Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат экс-прэзыдэнта Армэніі пасьля крымінальнай справы заплаціў мільёны падаткаў і ахвяраваньняў


Брат Сэржа Саргсяна Аляксандар Саргсян

Аляксандар Саргсян, брат трэцяга прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсяна, які сышоў у адстаўку пасьля масавых пратэстаў у 2018 годзе, заплаціў падаткі ў памеры $ 6,5 млн і «па сваёй ініцыятыве» ахвяраваў дзяржаве $ 19,6 млн, паведаміў прэс-цэнтар Службы нацыянальнай бясьпекі Армэніі ў адказ на пісьмовы запыт армянскай службы Радыё Свабода.

У ліпені 2018 году супрацоўнікі СНБ правялі ператрус у кватэры 62-гадовага Аляксандра Саргсяна і дапыталі брата экс-прэзыдэнта паводле падазрэньня ў незаконным захоўваньні зброі. Але ўжо празь некалькі гадзін мужчыну адпусьцілі, заявіўшы, што зброя была законнай.

Пасьля гэтага на Аляксандра Саргсяна завялі крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў махлярстве ў асабліва буйных памерах.

Каб урэгуляваць падатковыя прэтэнзіі, якія ўзьніклі да яго ў новых уладаў Армэніі, Аляксандар Саргсян, паводле дадзеных СНБ, ужо пералічыў у дзяржбюджэт Армэніі ў пераліку амаль $ 6,5 млн падаткаў. А таксама «з мэтай набыцьця ўзбраеньня для абароны Айчыны ахвяраваў дзяржаве $ 19,6 млн», паведамілі ў ведамстве.

У СНБ паведамілі, што пад арыштам на банкаўскім рахунку Аляксандра Саргсяна знаходзяцца яшчэ 1 млрд 874 млн драмаў, што эквівалентна $ 3,8 млн. Ведамства сьцьвярджае, што ў бліжэйшы час гэтая сума таксама будзе накіраваная ў бюджэт Армэніі «на выкананьне падатковых абавязацельстваў».

Акрамя Аляксандра Саргсяна, пад сьледзтвам пасьля сыходу экс-прэзыдэнта апынуліся іншыя блізкія сваякі Сержа Саргсяна:

  • Айк Саргсян, другі сын брата прэзыдэнта Аляксандра Саргсяна. Ён абвінавачваецца ў замаху на забойства, але вызвалены пад заклад.
  • Лявон Саргсян, другі брат Сэржа Саргсяна. Яго вінавацяць у нясплаце падаткаў і незаконным узбагачэньні, знаходзіцца ў вышуку.
  • Нарэк Саргсян, пляменьнік былога прэзыдэнта Сэржа Саргсяна і сын Лявона Саргсяна. На яго была заведзеная крымінальная справа аб незаконным захоўваньні і абароце зброі, боепрыпасаў і наркотыкаў, а таксама некалькі іншых справаў. Ён быў знойдзены ў Празе 6 сьнежня і верагодна будзе дэпартаваны на радзіму.
  • Дачка Лявона Ані праходзіць паводле таго ж абвінавачваньня, што і бацька, яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG