Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнік міліцыі, які зьбіў жанчыну на аўта, узначаліў цэнтар культуры: «Я панёс адказнасьць»


Горадня. Ілюстрацыйнае фота
Горадня. Ілюстрацыйнае фота

Дырэктарам Горадзенскага гарадзкога цэнтру культуры стаў Уладзімер Сацюк, які раней служыў намесьнікам начальніка Ўпраўленьня ўнутраных спраў Горадзенскага аблвыканкаму — начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі.

З ранейшай пасады ён сышоў у адстаўку па выслузе гадоў у 2018 годзе, паведаміў сайт hrodna.life.

Уладзімер Сацюк
Уладзімер Сацюк

Палкоўніка Ўладзімера Сацюка СМІ згадалі ў кастрычніку 2017 году ў сувязі з ДТЗ, у якім ён зьбіў на аўтамабілі 50-гадовую жанчыну. Яна трапіла ў шпіталь зь пераломам нагі.

Аднак чым скончылася гэтая гісторыя для самога Ўладзімера Сацюка, які застаўся тады на сваёй пасадзе ў горадзенскім УУС?

​У размове з карэспандэнтам Свабоды ён сказаў, што «расьсьледаваньне завершана, панёс адказнасьць».

Ён, аднак, ня стаў дзяліцца падрабязнасьцямі праз тэлефон.

На пытаньне, што зьбіраецца мяняць у працы цэнтру культуры, спадар Сацюк адказаў, што «пакуль уваходзіць у курс спраў».

«Пляны я для сябе склаў, але пра іх пакуль рана гаварыць».

Якую апошнюю кнігу прачытаў Уладзімер Сацюк? «Ірляндзкія казкі на ангельскай мове», — адказаў суразмоўца.

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці карэспандэнту Свабоды сказалі, што адносна Ўладзімера Сацюка «справы ў нас ніколі не было, не пачыналася».

Там не назвалі прозьвішча кіроўцы аўтамабіля, які зрабіў наезд у Бярозаўцы ў кастрычніку 2017 году.

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня СК па Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч паведаміў, што было вырашана вызваліць кіроўцу ад крымінальнай адказнасьці, «улічваючы хадайніцтва пацярпелай... той факт, што кіроўца ўпершыню ўчыніў менш цяжкае злачынства, раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, мае сталае месца жыхарства і характарызуецца станоўча, а таксама прызнаў віну цалкам... і поўнасьцю пакрыў шкоду».

Гэтае рашэньне СК было «ўзгоднена з пракурорам Горадзенскай вобласьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG