Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ведаю сілу малітвы». Жанчына-пастар з Крычава перакананая, што вера робіць цуды


Галіна Самусенка

Галіна Самусенка — жанчына-пастар пратэстанцкай царквы «Адраджэньне» хрысьціян Поўнага Эвангельля з горада Крычава Магілёўскай вобласьці. 14 гадоў яна адпрацавала настаўніцай пачатковых клясаў, а цяпер ужо 8 гадоў служыць пастарам.

Галіна Самусенка расказала Свабодзе, як малітва дапамагла перамагчы анкалёгію, ацаліла сына; як яна раней ненавідзела п’яніц, а цяпер ім дапамагае.

Падчас богаслужэньня ў пратэстанцкай царкве «Адраджэньне» ў Крычаве
Падчас богаслужэньня ў пратэстанцкай царкве «Адраджэньне» ў Крычаве

Гісторыя Галіны Самусенка сьцісла:

  • 14 гадоў выкладала ў школе, вельмі любіла сваю працу.
  • Папярэдні пастар у Крычаве Міхаіл Казіміраў перад сьмерцю папрасіў яе стаць пераемніцай.
  • Муж злоўжываў алькаголем, быў вельмі агрэсіўным. Сурʼёзна захварэў сын, трапіў у шпіталь.
  • Ад малітвы яе сын перастаў заікацца.
  • Сама яна вылечылася ад анкалёгіі грудзей.

«Стала пастарам у выніку зьбегу абставін»

— Вы не адзіная жанчына-пастар у пратэстанцкіх цэрквах Беларусі. Аднак у параўнаньні са Швэцыяй, дзе больш як палова пастараў — жанчыны, ці зь Нямеччынай, у Беларусі ўсё ж прафэсія сьвятара больш мужчынская. Як вы адважыліся рэзка перамяніць жыцьцё?

Галіна Самусенка
Галіна Самусенка

— Я сама стала пастарам у выніку зьбегу абставінаў. Паводле адукацыі я настаўніца пачатковых клясаў, 14 гадоў выкладала ў школе, вельмі любіла сваю працу.

У 1998 годзе ў Крычаў прыехаў пастар Міхаіл Казіміраў, які пачаў ствараць у горадзе пратэстанцкую царкву. Я стала настаўніцай біблейскай школы, лідэрам музычнага пакланеньня, пачала займацца рэгістрацыяй царквы, дакумэнтацыяй. Спачатку ўдавалася сумяшчаць працу ў школе і служэньне ў царкве. Калі царква была зарэгістраваная і завяршалася будаўніцтва будынка, пастар прапанаваў стаць служкай і ягонай памочніцай. Перад сваім адыходам у лепшы сьвет Міхаіл папрасіў мяне стаць ягонай пераемніцай. Я не чакала, бо ніколі ня марыла зьвязаць свой лёс са служэньнем у царкве, стаць пастарам. Але згадзілася і служу ўжо 8 гадоў.

Аднак я за тое, каб пастарамі ўсё ж такі былі мужчыны. Хаця ў Беларусі я не адзіная. Але ў параўнаньні з мужчынамі нас усё ж адзінкі.

— Як вы прыйшлі ў пратэстанцкую царкву, што стала пераломным момантам?

— Як прыйшла да Бога? Гэта вельмі доўгі шлях. У мяне ня склалася сямейнае жыцьцё, муж злоўжываў алькаголем, быў вельмі агрэсіўным. Сурʼёзна захварэў сын, трапіў у шпіталь... Быў вельмі складаны пэрыяд, я была ў адчаі.

І ў мяне адбылася рэальная, сапраўдная сустрэча з жывым Богам, якая памяняла ў маім жыцьці абсалютна ўсё. Гэта не абрады, гэта не традыцыі, ні што іншае — гэта сустрэча з чалавекам, якая мяне вельмі моцна ўразіла. Ад яго проста дыхала гэтым жыцьцём. Таму я была вельмі паслухмяная да таго, што ён казаў, я адкрыла сваё сэрца да Божага слова, і яно дакранулася да майго сэрца і пачало ўва мне жыць.

Потым наступіў час, калі мне трэба было выбіраць: ці заставацца працаваць у школе, ці ўсё ж такі разьвівацца ў руху да Бога. І я выбрала вечнае. Вучыць людзей вечнасьці.

Наведнікі пратэстанцкай царквы «Адраджэньне» ў Крычаве, 2015 год
Наведнікі пратэстанцкай царквы «Адраджэньне» ў Крычаве, 2015 год

«Хачу разьвянчаць легенду, што да Бога ідуць не ад добрага жыцьця»

— А як калегі, родныя адрэагавалі на такі выбар?

— Усё было вельмі складана. І дома з бацькамі (маці фактычна адвярнулася ад мяне, але цяпер адносіны наладзіліся), і з настаўнікамі было нялёгка, калегі мяне не зразумелі. Цяпер усё па-іншаму. Цяпер яны шукаюць ува мне дарадцу. Я для іх той чалавек, які заўсёды можа прыйсьці на дапамогу, падтрымаць і словам, і справай. Але менавіта ў стасунках зь імі выпрацоўвалася мая трываласьць і даказвалася мая адданасьць.

— Ці праўда, што наагул да веры, да Бога людзі прыходзяць, калі ім цяжка, калі ёсьць праблемы...

— Не. Проста ў народзе ходзіць такое паданьне — што да Бога ідуць тады, калі кепска. У маёй сытуацыі было ўсё па-іншаму.

Я ведаю шмат вельмі шмат пасьпяховых людзей, якіх прывялі да Бога не абставіны, не праблемы і складанасьці, а тое слова, што дакранулася да іх сэрца.

Так, у мяне былі сямейныя праблемы. Але я ня думаю, што гэта пацягнула мяне шукаць Бога. Мяне заахвоціла шукаць Бога вось гэта сустрэча, якая закранула сэрца. І я ведаю шмат вельмі шмат пасьпяховых людзей, якіх прывялі да Бога не абставіны, не праблемы і складанасьці, а тое слова, што дакранулася да іх сэрца. Так што я хачу разьвянчаць гэтую легенду, што да Бога ідуць не ад добрага жыцьця.

Магчыма, так бывае, але далёка не заўсёды. Ёсьць такое выказваньне: «Спачатку Гасподзь гаворыць шэптам любові, потым — голасам сумленьня, затым крычыць абставінамі, а пасьля кліча галашэньнем смутку».

Наагул, да Бога ідуць, калі словам кранаецца сэрца. Іншымі абставінамі ня ведаю, як дагрукацца да сэрца чалавека.

«Праз малітву прыйшла да майго сына свабода. Ён перастаў заікацца»

— І ўсё ж такі вы таксама прайшлі нялёгкія выпрабаваньні. Вы згадалі хваробу сына, у дзяцінстве ён заікаўся, і яго нават настаўнікі не выклікалі да дошкі...

Галіна Самусенка
Галіна Самусенка

— Так. Але тут умяшалася звышнатуральная сіла. Да мяне ў Крычаве служыў пастар Міхаіл Казіміраў. Гэта цудоўны настаўнік, шыкоўны мужчына — у ім спалучэньне такое незвычайнае баксэра і Божай любові, гэта такі звышнатуральны мікс! Ён сам быў як цуд!

І на багаслужэньні пастар даручыў майму сыну казаць прамову. Гэта для 11-гадовага дзіцяці было вялікім выпрабаваньнем. Мы доўга вучылі прамову напамяць, рэпэтавалі, рыхтаваліся. Але калі прыйшоў час прамаўляць, сын ня змог наагул гаварыць. І тады пастар пачаў маліцца за Дзіму. І раптам настаў той момант, калі праз малітву прыйшла да майго сына гэта свабода. Больш за 100 чалавек былі сьведкамі таго, як сын загаварыў вельмі чыста, без запінак, менавіта з таго моманту ён перастаў заікацца!

Я вельмі часта пра гэта расказваю як пра звышнатуральны ўплыў Божага духа, Божай сілы Ўваскрэсеньня (якая ўваскрасіла і Хрыста зь мёртвых). Гэтая сіла таксама дакранулася да майго сына. І гэта хвароба сына проста распалася. Як ярмо звалілася зь яго, і з коснаязыкага заікі Дзіма стаў цудоўным прамоўцам!

Ён адразу ж пачаў чытаць хрысьціянскі рэп, меў у гэтым вялікі посьпех. А цяпер сын цудоўны прамоўца, рытар, востры на язык. Я ня ведаю, як гэта патлумачыць звычайнаму чалавеку, які ня верыць у звышнатуральнае.

Сёлета ў жніўні сыну споўніцца 30 гадоў, ён мой верны памочнік, кіроўца, дарадца. Мы пачалі рамонт у царкве, хацелася б гэта зрабіць дорага і прыгожа. Але сын умее зрабіць дорага і прыгожа з таннага — клясна ў яго гэта атрымліваецца. Бог бласлаўляе яго мудрасьцю, стойкасьцю, фізычнай сілай. Ён жанаты, але яшчэ не парадаваў мяне ўнукамі. Спадзяюся, усё наперадзе.

— А ці хацелі б вы, каб сын таксама стаў пастарам?

— Я не матывую яго ў гэтым. Быць пастарам — гэта прызваньне, покліч. Патрэбна звышнатуральнае чуцьцё, каб ня проста дакрануцца да чалавека, а дапамагчы яго стаць свабодным, дапамагчы расправіць крылы, натхніць, Гэта ня кожнаму дадзена. Я на яго ня цісну, але буду паважаць любы ягоны выбар.

Я сама ня ведаю, наколькі я цяпер у сваім пакліканьні пастара, а не настаўніка, але я стараюся служыць сумленна.

Галіна Самусенка, сьнежань 2018 году
Галіна Самусенка, сьнежань 2018 году

«Перамогу над анкалёгіяй я аддаю Богу»

— Вы перамаглі таксама цяжкую анкалягічную хваробу. Як гэта было?

—Так, 5 гадоў таму, у красавіку 2014 году я сама знайшла пухліну ў грудзях. Спачатку, натуральна, быў страх — лекары дыягнаставалі рак другой ступені, прызначылі складаную апэрацыю, потым была хіміятэрапія, апраменьваньне.

— У Радыё Свабода некалькі гадоў таму быў праект «Жыцьцё пасьля раку»: гэта споведзі людзей, якія перамаглі гэту хваробу. Прычым перамаглі тыя, хто меў вялікую прагу да жыцьця, хто мужна змагаўся, а не апускаў рукі. Што вам дапамагло?

—Так, прысутнасьць характару — немалаважны фактар. Але сваю перамогу над хваробай я аддаю Госпаду. Ён разам са мной змагаўся зь ёю, ён мяне натхняў, а таксама людзі, якія мяне атачалі. Я перакананая: Бог натхняў гэтых людзей. Так што я перамогу аддаю Госпаду. Я пасьля апэрацыі паварушыцца не магла, але знайшла ў сябе сілы маліцца.

Калі пасееш у чалавека семя жыцьцялюбнасьці — любую каварную хваробу можна перамагчы.

Безумоўна, наяўнасьць цьвёрдага характару і жаданьне жыць, жыцьцялюбнасьць таксама мелі месца. Я шмат часу знаходзілася ў шпіталі, лячылася паўгода, і я назірала, што людзі, якія не асабліва любяць жыць, якія проста рукі апусьцілі, — магчыма, стаміліся, згубіліся ў гэтым жыцьці — іх вельмі цяжка было падняць і дзеля веры, і дзеля барацьбы. Але калі ты ў іх пасееш семя жыцьцялюбнасьці — любую каварную хваробу можна перамагчы.

— Ці вялікі ў вас прыход?

— Мой першы пастар любіў адказваць: ад 1 да 300 чалавек. У нас невялікі гарадок, ня вельмі вялікі прыход. Але я ўдзячная Госпаду за кожнага чалавека, бо ў гэтым сьвеце высокіх тэхналёгій, вялікай інфармацыйнай насычанасьці тыя людзі, якія разграбаюць перад сабой усю гэту інфармацыю і ідуць, каб пакланіцца і падзякаваць Богу з адкрытым, адчувальным сэрцам — вельмі дорага каштуе гэты чалавечак, які зь цяжкасьцю прадзіраецца праз усе церні, каб сустрэцца з Богам. Але мы б хацелі, каб было больш людзей у царкве.

Наведнікі пратэстанцкай царквы «Адраджэньне» ў Крычаве, 2018 год
Наведнікі пратэстанцкай царквы «Адраджэньне» ў Крычаве, 2018 год

«Я раней ненавідзела п’яніц, цяпер дапамагаю гэтым няшчасным»

— Пратэстанцкія цэрквы займаюцца дабрачыннасьцю, шмат працуюць зь семʼямі сваіх прыхаджан. Нядаўна я была ў адным зь менскіх райвыканкамаў на грамадзкіх слуханьнях, дзе абмяркоўвалі архітэктурны праект забудовы мікрараёну Сухарава, паводле якога царкве «Новае жыцьцё» зноў пагражае знос. Там ня толькі вернікі, але і звычайныя жыхары мікрараёну абаранялі царкву: казалі, пратэстанты апякуюцца і шматдзетнымі, і праблемнымі семʼямі, працуюць і з нарказалежнымі, і з алькаголікамі. Як ваша царква працуе з такімі катэгорыямі людзей?

— Мы не такая шматлікая царква, як «Новае жыцьцё», аднак таксама шмат робім. У нашай царквы вельмі прыгожая і красамоўная назва «Адраджэньне».

Мы рэгулярна наведваем шпіталь сястрынскага догляду, гэта кшталту дома састарэлых, дзе жывуць кінутыя старыя. Раз на месяц туды з музычнай праграмай прыяжджаем. Кожную нядзелю па чарзе езьдзім, даглядаем старых. Наведваем і дзетак з праблемных семʼяў у прытулку. Чаму нас туды цягне? Я адкажу біблейскай фразай: «Мы аднойчы зразумелі, наколькі любіць нас Бог».

Неяк арганізавалі сустрэчу жанчын, якія адны, без мужоў выхоўваюць дзетак — запрасілі іх на Новы год з навакольных вёсак, накрылі салодкі стол, быў канцэрт, з кожнай паразмаўлялі па душах.

Калі разумееш, наколькі любіць цябе Бог, ты хочаш любоў гэтую перадаць кожнаму, з кім сустракаесься ў гэтым жыцьці.

Гэта звышнатуральнае ўзьдзеяньне на чалавека — і трэба зразумець гэту любоў. Калі разумееш, наколькі любіць цябе Бог, ты хочаш любоў гэтую перадаць кожнаму, з кім сустракаесься ў гэтым жыцьці. Калі табе адкрываецца гэта, ты купаесься ў гэтай любові, і ты разумееш, што гэта любоў без усялякіх умоваў, без усялякіх абмежаваньняў, і яна такая моцная! Розумам гэтага не зразумець, гэта можна зразумець толькі сэрцам і душой. Тады ў цябе ўнутры нараджаецца вялікае жаданьне ўсім людзям, якія не адчуваюць гэтага, зрабіць штосьці добрае, дакрануцца да іх гэтай любоўю, каб яны таксама загарэліся. І гэта натхняе на подзьвігі. І тое, чаго ты не рабіў раней, будзеш рабіць.

Я раней проста ненавідзела п’яніц, трываць іх не магла — пасьля цяжкага досьведу свайго сямейнага жыцьця. Але за 8 гадоў пастарства Бог навучыў мяне любіць гэтых няшчасных людзей і спачуваць ім. І сёньня я працягваю ім руку і хачу весьці іх за сабой. Хаця раней я іх люта ненавідзела.

Малітва — вялікая сіла. Я ведаю сілу малітвы. І ў анкалёгіі мне дапамагала малітва не як проста абрад, а малітва як размова з Богам. І яна творыць цуды. Гэта дакладна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG