Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую вэрсію «Вайны і (рускага) міру» напіша кампутар


Ёсьць аптымістычныя зьвесткі для ўсіх заклапочаных у Беларусі тым, што няма айчыннага адпаведніка эпапэі «Вайна і мір» Льва Талстога, апублікаванай 150 гадоў таму.

Калі даць веры Аляксандру Лукашуку, дык гэты час, у якім на паліцах «Акадэмкнігі» і «Сьветача» ў Менску зьявіцца чатырохтомнік пад назвай «Вайна і (рускі) мір», вымяраецца ўжо не дзесяцігодзьдзямі, а гадамі. Слова «рускі» ў загалоўку, як кажуць амэрыканцы, optional, але — very likely. Як-ніяк, гэта ж будзе вэрсія для «рускіх са знакам якасьці».

Пра што гэта я?

Менавіта пра тое самае, у чым упэўнены Аляксандар Лукашук — раней ці пазьней кампутары пачнуць пісаць літаратуру. Магчыма, ужо пачалі — пад псэўданімамі, гáды…

Брытанскі матэматык з Оксфардзкага ўнівэрсытэту Маркус дэ Сэйтуа (Marcus du Sautoy) лічыць, што пераважная большасьць з таго, што людзі лічаць творчым працэсам, абапіраецца хутчэй на хітрамудры сынтэз вядомых элемэнтаў, чым на пробліскi натхненьня, якія адкрываюць нязьведаныя прасьцягі.

Леў Талстой
Леў Талстой

У сваёй найноўшай кнізе «The Creativity Code: How Al is learning to write, paint and think», дэ Сэйтуа пераконвае, што амаль усе віды творчых працэсаў магчыма «альгарытмізаваць» і, як вынік, запрэгчы да творчай працы штучны розум.

Дэ Сэйтуа разважае над клясыфікацыяй відаў творчай актыўнасьці, якую прапанавала брытанская кагнітывістка Маргарэт Боўдэн (Margaret Boden), і прыходзіць да высновы, што найбольш распаўсюджаным відам крэатыўнасьці — дасьледніцкай і камбінаторнай — нескладана навучыць сучасныя кампутары зь іх неверагоднымі вылічальнымі здольнасьцямі.

Дасьледніцкі від творчасьці, паводле Боўдэн, гэта, прыкладам, позьні Бах зь ягонымі фугамі і прэлюдыямі, якія пашырылі музычныя магчымасьці барока і расчысьцілі дарогу для клясычнай эпохі Моцарта і Бэтховэна. Боўдэн лічыць, што 97% усёй творчасьці на нашай плянэце трапляе якраз у гэтую катэгорыю. А дэ Сэйтуа са свайго боку дадае, што навучыць кампутары такога роду крэатыўнасьці — раз плюнуць, як той казаў.

Дэ Сэйтуа таксама адзначае, што ня будзе вялікага клопату стварыць альгарытмы і для камбінаторнай крэатыўнасьці. Гэткі від творчасьці ілюструюць, напрыклад, «крывулястыя» будоўлі, пастаўленыя паводле праектаў брытанскай архітэктаркі Захі Хадзід.

Цэнтар водных спортаў у Лёндане, праект Захі Хадзід
Цэнтар водных спортаў у Лёндане, праект Захі Хадзід

І толькі трэці від у клясыфікацыі Боўдэн — гэтак званая трансфармацыйная крэатыўнасьць — зьяўляецца сапраўдным выклікам для праграмістаў. Гэта наогул тое, што чалавек называе рэдкімі пробліскамі генію — Пікаса і кубізм, Шэнбэрг і адкрыцьцё атанальнай музыкі, Джойс і ягоны мадэрнісцкі прарыў у літаратуры. Тут мы маем дачыненьне не з плаўным і паступовым працэсам, а хутчэй з «фазавым пераходам», які дае новую якасьць — як пераход вадкасьці ў газ.

Помнік Джэймсу Джойсу ў Дубліне
Помнік Джэймсу Джойсу ў Дубліне

Але нават для гэтага трэцяга віду, аргумэнтуе дэ Сэйтуа, даволі лёгка стварыць у праграме «мэта-правіла», якое загадае кампутару ў нейкі момант зьмяніць накірунак альгарытму. Вынікам, пагаджаецца матэматык, у большасьці выпадкаў можа быць нейкая хрэнацень, але на 38-м падыходзе можа атрымацца і «Ўліс». Калі не на 38-м, дык на 146-м. Джойс пісаў «Уліса» 8 гадоў. Кампутары напішуць яго значна хутчэй. Калі не за 8 сэкунд, дык за 8 хвілін. Можна спакусіцца пачытаць і 583-ю спробу….

Пісьменьнікі-кампутары, як падаецца, ідэальна вырашаць праблему, неабыякавую для беларускай улады — каго падтрымаць датацыяй для стварэньне айчыннай вэрсіі «Вайны і міру» або фільму, які нарэшце прынясе «Оскара» для Беларусі. Адказ у сьвятле таго, што мы тут сказалі, адназначны: грошы даваць не Мікалаю Чаргінцу і не Альгерду Бахарэвічу, а ананімным праграмістам-рэзыдэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Брэст»… Годзе вам, хлопцы, ехаць у Амэрыку і ўзломываць акаўнты Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў і Дзярждэпу… Дайце нам нашу «Вайну і рускі мір»!

Помніце, як пачыналася эпапэя Талстога? Сучасны беларускі адпаведнік пачатку можа гучаць неяк так:

— Hǎo ba, wǒ de wángzǐ. Віцебск hé Магілёў zhǐshì Лукашэнка jiāzú de dàibiǎo, сядзібы. Bù, wǒ jǐnggào nǐ, rúguǒ nǐ bù gàosù wǒ, wǒmen yǒu zhànzhēng, rúguǒ nǐ réngrán yǔnxǔ zìjǐ kèfú suǒyǒu de chǐrǔ, zhège dí jīdū de suǒyǒu bàoxíng (wǒ dehuà, wǒ xiāngxìn tā) — wǒ bù zài rènshì nǐle nǐ bù zài shì wǒ de péngyǒu, nǐ bù zài shì мой верны раб, zhèngrú nǐ suǒ shuō. Ну, здраствуйце, здраствуйце. Wǒ kàn dào wǒ xià dàole nǐ, садзіцесь і расказвайце.

Ну, не па-француску ж гаварыць на беларускіх салёнах! І не на бальбуце, відаць…

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG