Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Коэн «шмат хлусіў», але не схлусіў пра адсутнасьць змовы з Расіяй


Майкл Коэн падчас слуханьняў у Кангрэсе ЗША, 27 лютага 2019
Майкл Коэн падчас слуханьняў у Кангрэсе ЗША, 27 лютага 2019

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго былы юрыст Майкл Коэн «шмат хлусіў» на слуханьнях у Кангрэсе напярэдадні, аднак не схлусіў у адной рэчы — калі заявіў, што яму невядома пра змову Трампа з Расеяй адносна ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары.

Трамп адказаў на пытаньне пра Коэна на прэс-канфэрэнцыі ў Ханоі пасьля саміту зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам, які завяршыўся безь ніякага пагадненьня. Прэзыдэнт абвінаваціў дэмакратаў у Кангрэсе ў арганізацыі слуханьняў з удзелам Коэна падчас важнага саміту.

Былы адвакат Трампа, раней асуджаны на тры гады турмы, у прыватнасьці, за хлусьню пад прысягай, выступіў у камітэце Палаты прадстаўнікоў з абвінавачаньнямі на адрас прэзыдэнта. Амэрыканская прэса перш за ўсё зьвяртае ўвагу на заяву Коэна пра тое, што Трамп даручыў яму заплаціць 130 тысяч даляраў порнаакторцы Сторм Дэніелс, каб тая захоўвала маўчаньне пра сувязь з будучым прэзыдэнтам. Гэтая аплата парушыла правілы фінансаваньня выбарчай кампаніі, сказаў Коэн. Тэарэтычна гэта магло б стаць падставай для крымінальнага перасьледу сына Трампа Дональда-малодшага або нават самога прэзыдэнта.

Гаворачы пра магчымыя сувязі прэзыдэнта з Расеяй, Коэн сапраўды сказаў, што ў яго няма доказаў сцвярджэньням пра змову. Аднак, паводле былога адваката, Трамп ведаў пра сустрэчу свайго сына Дональда Трампа-малодшага з расейскім юрыстам Натальляй Весяльніцкай летам 2016 году ў Нью-Ёрку. На сустрэчы абмяркоўваўся «кампрамат» на Гілары Клінтан. Коэн таксама заявіў, што Трамп кіраваў перамовамі наконт праекту будаўніцтва хмарачоса непадалёк ад цэнтру Масквы ўжо ў тым часе, калі быў кандыдатам у прэзыдэнты і публічна сьцьвярджаў, што ў яго няма дзелавых інтарэсаў у Расеі.

Акрамя таго, паводле Коэна, Трамп ведаў і пра рыхтаваны працёк перапіскі дэмакратаў, апублікаванай Wikileaks. Дакумэнты з сэрвэра Нацыянальнага дэмакратычнага камітэту, як лічыць сьледзтва, былі выкрадзеныя пры ўдзеле расейскіх хакераў.

Коэн выказаў меркаваньне, што спэцпракурор Робэрт Мюлер вядзе расьсьледаваньне супраць Трампа, аднак не паведамляе пра гэта публічна.

Штаб кампаніі па перавыбраньні Трампа прэзыдэнтам рэзка асудзіў Коэна, назваўшы яго «ашуканцам, асуджаным за хлусьню пад прысягай». Рэспубліканцы ў Кангрэсе крытыкавалі як Коэна, так і дэмакратаў, якія выклікалі яго на слуханьні. Кангрэсмэн Джым Джордан заявіў: «Першым сьведкам, які выступіў перад Кангрэсам у новым годзе, стаў чалавек, які неўзабаве адправіцца ў турму за хлусьню пад прысягай у ФБР і ў Кангрэсе».

  • У сераду Трамп заявіў, што Коэн — толькі адзін з адвакатаў, якія працавалі зь ім. У сваёй заяве ў Твітэры прэзыдэнт ЗША выказаў здагадку, што заявы Коэна могуць быць зьвязаныя зь яго жаданьнем скараціць тэрмін турэмнага зьняволеньня.
  • У сьнежні Коэна асудзілі на тры гадоы турэмнага зьняволеньня за хлусьню пад прысягай, парушэньне правілаў фінансаваньня выбарчых кампаній і ўхіленьне ад выплаты падаткаў.
  • У ЗША вядзецца расьсьледаваньне меркаванага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. У пачатку жніўня 2017 года спэцпракурор ЗША Роберт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў выбарах ў 2016 годзе. Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніцы Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан.
  • За час разглядаў сьледчыя не знайшлі непасрэдных доказаў таго, што Расея нейкім чынам падтрымлівала Трампа на выбарах 2016 году. Аднак высьветлілася, што яго дарадцы і адвакаты ўчынілі цэлы шэраг злачынстваў.
  • Сам Трамп і яго ключавыя памочнікі неаднаразова адхілялі падазрэньні ў нейкіх неправамерных кантактах з расейскімі ўладамі. Прэзыдэнт ЗША неаднаразова называў расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў». Масква таксама неаднаразова называла беспадстаўнымі сьцьвярджэньні аб спробах паўплываць на хаду прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG