі аддаючы даніну модзе, а не кіруючыся сваімі ўнутранымі запатрабаваньнямі, — твор атрымліваецца нацягнуты, мэханічна сканструяваны, псэўдаінтэлектуальны. Насуперак гэтаму Зьміцер Вішнёў (ці, дакладней, ягоны апавядальнік) прапануе чытачам, на першы погляд, бесьсюжэтны і беспраблемны твор, у якім усё з дакладнасьцю наадварот. Тэкст нібыта без прэтэнзій на інтэлектуалізм і сюжэтнасьць у яе клясычным разуменьні. Але названы антыраманам (значыцца, у парадыгму эўрапейскага мадэрнізму аўтар сябе, прынамсі, упісвае). Перад намі твор-выклік, у нейкім сэнсе твор-маніфэст, пратэст супраць камэрцыялізацыі літаратуры, здольнай ператварыць апошнюю ў бульварнае чытво.

Кніга не для ўсіх

На нейкі момант з самазадаволенага пісьменьніка ён пераўвасабляецца ў раздражнёнага крытыка

Але аўтар дае зразумець, што і прапанаваная ім форма не зьяўляецца панацэяй ад усіх хваробаў. Бліжэй да канца кнігі ён (ці ўсё ж герой-апавядальнік) робіцца бязьлітасным і самакрытычным нават у дачыненьні да сябе самога, і на нейкі момант з самазадаволенага пісьменьніка ён пераўвасабляецца ў раздражнёнага крытыка. Магчыма, гэта гульня ў паддаўкі з рэальнымі патэнцыйнымі крытыкамі, якія цалкам могуць не прыняць такі антыраман, а магчыма — чарговы халодны душ для чытачоў — і для тых, хто традыцыйным шляхам шукаў «галоўную думку», і нават для тых, хто ўжо занадта пасьпеў прасякнуцца псыхадэлічна-абсурдысцкай эстэтыкай антыраману:

«Відаць, аўтар сам не сябруе са сваёй галавой. Нейкая ярка выяўленая шызафрэнія — нейкі капітан Барада прыдбаў у кнігарні галаву і зьвінціў у латыскі Вэнтспілс. Людзі, вы што, зусім не бум-бум? Сапраўды не сябруеце з галавой? Далей ідуць дзіўныя парады ад гэтага самага капітана Барады. І сьвет ужо зусім бы перакуліўся, калі б гэты сьпірт ня быў разбаўлены падазронай паэзіяй. Хаця і паэзіяй яе абазваць цяжка, бо малазразумелыя дыялёгі мяжуюць з сцэнамі відавочна выпісанымі ў п’яным угары. А далей яшчэ цікавей, ці скажам наадварот: далей зусім нецікава. Ні табе сюжэту, адно нейкія абдзяўбаныя вершасказы. І табе ні якіх падзей, ні яркіх пазнавальных вобразаў. Здаецца, што гэты твор быў створаны дзеля таго, каб заставацца па сваёй сутнасьці адсутным. <…> Гэта пусты і няздарны раман. Раман ні пра што».

Экспэрымэнтальная форма выкладаньня ўжо ад пачатку робіць твор кнігай «не для ўсіх»

Такім чынам, аўтар і сам разумее асноўны «недахоп» свайго антыраману: пры ўсёй напоўненасьці неардынарным гумарам, іроніяй, парадоксамі, сарказмам абраная авангардная, экспэрымэнтальная форма выкладаньня ўжо ад пачатку робіць твор кнігай «не для ўсіх». Ці варта было выдаваць яе ў цьвёрдай вокладцы і накладам 700 асобнікаў? Усё ж варта. Вунь тыя літаратурныя зьявы, якія дасьціпна абсьмейвае наш «антыраманіст», тыражуюцца і нашмат большымі накладамі. Пагатоў, іх многа, а Вішнёў адзін.

…У 2010 г. крытык(-еса?) Лада Алейнік напісала: «Заўсёды цікава назіраць, як маладыя пісьменьнікі сталеюць і паступова зьмяняюць свой творчы почырк. Не зьдзіўлюся, калі гадоў празь дзесяць Зьміцер створыць што-небудзь накшталт „Палескай хронікі“». То бок, пачне пісаць нешта панарамнае і традыцыйна-рэалістычнае. Кніга «Калі прыгледзецца — Марс сіні» прымушае вельмі засумнявацца ў гэтым: літаратурны рэвалюцыянэр Зьміцер Вішнёў па-ранейшаму стаіць на барыкадах і раскідвае калючыя выклікі апанэнтам. Хоць, магчыма, аднойчы ён захоча ўсіх зьдзівіць і сапраўды напіша нешта зусім не характэрнае для сябе. Пабачым. У кожным разе, назіраць за творчай эвалюцыяй сучасьнікаў — справа цікавая.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG