Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэрка дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў запярэчыла імпічмэнту Трампа


Дональд Трамп і Нэнсі Пэлосі падчас агучваньня пасланьня прэзыдэнта, 5 лютага 2019 году
Дональд Трамп і Нэнсі Пэлосі падчас агучваньня пасланьня прэзыдэнта, 5 лютага 2019 году

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі абвясьціла, што ня мае намеру пачынаць працэс імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа. Паводле яе, гэта можа адбыцца толькі ў выпадку зьяўленьня новых «бясспрэчных і пераканаўчых» сьведчаньняў супраць прэзыдэнта.

«Імпічмэнт унясе такі раскол у грамадзтва, што калі ня зьявіцца нешта такое бясспрэчнае, пераканаўчае, што выкліча ўсеагульную падтрымку такога кроку, я ня думаю, што мы мусім ісьці гэтым шляхам», — заявіла Нэнсі Пэлосі ў адказ на пытаньне журналістаў.

Пытаньне аб імпічмэнце прэзыдэнта публічна ўзьнімалі некалькі заканадаўцаў-дэмакратаў, якія лічаць, што дзеяньні прэзыдэнта Трампа, напрыклад, умяшаньне ў расьсьледаваньне расейскага сьледу ў выбарах, вартыя адхіленьня ад пасады.

Першую марную спробу пачаць гэты працэс зрабіў кангрэсмэн-дэмакрат Брэд Шэрман у 2017 годзе.

Цяпер дэмакраты, якія маюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў, могуць абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту, што ня будзе ўхвалена Сэнатам, які паводле Канстытуцыі прымае канчатковае рашэньне аб адхіленьні прэзыдэнта ад улады. Там большасьць належыць рэспубліканцам.

Паводле апытаньняў, большасьць амэрыканцаў не падтрымлівае ідэю імпічмэнту прэзыдэнта. Кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі асьцерагаецца, што такі экстраардынарны крок можа выклікаць хвалю спагады да прэзыдэнта і нэгатыўна паўплываць на шанцы кандыдата ад Дэмакратычнай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах, да якіх застаецца крыху больш за паўтара года.

Фармальная адмова Пэлосі падтрымаць імпічмэнт азначае, што гэтая ініцыятыва ня мае шанцаў на посьпех нават у Палаце прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG