Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад абяцае адкарэктаваць указ №222, які каштаваў прадпрымальнікам паўмільярда даляраў


Байкот прадпрымальнікаў супраць указу № 222

Указ № 222 будзе адкарэктаваны, пра гэта заявіў у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» першы намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандар Турчын.

Указ «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі» пачаў дзейнічаць са студзеня 2016 году. Ён абавязвае ўсіх, хто гандлюе імпартнымі таварамі лёгкай прамысловасьці, мець суправаджальныя дакумэнты.

Як нагадвае Finance.tut.by, індывідуальныя прадпрымальнікі просяць увесьці мараторый наконт наяўнасьці абавязковага пакета дакумэнтаў да таго часу, пакуль ня будзе наведзены «парадак у дакумэнтаабароце ў Расеі». На пачатку 2019 году прадпрымальнікі перадалі на імя Аляксандра Лукашэнкі калектыўны зварот з 7 тысячамі подпісаў.

Аляксандар Турчын
Аляксандар Турчын

«Мы цяпер аналізуем практыку прымяненьня ўказу № 222. Ёсьць думкі, каб гэты дакумэнт падкарэктаваць, і нават ня трошкі, бо некаторыя нормы сваю актуальнасьць страцілі», — сказаў Аляксандар Турчын і прывёў у прыклад чэкі на тавары з Расеі.

«Мы зь Міністэрствам падаткаў і збораў зробім агульны парадак. Ёсьць таварна-транспартныя накладныя ды іншыя дакумэнты, якіх цалкам дастаткова, каб правяраць легальнасьць увозу тавару на тэрыторыю нашай краіны», — адзначыў чыноўнік.

Па яго словах, урад хоча завершыць працу над зьменамі ўжо сёлета. У тым ліку гэтае пытаньне плянуецца абмеркаваць разам з прадстаўнікамі бізнэсу на паседжаньні Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва 27 лютага.
Адпачатку плянавалася, што ад 1 сакавіка 2015 году прадпрымальнікі мусяць прадаваць імпартныя тавары лёгкай прамысловасьці з суправаджальнымі дакумэнтамі. Але пасьля новаўвядзеньняў гандляры сталі масава спыняць працу па ўсёй Беларусі. У выніку тэрмін продажу рэшткаў без дакумэнтаў быў працягнуты на год.

Анатоль Шумчанка каля Міністэрства эканомікі
Анатоль Шумчанка каля Міністэрства эканомікі

У канцы 2016 году году старшыня аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім ён прасіў ўвесьці мараторый на дзеяньне ўказу № 222. У выніку была створана рабочая група пры Мінэканомікі ў праблемах ІП.

Паводле падлікаў «Пэрспэктывы», страты ад увядзеньня новых правілаў за апошнія 5 гадоў наблізіліся да 500 мільёнаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG