Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура загадаў перанесьці ў Маскву сядзібу нафтавай кампаніі і закупляць у Расеі лекі і прадукты


Нікаляс Мадура і Ўладзімір Пуцін, Масква, 5 сьнежня 2018

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура распарадзіўся закрыць офіс дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі PDVSA ў Лісабоне і перанесьці яго ў Маскву, абвясьціла віцэ-прэзыдэнт краіны Дэлсі Радрыгес 1 сакавіка.

Радрыгес знаходзіцца ў Маскве і ўжо сустрэлася з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым. Вэнэсуэльскія чыноўнікі папрасілі ў Расеі чарговы транш фінансавай дапамогі і заявілі, што Вэнэсуэла мае намер ажыцьцяўляць інвэстыцыі ў сваю прамысловасьць з дапамогай Расеі.

«Мы будзем займацца прамысловымі інвэстыцыямі для вытворчасьці ўсяго неабходнага ў нашай краіне пры дапамозе Расейскай Фэдэрацыі. І гэта добрыя навіны для сьвету, гэта добрыя навіны для Расеі. Мы стратэгічныя партнэры», — сказала Дэлсі Радрыгес.

Кіраўнік МЗС Расеі ў адказ абвясьціў, што Расея накіравала ў Венесуэлу 7,5 тоны мэдыкамэнтаў і неназваную колькасьць расейскай пшаніцы. Віцэ-прэзыдэнт Вэнэсуэлы ў сваю чаргу заявіла, што гэтыя пастаўкі «аказалі значную дапамогу ва ўрэгуляваньні гуманітарнай сытуацыі і вельмі дапамагаюць вэнэсуэльскаму ўраду вырашаць бягучыя задачы».

«Прэзыдэнт Нікаляс Мадура даў вельмі выразныя распараджэньні на гэты конт: прадукты, якія патрэбныя нашаму народу, мэдыкамэнты, якія патрэбныя нашаму народу, будуць набывацца ў Расеі», — паведаміла яна.

PDVSA — асноўная крыніца даходаў для бюджэту Вэнэсуэлы. Але ўлады ЗША ўвялі супраць нафтавай кампаніі санкцыі ў сувязі зь дзеяньнямі прэзыдэнта Мадура: яго найбліжэйшае асяродзьдзе спэцслужбы ЗША падазраюць у дачыненьні да гандлю наркотыкамі.

У ЗША замарожаны актывы PDVSA на 7 мільярдаў даляраў і дзейнічаюць абмежаваньні для міжнародных кампаній на супрацоўніцтва з PDVSA і яе падразьдзяленьнямі, у тым ліку абмежаваньні на куплю ў яе нафты. З гэтай прычыны ад пачатку дзеяньня санкцый PDVSA спрабуе наладзіць бартэрныя пастаўкі нафты ў Індыю і Расею.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG