Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан: Наста Палажанка не спужалася


20-гадовая Наста Палажанка стала першай беларускай, узнарагоджанай прэстыжнай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасьць, якую Дзяждэпартамэнт ЗША прысуджае штогод 10 жанчынам розных узростаў і нацыянальнасьцяў. Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 8 сакавіка ў Вашынгтоне.


Гілары Клінтан,
якая ўручала ўзнагароды, выказала шкадаваньне ў сувязі з тым, што Наста Палажанка і Ёані Санчэз з Кубы ня здолелі прыехаць на цырымонію, бо ўлады іх краінаў ім гэтага не дазволілі. Клінтан сказала:

”Наста Палажанка зь Беларусі жыве ў складаны час. Краіна ў цэнтры Эўропы дагэтуль прыгнятае свой народ, фальсыфікуе выбары, самым жорсткім і брутальным чынам зьнявольвае палітычных апанэнтаў, каб іх папалохаць. Але яна не спужалася і выказала сваю пазыцыю.”




Намесьніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка зьяўляецца адной з абвінавачаных па справе аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Яе арыштавалі 20 сьнежня ва ўласнай кватэры. Амаль два месяцы яна знаходзілася ў СІЗА КДБ. 17 лютага яе выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Раней у інтэрвію "Свабодзе" Наста так пракамэнтавала сваё ўганараваньне прэміяй:

«Для мяне гэтая прэмія — найперш удзячнасьць усім тым людзям, якія выйшлі 19 сьнежня на плошчу, гэта гонар за маіх сяброў маладафронтаўцаў: Зьмітра Дашкевіча, Уладзя Яроменка, Алеся Кіркевіча, Паўла Севярынца, Эдуарда Лобава — за ўсіх, хто яшчэ застаецца за каратамі. І безумоўна, калі гэта прэмія прысуджаецца жанчынам, я не магу не адзначыць мужных Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну, зь якімі я была ў турме разам. Таму гэтая прэмія — наша агульная, я не лічу яе пэрсанальна маёй прэміяй».

Сярод іншых ляўрэатак сёлетняй прэміі – першая жанчына-кіраўнік краіны ў Цэнтральнай Азіі – прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева, а таксама жанчыны з Афганістану, Пакістану, Мэксыка, Кітаю, Вугоршчыны, Камэруну, Ярданіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG