Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляменьніка расейскага тэлевядоўцы Кісялёва асудзілі на зьняволеньне. Справу пачалі пасьля інтэрвію дзядзькі


Дзьмітрый Кісялёў у Менску ў красавіку 2016 году

Суд у Мюнхэне асудзіў пляменьніка расейскага тэлевядоўцы Дзьмітрыя Кісялёва на два гады і тры месяцы пазбаўленьня волі. Сяргея Кісялёва прызналі вінаватым у дачыненьні да ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Пра гэта з залі суду паведамляе карэспандэнт расейскага тэлеканалу RTVi.

Сяргей Кісялёў прызнаўся ў злачынстве, але сьцьвярджае, што нікога не забіваў. Адвакат заявіў, што яго падабаронны «не рабіў ніякіх зьверстваў» і «цалкам выразна дыстанцыюецца» ад гэтага.

Паводле сьледзтва, Сяргей Кісялёў плянаваў удзел ва ўзброеным канфлікце на Данбасе з мэтай уключыць частку ўкраінскай тэрыторыі ў склад Расеі. У 2014 годзе асуджаны, як сьцьвярджаецца, прайшоў баявую падрыхтоўку ў лягеры пад Санкт-Пецярбургам, каб ваяваць на баку сэпаратыстаў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі». Паводле дадзеных сьледзтва, тады ў Сяргея Кісялёва пры сабе меўся аўтамат Калашнікава.

Улады Нямеччыны пачалі расьсьледаваньне ў дачыненьні да Кісялёва-малодшага ў канцы 2017 году. Гэта адбылося пасьля інтэрвію Дзьмітрыя Кісялёва. Менавіта ён згадаў, што яго пляменьнік паехаў ваяваць за сэпаратыстаў. Увесну мінулага года Нямеччына атрымала
эўрапейскі ордэр на арышт Сяргея Кісялёва. Таго затрымалі ў Баўгарыі, дэпартавалі ў Нямеччыну і там арыштавалі.

Сёньня суд прызнаў Сяргея Кісялёва вінаватым у падрыхтоўцы злачынства, якое пагражала нацыянальнай бясьпецы Нямеччыны. Яго таксама прызналі вінаватым у парушэньні закону аб кантролі над зброяй. На гэтым працэсе разглядалася толькі падрыхтоўка Кісялёва да ўдзелу ў баявых дзеяньнях на Данбасе. Справай займалася баварская пракуратура. Калі пляменьніка расейскага тэлевядоўцы абвінавацяць ў непасрэдным удзеле ў канфлікце, справу будзе весьці ўжо фэдэральная пракуратура Нямеччыны.

Паводле зарэгістраванага ў Нямеччныне расейскамоўнага тэлеканалу OstWest, Сяргей Кісялёў мае сан святара. Ён пераехаў у Нямеччыну ў 1996 годзе і служыў там у праваслаўных храмах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG