Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура скончыцца ў наступным годзе


Гадоў дзесяць таму Свабода праводзіла конкурс «Адзін дзень у БНР». Ідэя была, што БНР перамагла, і вось трэба было ўявіць, як выглядае жыцьцё ў гэтай краіне праз 90 гадоў. Я таксама паўдзельнічаў, пад псэўданімам, і ў сваім опусе апісаў выдавецкі кампутар будучыні, які паводле некалькіх словаў можа згенэраваць любы тэкст, ад верша да энцыкляпэдыі. Учора я ўведаў, як гэты кампутар называецца: GPT2.

Але кампанія штучнага інтэлекту OpenAI з Сан-Францыска патрапіла ў навіны не таму, што стварыла такую машыну, а таму, што вырашыла пакуль забараніць яе. Бо машына аказалася занадта добрая. А ў сьвеце шмат людзей, якія могуць выкарыстаць яе на зло.

Што можа гэты электронны пісьменьнік: напісаць працяг, разьвіць пару сказаў у поўную гісторыю, захоўваючы стыль, не губляючы сюжэт, не ломячы сынтаксіс даўгіх сказаў — звычайныя праблемы папярэдніх машын. Таксама можа перакладаць, падсумоўваць, правільна адказваць на пытаньні на разуменьне тэксту.

У кампутар увялі першы сказ рамана Джорджа Оруэла «1984»:

«Быў халодны і пагодлівы красавіцкі дзень, гадзіньнікі білі трынаццаць гадзін...»

І машына напісала працяг (пераклад Сяргея Шупы), быццам адчула лёгкую футурыстычную танальнасьць, напружаньне:

«Я ехаў машынай на месца новай працы ў Сіэтле. Я заправіўся, уставіў ключ, запусьціў матор. І проста ўявіў сабе, якім мог бы быць гэты дзень. Праз сто гадоў. У 2045-м я быў настаўнікам у школе ў беднай кітайскай правінцыі. Я пачаў з кітайскай гісторыі і гісторыі навукі...»

Оруэла часта цытуюць, а кампутар вучыўся на 10 мільёнах артыкулаў і так злавіў стыль. Газэта The Guardian прыводзіць прыклад штучнага журналісцкага артыкулу пра Brexit, у якім машына стварыла цалкам праўдападобныя цытаты лідэра апазыцыі, дарэчы згадала асноўныя праблемы і выдала клясычны камэнтар урадавага прэс-сакратара: «Прэм’ер-міністарка абсалютна ясна дала зразумець, што яе намер — выйсьці з ЭЗ як мага хутчэй, і гэта яе мандат для перамоваў, што пацьвердзіла на мінулым тыдні ў сваёй прамове Каралева». Лексыка, сынтаксіс, сэнсавыя акцэнты, рытм, інтанацыя — клоны з офісу Тэрэзы Мэй.

Тое, што прафэсія прэс-сакратароў зьнікне, можа, і нічога. Амэрыканскі прэзыдэнт кантактуе з выбаршчыкамі напрасткі.

Але што будзе зь іншымі майстрамі слова, ад журналістаў, сцэнарыстаў і аўтараў дэтэктываў да крытыкаў і аглядальнікаў розных прадуктаў? Машына можа ствараць бясконцыя водгукі, якія будуць вызначаць рэйтынгі гатэляў, кніг, кававарак. Спам, фэйкавыя навіны, кансьпіралягічныя тэорыі, абразьлівыя артыкулы з праўдападобнай аргумэнтацыяй, фота, відэа, гукам — усё гэта ўжо ёсьць, канечне. Але розьніца ў колькасьці і якасьці: летась у вашым горадзе быў адзін гарачы месяц з тэмпэратурай за 30°C, а можа быць — адзінаццаць, з тэмпэратурай за 50°C. Ліфт зь пекла, як называе новую тэхналёгію адзін зь яе аўтараў.

Стваральнікі GPT2 пакуль закрылі доступ да сваіх распрацовак, каб, як яны кажуць, падрыхтаваць сьвет да пераменаў — новая тэхналёгія стане мэйнстрымам праз год-два (дарэчы, гэтае закрыцьцё — таксама выдатны маркетынгавы ход, можа, нават, падказаны самой машынай).

Што да літаратуры — цалкам магчыма, што мы ўжо чыталі раманы, напісаныя машынамі, якія нават атрымалі прэміі — проста пра гэта яшчэ ня ведаем. Тэксты, з пункту гледжаньня эвалюцыі — параўнальна новы від рэальнасьці, і людзі пераважна ўспрымаюць іх некрытычна (праўда, бо так напісана — на сьцяне піраміды, у газэце, інтэрнэце). Гісторыя літаратуры ведае масу падробак і містыфікацый, якія падманвалі самых вучоных крытыкаў. Калі літаратура — гульня, дык машыны гуляюць лепш за людзей, што ў шахматы, што ў Го.

Што застаецца? Застаецца чытаць. Адзін з варыянтаў — настае царства чытача-пісьменьніка. Аматар Дастаеўскага замовіць новы раман гэтага аўтара пра злачынства і пакараньне ў Інтэрнэт-эпоху, прыхільніца Алексіевіч — пра нежаночае аблічча глябалізацыі, фаны Горвата пра козаў на Манмартры.

А то чакай, пакуль любімы аўтар нешта апублікуе... І я, нарэшце, уведаю працяг свайго недапісанага тэксту:

«...Крылаты вершнік ляцеў над сталіцай, і мантыя вілася агнём, сьляпіла птушак і асьвятляла дахоўку старых стрэхаў, успыхвала на крыжах касьцёлаў і цэркваў, запальвала залаты арнамэнт сінагог і паўмесяцы над мячэтамі, драбілася ў прызмах хмарачосаў на мірыяды промняў, і Аurora Borealis — Паўночная зьзяньне замкнула небасхіл над краінай у адзін дыямэнтавы выбух.

Пачаўся першы дзень 91-га году Беларускай Народнай Рэспублікі...»

Ці ўсё ж дапісаць?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG