Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы на тысячу жыхароў закрылі вакзал. Людзі папрасілі Дональда Трампа даслаць вігвам і прыбіральню


Плошча будынку 525 м². Пад аўтавакзал пакінулі толькі 33 м², рэшту здалі ў арэнду, але прыбытку так і не займелі. Фота 2017 году

Жыхары Доўску, што месьціцца паміж Гомлем і Магілёвам на скрыжаваньні дарог, засталіся без аўтавакзалу. Цяпер ім даводзіцца чакаць свайго рэйсу пад адкрытым небам без магчымасьці нават схадзіць у прыбіральню.

Зварот да беларускага прэзыдэнта плёну ня даў. І тады людзі адправілі калектыўны ліст Дональду Трампу з просьбай даслаць вігвам, прыбіральню, печку-буржуйку і лавачкі.

«Паважаны прэзыдэнт магутнай краіны! Вы працягнулі руку дапамогі Вэнэсуэле. Дапамажыце і беларусам, якія пацярпелі ад фашызму і аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акажыце гуманітарную дапамогу аматарам „малых радзім“», — гаворыцца ў пасланьні.

Ідэя сабраць подпісы пад гэткім лістом прыйшла Аляксею Паўлоўскаму. Ён езьдзіць праз Доўск на сваю малую радзіму. Перад гэтым быў калектыўны зварот да Аляксандра Лукашэнкі, але яго перанакіравалі гомельскім уладам, і адказ падпісантаў не задаволіў.

Першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Гарбачоў пісаў у адказе, што за 2016–2018 гады аўтавакзал прынёс стратаў больш як на 20 тысяч рублёў. За дзень прадавалі ўсяго крыху больш за 50 квіткоў.

Будынак вакзалу ўжо прадалі з аўкцыёну. А пасажырам абяцаюць абсталяваць «прыпыначны пункт».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG