Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Ўкраіна ўжо ніколі ня стане Беларусьсю


Чаму Ўкраіна ўжо ніколі ня стане Беларусьсю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:24 0:00

Чаму Ўкраіна ўжо ніколі ня стане Беларусьсю

Украіна праз 5 гадоў пасьля рэвалюцыі годнасьці — ці стала лепш? Абмяркоўваюць аглядальнік украінскай службы радыё Свабода Расьціслаў Хоцін, карэспандэнтка Свабоды ў Кіеве Алена Літвінава, Юры Дракахруст і Аляксандар Лукашук.

Сьцісла

  • Хоцін: Украіна зрабіла беспаваротны эўрапейскі выбар, замацавала ў Канстытуцыі сяброўства ў ЭЗ і NATO як галоўныя стратэгічныя мэты.
  • Літвінава: Менавіта пад ціскам грамадзкасьці адбываецца антыкарупцыйная рэформа ва Ўкраіне.
  • Дракахруст: Часта ў выніку многіх рэвалюцый спачатку герой робіцца дыктатарам. Ва Ўкраіне гэтага ня здарылася.

«Больш за 40% украінскага экспарту ўжо прыпадае на ЭЗ»

Уварваньне сваіх «зялёных чалавечкаў» ва Ўкраіну Расея прызнала пасьля году хлусьні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00

Аляксандар Лукашук: У гэтыя дні 5 гадоў таму ўзброеныя людзі без апазнавальных знакаў пачалі захоп часткі Ўкраіны — Крыму. Менш чым празь месяц адбылася поўная анэксія паўвостраву, адразу ж пачаліся спробы захапіць і тэрыторыі на ўсходзе і поўдні матэрыковай Ўкраіны. Вайна, страта сваёй зямлі — такой была цана, якую ўкраінцы заплацілі за выбар свайго шляху. А што яны атрымалі ўзамен? Што зьмянілася ва Ўкраіне за гэтыя пяць гадоў?

Расьціслаў Хоцін
Расьціслаў Хоцін

Расьціслаў Хоцін: Майдан пачынаўся як Эўрамайдан, і за пяць гадоў удалося зрабіць беспаваротны эўрапейскі выбар, Украіна нядаўна замацавала ў Канстытуцыі сяброўства ў ЭЗ і NATO як галоўныя стратэгічныя мэты. Украінцы адстаялі эўрапейскі выбар і замацавалі яго. Была падпісанае пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, быў атрыманы бязьвізавы рэжым з ЭЗ.

Зараз адбываецца эканамічная інтэграцыя. Больш за 40% украінскага экспарту ўжо прыпадае на ЭЗ. Эўразьвяз стаў найвялікшым эканамічным партнэрам Украіны. Да гэтага была Расея. Украіна ўжо не імпартуе расейскі газ, краіна атрымала энэргетычную незалежнасьць. Гэта было вельмі важна.

Калі пачалася анэксія Крыму і вайна на Данбасе, Украіна давяла ўсім, што яна будзе ваяваць за свае тэрыторыі. Нягледзячы на тое, што казалі, маўляў Крым трохі не такі, Данбас трохі не такі, але для ўкраінцаў і Крым, і Данбас — гэта наша. Украінцам гэта баліць, Украіна за гэта ваюе і будзе ваяваць. Украіне ўдалося адбудаваць адну з наймацнейшых армій Эўропы. Нагадаю, што пры Януковічу армія была разваленая.

Былі запушчаныя вельмі важныя рэформы — адукацыйная, мэдычная, пэнсійная. Галоўная выснова — Украіна адбылася як незалежная дзяржава, атрымала поўную дзяржаўную незалежнасьць. А з атрыманьне томаса для аўтакефальнай царквы яна атрымала і духоўную незалежнасьць. Украіна цалкам пазбавілася ад імпэрскага ярма, як расейска-імпэрскага і савецкага, так і цяперашняга крамлёўскага. На нашых вачах фармуецца ўкраінская нацыя, украінская палітычная нацыя, ствараецца ўкраінкі народ, украінская нацыянальная ідэнтычнасьць.

«Для ўкраінцаў было галоўным зьберагчы адчуваньне свабоды»

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук: Тое, пра што вы кажаце, па ідэі павінна было адбываецца з 1991 году. Але сапраўдным каталізатарам, які ўзмацніў гэтыя працэсы, была рана, нанесеная анэксіяй і вайной на Данбасе. Алена, што зьмяніла за апошнія пяць гадоў з пункту гледжаньня беларускі, якая больш за 14 гадоў жыве і працуе ва Ўкраіне?

Алена Літвінава
Алена Літвінава

Алена Літвінава: Галоўнае, чаго змаглі дасягнуць украінцы, гэта захаваць адчуваньне свабоды. Нягледзячы на тое, што некаторыя рэформы, пра якія казаў Расьціслаў, ня вельмі ўдаліся, усё роўна людзі спадзяюцца і вераць у тое, што Ўкраіна пераможа. Кажучы пра рэформы, я хацела б адзначыць, што як раз пад ціскам грамадзкасьці адбылася антыкарупцыйная рэформа, якая, праўда, зараз дала невялікі збой.

Менавіта пад ціскам грамадзкасьці былі створаныя галоўныя антыкарупцыйныя структуры — Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро і спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура. Але для ўкраінцаў было галоўным зьберагчы адчуваньне свабоды, якое заўсёды тут прысутнічала. І менавіта спробы абмежаваць гэтую свабоду на працягу апошніх 15 гадоў прыводзілі ва Ўкраіне спачатку да Аранжавай рэвалюцыі, а потым да Рэвалюцыі годнасьці.

Ва Ўкраіне Ланцэлот ня стаў драконам

Аляксандар Лукашук: Перамены не адбыліся за адзін раз — быў 1991 год, Аранжавая рэвалюцыя, Рэвалюцыя годнасьці. Калі пашырыць кантэкст, то што адбываецца ва Ўкраіне з пункту гледжаньня Эўропы, эўрапейскай бясьпекі, будучыні кантынэнту?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Юры Дракахруст: Украіна выстаяла. Калі зараз вярнуцца ў травень 2014 году, то гэта выглядала, як хваля, якая ідзе і можа пайсьці далей і на Днепрапятроўск, і на Адэсу, і на Харкаў — гэта быў праект «Новороссия» практычна да Дняпра. Тое, што Ўкраіна ўсё ж утрымалася на гэтым рубяжы, гэта вельмі важна.

На нашых вачах была рэвалюцыя ў Кіргізстане, і герой рэвалюцыі Бакіеў стаў потым дыктатарам. Гэта, як у вядомай казцы, Ланцэлот становіцца драконам. Мы зараз бачым украінскія выбары, бачым, колькі прэтэнзій ёсьць да спадара Парашэнкі, але тое, што ён не дракон, абсалютна відавочна. Украіна выстаяла і ў тым сэнсе, што выстаяла сваю дэмакратыю. Часта гэта шлях многіх рэвалюцый, калі спачатку герой потым робіцца дыктатарам. Ва Ўкраіне гэтага ня здарылася.

Аляксандар Лукашук: І папярэднія лідэры Ўкраіны не былі дыктатарамі.

Юры Дракахруст: І гэта характарыстыка ня столькі асобы спадара Парашэнкі, гэта характарыстыка грамадзтва, характарыстыка эліты, і гэты шлях вельмі натуральны для Ўкраіны.

Аляксандар Лукашук: Калі паглядзець на прыклад суседзяў, то аднаго боку Беларусь, Расея, большасьць краінаў Цэнтральнай Азіі, а з другога боку — Малдова, Армэнія, Грузія, больш блізкія да ўкраінскага варыянту. Наш вялікі сучасьнік Вацлаў Гавал быў праціўнікам любога гвалту і ўціску, але тым ня менш у вырашальныя моманты я заўсёды памятаю ягоную фразу: «Наш гістарычны досьвед сьведчыць, што злу трэба супрацьстаяць, а не спрабаваць улагодзіць».

«Украінцы хочуць Лукашэнку на пару месяцаў»

Аляксандар Лукашук: Сацыялягічныя апытаньні ва Ўкраіне апошніх пяці гадоў паказваюць, што самы папулярны замежны палітык у ёй — Аляксандар Лукашэнка. Чаму?

Алена Літвінава: Гэтае пытаньне нагадвае казку пра рыбака і залатую рыбку, калі хочацца тое, чаго ніколі ня меў, але ня маеш уяўленьня пра тое, да якіх наступстваў гэта можа прывесьці. Трэба паглядзець на сацыяльны зрэз, на тых людзей, якія сымпатызуюць беларускаму кіраўніку. Гэта найперш людзі сталага ўзросту, якія яшчэ памятаюць Савецкі Саюз і зьвязваюць менавіта з асобай Аляксандра Лукашэнкі тое адчуваньне справядлівасьці, якое яны ня могуць яшчэ знайсьці ва Ўкраіне.

Гэтаму паспрыяла ў пэўным сэнсе і ўкраінскае тэлебачаньне, якое заўсёды трансьлюе даволі рэзкія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, калі ён чыніць разносы на розных нарадах з прадстаўнікамі розных міністэрстваў і ведамстваў. Тут гэтага не хапае, магчыма таму людзі такім чынам віртуальна аддаюць яму сымпатыі. Дарэчы, і мае калегі неаднойчы мне казалі, што вось нам бы вашага Лукашэнку хаця бы на два-тры месяцы, але потым абярэм свайго дэмакратычнага прэзыдэнта, а Лукашэнка расчысьціў бы ўсе, і на гэтай аснове мы б ужо маглі добра жыць. Гэта як у той казцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG