Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША ўручыць Міжнародную жаночую прэмію «За мужнасьць», якую раней атрымала Наста Дашкевіч


Часовы павераны ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан наладзіў урачысты прыём, на якім Наста атрымала ўзнагароду ў 2011 годзе.
Часовы павераны ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан наладзіў урачысты прыём, на якім Наста атрымала ўзнагароду ў 2011 годзе.

У чацьвер, 7 сакавіка, Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа ўручыць штогадовую Міжнародную прэмію «За мужнасьць», якую Дзярждэпартамэнт ЗША штогод уручае 10 экстраардынарным жанчынам розных узростаў і нацыянальнасьцяў з усяго сьвету.

У цырымоніі возьме ўдзел першая лэдзі Злучаных Штатаў Мэланія Трамп. Узнагарода была заснаваная ў 2007 годзе Дзярждэпартамэнтам ЗША, яе атрымалі больш за 120 жанчын з больш чым 65 краінаў сьвету. Узнагароду атрымліваюць жанчыны, якія прадэманстравалі выключную мужнасьць і лідэрства ў прасоўваньні ідэяў міру, справядлівасьці, правоў чалавека, гендэрнай роўнасьці і пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчын, часта зь вялікай рызыкай і ахвярнасьцю.

Сёлета ўзнагароду «За мужнасьць» атрымаюць Разія Султана з Банглядэш, Но К’ньё По з М’янмы, Муміна Хусэйн Дарар з Джыбуці, Мама Магі з Эгіпту, палкоўніца Халіда Халяф Ханна аль-Тваль з Ярданіі, сястра Орла Трысі з Ірляндыі,
Алівэра Лакіч з Чарнагорыі, Флёр дэ Марыя Вэга Сапата з Пэру, Марыні дэ Лівэра з Шры Ланцы, Анна Аляйс Гэнґа з Танзаніі.

У 2011 годзе 20-гадовая Наста Палажанка (Дашкевіч) стала першай беларускай, узнагароджанай гэтай прэстыжнай прэміяй. У той час Наста была абвінавачанай у справе Плошчы-2010 і не змагла прыехаць на ўрачыстую цырымонію ў Вашынгтоне. Тагачасная Дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан падчас уручэньня прэмій выказала шкадаваньне, што беларуска Наста Палажанка ня можа асабіста атрымаць узнагароду, бо ўлады забаранілі ёй пакідаць краіну.

«Краіна ў цэнтры Эўропы дагэтуль прыгнятае свой народ, фальсыфікуе выбары, самым жорсткім і брутальным чынам зьнявольвае палітычных апанэнтаў, каб іх напалохаць. Але яна не спужалася і выказала сваю пазыцыю», сказала 8 гадоў таму Гілары Клінтан.

Тады з нагоды Міжнароднага дня жанчын часовы павераны ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан наладзіў урачысты прыём, на якім Наста атрымала ўзнагароду. «Дзяржсакратар штогод уручае гэтую ўзнагароду жанчынам, якія адважна бароняць правы жанчын, асноўныя правы чалавека і прынцыпы дэмакратыі. І Наста сапраўды адпавядае ўсім гэтым якасьцям. Яна ўвасабляе выдатны прыклад патэнцыйнай грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі» — сказаў ён тады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG