Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы сталі крыху больш ухваляць дзеяньні ЗША. Беларусы, літоўцы, палякі і ўкраінцы — менш


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскі Інстытут Гэлапа апублікаваў чарговае штогадовае дасьледаваньне рэйтынгаў усясьветных лідэраў. Ухваленьне дзеяньняў Злучаных Штатаў у якасьці ўсясьветнага лідэра крыху падрасло пасьля рэзкага падзеньня, якое дасьледчыкі зьвязваюць з прэзыдэнцтвам Дональда Трампа.

Па выніках 2018 году дзеяньні кіраўніцтва ЗША ўхваляе 31% апытаных у сьвеце (год таму было 30%, два гады таму — 48%). Больш ухваляюць дзеяньні кіраўніцтва Нямеччыны і Кітаю — адпаведна 39% (год і два гады таму было 41%) і 34% (было 31% і 30%). Ад 2014 году ў сьвеце расьце ўхваленьне Расеі — з тагачасных 22% яно вырасла да 30% у 2018-м.

У Беларусі ў 2018 годзе толькі 13% ухвалялі дзеяньні кіраўніцтва ЗША, а 62% не ўхвалялі. За год да таго ўхваленьне дзеяньняў ЗША было большым на 7 адсоткавых пунктаў.

Польшча — сярод краінаў, у якіх дзеяньні кіраўніцтва ЗША ўхваляюць найбольш (49% — так, 30% — не), але давер упаў за год на тыя ж 7 адсоткавых пунктаў. У Літве і Ўкраіне дзеяньні ЗША ўхваляюць адпаведна 28% і 27%, не ўхваляюць 41% і 34%, давер упаў на 5 і 9 адсоткавых пунктаў.

Латвія і Расея — сярод краінаў, у якіх найменей ухваляюць дзеяньні кіраўніцтва ЗША. Пазытыўныя адказы далі адпаведна 13% і 11%, нэгатыўныя — 55% і 60%. Але калі ў Латвіі станоўчых адказаў стала менш на 8 адсоткавых пунктаў, то ў Расеі — больш на 3.

Найбольш давер кіраўніцтву ЗША за год вырас у Гаіці (48% давяраюць, плюс 19 адсоткавых пунктаў) і Нікарагуа (37%, плюс 18). Суседзі ЗША не ўхваляюць лідэрства Штатаў: у Канадзе станоўчыя адказы далі толькі 16% (падзеньне на 4 адсоткавыя пункты, антырэкорд за час дасьледаваньняў), у Мэксыцы — 19% (плюс 3).

Апытаньне праводзілася сярод тысячы чалавек у кожнай са 133 краінаў праз тэлефон і ў асабістай размове ў сакавіку-сьнежні 2018 году. Статыстычная хібнасьць — ад 2 да 5,1 адсоткавага пункта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG