Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Янушкевіч: «Кніжны рынак у Беларусі існуе, хоць і кволы»


Аўтар і выдавец: Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Янушкевіч з выданьнем «Мае дзевяностыя». Фота Юлі Цімафеевай

Ёсьць выдаўцы, якія кажуць, што выданьне кніг на беларускай мове ў Беларусі сёньня — гэта «гуманітарная дзейнасьць». Я ім ня веру. Калі так на гэта глядзець, то ці ня лепш ім пачаць арганізоўваць дапамогу ўцекачам з Сырыі ці яшчэ аднекуль?

Ёсьць і такія, якія глядзяць на беларускае кнігавыданьне як на нечуваны грамадзкі подзьвіг. Гэта таксама не мая оптыка.

Сёньня я прапаную вам размову з чалавекам, які глядзіць на кнігавыданьне ў Беларусі як на бізнэс, які корміць яго і ягоную сям’ю.

Пра долю і нядолю беларускага кнігавыданьня, пра незанятыя кніжныя нішы і пра чытацкі голад у Беларусі — размова з Андрэем Янушкевічам, заснавальнікам і кіраўніком выдавецтва, якое носіць ягонае імя.

Як звычайна ў падкастах «Гутаркі зь Янам», тэкстам толькі фрагмэнты выказваньняў майго суразмоўніка. Поўная размова — у відэафайле.

У застаўцы для відэа скарыстанае фота Яраслава Іванюка.

Ці складана стаць кнігавыдаўцом

«Нашыя выдаўцы і нават распаўсюднікі кніжак павінны атрымліваць спэцыяльныя пасьведчаньні, спэцыяльныя дазволы на вытворчасьць кніг і іх распаўсюд. Як паказвае практыка, вялікіх складанасьцяў, каб атрымаць гэтыя пасьведчаньні, няма. Іншая справа, што для дзяржаўных структур, гэта, канешне, такая магчымасьць, калі яны хочуць паставіць бар’ер і адхіляць запыты выдаўцоў ці кнігараспаўсюднікаў, каб атрымаць такі дазвол. Ці складана стаць выдаўцом? Гэта як адкрыцьцё свайго бізнэсу. Сёньня, каб зарэгістраваць індывідуальнага прадпрымальніка, вялікіх складанасьцяў няма. Зараз гэта робіцца даволі лёгка. Іншая праблема для пачатку дзейнасьці — гэта мець адпаведныя рэсурсы, навыкі, досьвед, веды, каб справа пайшла. Але гэтыя праблемы будуць сустракаць цябе і ў любым іншым бізнэсе».

Чаму «Янушкевіч» друкуе свае кнігі ў Вільні

«На сёньняшні момант у нас дзьве ідэі, якія мы спрабуем рэалізаваць на практыцы. Гэта — афармленьне кніжак у цьвёрдай вокладцы, і каб гэта было зроблена якасна. І другая ідэя — гэта павелічэньне накладу. Зараз мы выходзім на сярэдні наклад сваіх кніжак 1000 асобнікаў. Імкнучыся выканаць гэтую задачу якаснай кнігі і гледзячы на прапанову беларускіх друкарань, літоўскіх, расійскіх, мы ў рэшце рэшт спыніліся на літоўскім партнэры. Нам удалося выбудаваць камунікацыю, нам спадабаўся той падыход да справы, які дэманструюць літоўскія партнэры, нас задаволіў выбар матэрыялаў для сваіх кніжак, які прапаноўваўся. Вось такія чыньнікі, ужо ня згадваючы пра кошты на прадукцыю, адыгралі сваю ролю, каб мы працавалі менавіта зь літоўскай друкарняй».

Гамсуна і Мана выдалі бяз закупу аўтарскіх правоў

«У Нарвэгіі і Нямеччыне дзейнічае правіла захаваньня аўтарскіх правоў на 70 год пасьля сьмерці аўтара. Але Беларусь падпісала канвэнцыю і прыняла ўласныя заканадаўчыя акты, згодна зь якімі дзейнічае правіла 50 год пасьля сьмерці аўтара. І мы карыстаемся гэтым правам. І таго ж Томаса Мана [памёр 68 гадоў таму — РС] мы маем права выдаваць па-беларуску і распаўсюджваць толькі на тэрыторыі Беларусі. Калі б мы прыехалі з гэтай кнігай на тэрыторыю Польшчы або Нямеччыны, то яе распаўсюд быў бы незаконны».

Чаму беларускія кнігі адрэдагаваныя неахайна

«Для таго, што часта ў беларускай кнізе адсутнічае добрая рэдактарская праца, ёсьць аб’ектыўнае тлумачэньне. Рэдактарская работа даволі дарагая і яе кошты вельмі абцяжарваюць сабекошт усёй кнігі. Часта памеры гэтых коштаў проста непад’ёмныя для выданьня. Таму існуе такая спакуса забыцца пра яе, даць кнігу ў аўтарскай рэдакцыі і гэтак далей».

Ці існуе беларускі кніжны рынак

«Як бы ні склалася сытуацыя, гэтага ня зьменіш: у Расеі фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы так ці інакш будуць заўсёды большыя, чым у маленькай Беларусі. Тут праблема ў іншым: самім стаць мацнейшымі. Беларускі кніжны рынак існуе, проста ён вельмі кволы. І трэба зрабіць усё магчымае — а магчымасьці для гэтага ёсьць — каб ён стаў мацнейшым. Мы проста павінны выдаваць цікавыя кнігі, актуальныя, тыя, якія цікавяць чытачоў, на злабадзённую тэматыку, тое, што ў трэндах сусьветнай літаратуры, сачыць за гэтым. А з гэтым вялікая бяда».

Яшчэ раз пра вокладку

«Шмат каго з тых патэнцыйных чытачоў, якія ўжо прачыталі гэтую кнігу на рускай мове [Кадзуа Ісігура, „Не адпускай мяне“ — РС], мы згубілі. Таму мы і робім стаўку на чыньнікі якасьці, каб быў добры пераклад, каб кніга паліграфічна была аформлена якасна, каб была цікавая, заўважная вокладка. Для беларускіх людзей гэта важна, і шмат хто купіць кнігу Ісігуры, ня гледзячы на тое, што яна існуе на рускай мове, толькі зь дзьвюх прычын: што яна зробленая на роднай мове і што гэтае выданьне ня горшае, а можа і лепшае, за тое ж рускае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG