Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка Maruv перамагла на адборы на «Эўравізію» ад Украіны. Яе могуць не пусьціць праз канцэрты ў Расеі


Лягатып «Эўравізіі» ў 2017 годзе, ілюстрацыйнае фота
Лягатып «Эўравізіі» ў 2017 годзе, ілюстрацыйнае фота

У Кіеве сур’ёзна ставяць пытаньне: ці мае артыст права канцэртаваць у Расеі, калі хоча прадстаўляць Украіну.

Цягам двух дзён Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны (НСТУ) мае разглядзець пытаньне з прадстаўніком Украіны на сьпеўным конкурсе «Эўравізія», перадае «Громадське» словы сябры праўленьня НСТУ Аляксандры Кальцовай (таксама вядомай як Каша Сальцова – вакалістка гурту «Крихітка»).

На нацыянальным адборы перамагла сьпявачка Maruv, якая атрымала першае месца ў галасаваньні тэлегледачоў і другое ў галасаваньні журы. Перамогу мае ўзгадняць НСТУ, а ў кампаніі, кажа Кальцова, «ёсьць пункт, які трэба абгаварыць».

«Мы хацелі б пачуць ад Maruv адказы, і вядома хацелася б пакласьці дыскурс ва ўкраінскім грамадзтве: ці мае артыст, які прадстаўляе Ўкраіну на „Эўравізіі“, езьдзіць з канцэртамі ў Расею», — тлумачыла Кальцова.

Кальцова спаслалася на нейкі пункт у дамове з артыстам, які «прадугледжвае пэўныя рашэньні», але што гэта за пункт і ці зьвязаны ён з прамой забаронай выступаць у Расеі, яна не ўдакладніла.

Іншыя ўдзельнікі адбору таксама давалі канцэрты ў Расеі, і перад адборам пра нейкія забароны ў сувязі з гэтым не абвяшчалася.

Maruv анансавала прэс-канфэрэнцыю, на якой паабяцала адказаць на ўсе пытаньні адносна выступаў у Расеі. Раней яна казала, што выступала ў Расеі, каб «несьці мір песьняй», і заяўляла, што пасьля аднаго з канцэртаў расеец нібыта паабяцаў ёй «адкласьці «калаш« і больш ня езьдзіць на Данбас». Яна дадала, што ня ўсе жыхары Расеі «адкрыта паганыя, якія хочуць ваяваць».

Гэта ня першы скандал, зьвязаны з Украінай і «Эўравізіяй». У 2017 годзе Ўкраіну аштрафавалі за адмову пусьціць на конкурс, які праходзіў тады ў Кіеве, расейскую сьпявачку Юлію Самойлаву. Тая выступала ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме, за што ёй часова забаранілі ўезд ва Ўкраіну — паводле ўкраінскіх нормаў, яна трапіла ў Крым незаконна.

Беларусь пакуль ня вызначылася з прадстаўніком на сёлетняй «Эўравізіі», але Белтэлерадыёкампанія адабрала дзясятку фіналістаў (9 сьпяваюць па-ангельску, адна па-беларуску). Сам конкурс пройдзе ў траўні ў Ізраілі, фінал заплянаваны на 18 траўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG