Прэзыдэнт Ўкраіны Пятро Парашэнка чакае пасьлядоўнага прагрэсу ў пытаньні аб вяртаньні Крыму Ўкраіне і пачатку работы міратворчай місіі ААН на Данбасе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Ўкраіна», паведамляе прэс-служба прэзыдэнта.
«Ні на якія таргі, ні на якія паддывановыя дамоўленасьці Ўкраіна ніколі ня пойдзе і Крым будзе вернуты Ўкраіне. Мы зробім усё магчымае, каб гэта было зроблена як мага хутчэй, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў...» — цытуе словы Парашэнкі выданьне «Ўкраінская праўда».
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін вельмі спадзяецца, што будзе абраны не Парашэнка, а іншы кандыдат, які і «падорыць» Крым расейскай уладзе.
«Мая пазыцыя — не дачакаюцца. Мы вызвалім Крым», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка. Ён адзначыў, што Украіна нарошчвае вайсковую моц, умацоўвае міжнародную салідарнасьць, забясьпечвае эканамічны рост.
У лютым 2014 году Расея акупавала ўкраінскі Крым і заявіла пра ўваходжаньне паўвострава ў склад РФ. Сусьветная супольнасьць асудзіла гэты крок і не пагадзілася зь ім, Генэральная асамблея ААН дзьвюма рэзалюцыямі пацьвердзіла ўкраінскі статус Крыму і адпрэчыла прэтэнзіі Расеі, а таксама прызнала яе дзяржавай-акупантам. У Маскве кажуць пра нібыта законнасьць захопу Крыму, насуперак міжнароднаму праву.
***
Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбудуцца 31 сакавіка. Па выніках апытаньня Цэнтру сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў «Соцыс», праведзенага з 5 па 10 сакавіка, лідэрам прэзыдэнцкага рэйтынгу зьяўляецца Ўладзімір Зяленскі, якога падтрымліваюць каля 28% тых, хто вызначыўся і мае намер галасаваць. Другую пазыцыю займае Пятро Парашэнка (19,6%), трэцюю — лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка з амаль 15%.
Па выніках апытаньня Сацыялягічнай групы «Рэйтынг» за 1-7 сакавіка, Уладзіміра Зяленскага падтрымліваюць 24,7% тых, хто вызначыўся і мае намер галасаваць. Другую пазыцыю займае Юлія Цімашэнка (18,3%), трэцюю — Пятро Парашэнка (16,8%).