Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тром палякам, якія напалі на беларускіх гастарбайтараў, далі да году турмы


Трое жыхароў гораду Голдапа (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва) пры самай польска-расейскай мяжы прыcуджаныя да розных турэмных тэрмінаў за напад на групу беларусаў, якія працуюць у Польшчы, паведамляе «Радыё Польшча».

Апэляцыйны суд Беластоку прысудзіў аднаму зь іх год турмы за разбойны напад, яшчэ двум — па 10 месяцаў. Усе асуджаныя раней былі судзімыя за крадзяжы і рабаваньні.

Летась у красавіку трое маладзёнаў напалі на групу беларусаў, бо ім не спадабалася, што тыя размаўлялі па-расейску. На думку пракуратуры, гэта быў напад на глебе нацыянальнай нянавісьці.

Сьведкам інцыдэнту ў Голдапе быў сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаеў, які працуе на мясцовым прадпрыемстве мэталёвых вырабаў Iryd. Ён якраз ішоў разам з сынам па другім баку вуліцы.

Паводле Макаева, некалькі маладых палякаў з Голдапа напалі на сямёх беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтым горадзе. Хуліганы выкарысталі сьлезацечны газ, аднаго зь беларусаў зьбілі бутэлькай па галаве.

Беларусы вярталіся з паказальных аўтамабільных выступаў у гатэль.

«Ішлі па вуліцы, наперадзе былі каля сямёх беларусаў. Маладыя палякі, іх было каля пяцёх, завязалі жорсткую бойку. Пусьцілі ў вочы беларусам пярцовы газ і потым сталі жорстка зьбіваць. Некаторыя зь беларусаў пасьпелі адрэагаваць. Палякі адышлі ўбок. Я падышоў да нашых хлопцаў, пытаюся: што здарылася? Яны сказалі, што нікога не чапалі, а тыя завязалі бойку», — распавядаў Свабодзе Алесь Макаеў.

Потым, паводле яго, палякі зноў атакавалі беларусаў.

«Там ужо дзікасьць была поўная. Зноў пачалі распыляць газ у вочы, мне таксама дасталася: пырснулі так, што нічога ня бачыў. Аднаго паляка я трымаў, а астатнія разьвязалі жорсткую бойку. Аднаму беларусу на поўным маху разьбілі аб галаву бутэльку зь півам. Наколькі я ведаю, на наступны дзень палякі прыйшлі з дрынамі і каравулілі беларусаў», — сказаў Макаеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG