Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая паскардзілася: не пускаюць на сустрэчы са школьнікамі


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая расказала на Facebook пра праблемы пры арганізацыі сустрэчаў з грамадзянамі.

Ганна Канапацкая сабралася правесьці сустрэчы са старшаклясьнікамі ў сваёй акрузе ў Менску, каб «распавесьці пра заканатворчасьць ў краіне, пра сёньняшні стан беларускага парлямэнту, запрасіць ахвочых на экскурсію ў Палату прадстаўнікоў, растлумачыць, чаму ў краіне важныя выбары і ўва што яны ператварыліся за мінулыя 20 гадоў, распавесьці пра недапушчальнасьць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў і крымінальнай адказнасьці за гэтае злачынства». Але арганізаваць сустрэчы не ўдалося.

«Здавалася б, такія пытаньні можна наўпрост вырашыць са школьным дырэктаратам, — піша яна. — Ды не, першы ж дырэктар школы адказвае, што на сябе такую адказнасьць узяць ня можа і прапануе вырашаць пытаньне праз упраўленьне адукацыі раёну. З такім узроўнем самастойнасьці і адказнасьці кіраўнікоў будучыня школьнікаў выклікае сур'ёзныя асьцярогі».

Дэпутатка задаецца пытаньнем, ці сутыкаюцца з такімі ж праблемамі «правільныя дэпутаты» (Канапацкая належыць да апазыцыйнай партыі).

Яна адзначае, што цяпер у школах раз на тыдзень праходзяць заняткі курсу «Школа актыўнага грамадзяніна», на якія нібыта запрашаюць «дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіраваньня, дэпутатаў і мэдыйных пэрсонаў».

У камэнтары БелаПАН Канапацкая таксама адзначыла, што яе як дэпутатку закон абавязвае сустракацца з выбарнікамі, а мясцовыя органы ўлады і дзяржаўныя ўстановы абавязаныя спрыяць гэтаму.

«Былі сустрэчы на прадпрыемствах, куды зьбіралі вярхушку, а ў цэхі пагаварыць з рабочымі не пусьцілі, — дадае яна. — Афіцыйна адмовы няма, але на сустрэчу зьбіраюць 20-30 чалавек інжынэрна-тэхнічных працаўнікоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG