Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добрая і энэргічная». 10 фактаў пра першую жанчыну старшыню Саюзу кампазытараў Беларусі


Алена Атрашкевіч, старшыня Саюзу кампазытараў Беларусі

Старшынёй Саюзу кампазытараў Беларусі на пазачарговым зьезьдзе 2 сакавіка стала 53-гадовая кампазытарка і выкладчыца Алена Атрашкевіч. Прапануем вам 10 найбольш найбольш цікавых фактаў пра першую жанчыну на чале Саюзу кампазытараў Беларусі.

1. Да яе 38 гадоў Саюз кампазытараў Беларусі ўзначальваў Ігар Лучанок

Летась Беларускі саюз кампазытараў застаўся без кіраўніцтва. 12 лістапада пайшоў з жыцьця кампазытар Ігар Лучанок, які ўзначальваў яго на працягу 38 гадоў.

Незадоўга да гэтага ад цяжкай хваробы памёр яго намесьнік, старшыня праўленьня Беларускага саюзу кампазытараў Эдуард Зарыцкі.

Як сказала Свабодзе новая кіраўніца саюзу кампазытараў Алена Атрашкевіч, гэта для яе не пасада, а хутчэй місія.

2. Пасьля Ленінградзкай кансэрваторыі сьвядома вярнулася ў Беларусь

Алена Атрашкевіч нарадзілася ў Нова-Барысаве Менскай вобласьці. Вышэйшую адукацыю атрымала на тэарэтыка-кампазытарскім факультэце Ленінградзкай кансэрваторыі імя Рымскага-Корсакава. Сьвядома вярнулася ў Беларусь, паехала ў 1989 годзе паводле разьмеркаваньня Маладэчанскую вучэльню, дзе выкладала музычна-тэарэтычныя дысцыпліны.

3. Запачаткавала спэцыялізацыю «Мастацтва эстрады» у Менскім каледжы мастацтваў

Алена Атрашкевіч
Алена Атрашкевіч

Пазьней Алена Атрашкевіч выкладала ў Менскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, дзе зь яе ініцыятывы была адкрытая новая спэцыялізацыя «Мастацтва эстрады (сьпевы)». З 1997 года — сябра Саюз кампазытараў Беларусь. Яна — ляўрэатка тэлевізійных конкурсаў «Хіт-момант», «Песьня года Беларусі», нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра» у намінацыі «Найлепшы кампазытар году». Уганараваная званьнем «Чалавек году Міншчыны», мэдалём Францыска Скарыны. Яе вучні неаднаразова станавіліся фіналістамі нацыянальнага адборачнага туру «Эўравізіі» і «Славянскага базару ў Віцебску.

4. Яе музыка стала гімнам Менскай вобласьці

Як адзначаецца на сайце Саюзу кампазытараў Беларусі, Алена Атрашкевіч — аўтарка вакальна-сымфанічных, камэрных і харавых твораў, эстрадных песьняў, вакальных цыкляў для дзяцей, 15 дзіцячых м’юзыклаў. Яна напісала музыку да песьні «Мiншчына», якая ў 2006 годзе была афіцыйна зацьверджаная гімнам Менскай вобласьці.

Яе музычныя творы перамаглі на шэрагу міжнародных конкурсах і фэстываляў. Атрашкевіч — аўтарка нотнага зборніку ўласных песень для дзяцей «Лодка дзяцінства» на вершы беларускіх паэтаў, зборніку пʼес для маладых выканаўцаў на духавых інструмэнтах «Натхненьне» ды іншых. Кіруе конкурсам юных выканаўцаў эстраднай песьні «Маладзічок», які на працягу шэрагу гадоў адкрывае новыя таленты Беларусі.

4. «Добрая і справядлівая»

«Моцнай, добрай і справядлівай» назвала Алену Атрашкевіч кампазытарка Вольга Падгайская. Музыказнаўца Юлія Андрэева напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Усе прывыклі, што "галоўны кампазытар" павінен быць самым тытуляваным, самым "зубрыстым". А можа быць, ён павінен быць самы добрым і спагадлівым? Або самым энэргічным і дзейным? Алена Віктараўна менавіта такая».

5. Хоча болей папулярызаваць беларускую музыку

Алена Атрашкевіч распавяла Свабодзе пра свае пляны на чале творчага саюзу: «Гэта вялікая адказнасьць. Хацелася б, каб у саюзе пачалі актыўна працаваць. Не сакрэт, што некаторыя члены саюзу часта ўспрымаюць сам саюз як шыльду ўласнай творчасьці, а насамрэч Саюз прадугледжвае калектыўную працу. Кожны кампазытар — індывідуальны, і, канечне, размова не ідзе пра стварэньне сумесных твораў, трэба ствараць сумесныя праекты, якія будуць папулярызаваць беларускую музыку і прыцягваць больш слухачоў да нашай творчасьці»

6. Умее сумяшчаць творчасьць і адміністрацыйныя абавязкі

Ад 2008 году Алена Атрашкевіч — сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Зьяўляецца членам рэпэртуарнай камісіі (сэкцыя дзіцячай музыкі) Міністэрства культуры Беларусь і членам экспэртнай камісіі спэцыяльнага фонду прэзыдэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Ад 2016 году — сябра праўленьня Саюзу кампазытараў.

«Я шчыра скажу, мне падалося, што жыцьцё ў мяне ўстаялася, і той рытм, у якім я жыву, дастаткова актыўны, але аказалася, што не, — прызнаецца Алена Атрашкевіч у размове са Свабодай. — Нешта яшчэ зьяўляецца ў жыцьці і даводзіцца актывізавацца і "круціцца" яшчэ хутчэй. Мне ўдаецца сумяшчаць гэта з творчасьцю. У мяне за плячыма ёсьць пэўны багаж твораў, якія выконваюцца рознымі калектывамі. Ёсьць творы, якія жывуць уласным жыцьцём. Большасьць сваіх твораў я пішу, знаходзячыся ў пэдагагічным адпачынку летам. Як і раней паўзы для творчасьці заўсёды застаюцца».

8. Ня лічыць, што жанчына можа менш чым мужчына

«Жанчына больш мяккая, удумлівая, больш уважлівая. Я спадзяюся, што я буду больш уважлівая да сваіх калегаў і пастараюся выслухаць усе іх пажаданьні, каб іх творчасьць прасоўвалася яшчэ больш цікава, — кажа Свабодзе Алена Атрашкевіч. — Мы знойдзем паразуменьне. У гэтым пляне жанчына заўсёды бліжэй, цяплей і больш даступная, але гэта ня значыць, што жанчына можа менш чым мужчына. Жанчыне не хапае сілы стукнуць кулаком па сталу, але ёсьць іншыя мэтады, якія дазваляюць дасягнуць патрэбных вынікаў. Спадзяюся, што дзякуючы дыпляматыі з усімі структурамі, зь якімі будзем супрацоўнічаць, мы знойдзем агульнае разуменьне».

9. Пасьля абраньня пачула віншаваньні і спачуваньні

«Мяне вельмі падтрымалі калегі па цэху і творчыя людзі. Прыгожае віншаваньне я атрымала ад Анатоля Ярмоленкі ў Фэйсбуку, ад іншых калег, якіх вельмі паважаю. Нехта выказаў спачуваньні, такія рэчы таксама запамінаюцца. Зьвяртаць увагу ня буду, усе разумеюць, якая праца наперадзе, і будзем яе разам рабіць», — кажа новая старшыня Саюзу кампазытараў Беларусі.

10. Хоча, каб ня толькі Менск быў галоўнай канцэртнай пляцоўкай

Алена Атрашкевіч кажа Свабодзе, што будзе «шукаць нейкія формы, каб нашая творчасьць была ня толькі для задавальненьня, але ў пэрспэктыве давала нейкія дывідэнды. Не сакрэт, што саюз сёньня існуе за кошт сяброўскіх унёскаў. Членаў ня так шмат, таму зразумела, што сродкаў для гаспадарчай дзейнасьці ня так многа. Мы будзем шукаць унутраныя магчымасьці, каб гэтыя сродкі, вялікія і малыя, пускаць на выдавецкую дзейнасьць і іншае. Сурʼёзных рэформаў у пляне структуры ня будзе, па-ранейшаму кіраўнічую ролю будзе адыгрываць праўленьне Саюзу кампазытараў, гэта людзі, якіх абраў зьезд. Мы будзем шукаць формы супрацы з іншымі творчымі саюзамі, знаходзіць агульныя адпраўныя кропкі. Ня будзем зацыклівацца толькі на Менску, як галоўнай гарадзкой канцэртнай пляцоўцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG