Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзікасьць поўная». У польскім Голдапе месьцічы жорстка зьбілі беларусаў


8 красавіка група маладых палякаў зьбіла беларусаў у горадзе Голдапе (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва) пры самай польска-расейскай мяжы​. Нападнікам пагражае да 7,5 года пазбаўленьня волі.

«Аднаму беларусу разьбілі аб галаву бутэльку зь півам»

Сьведкам інцыдэнту ў Голдапе быў сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаеў, які працуе на мясцовым прадпрыемстве мэталёвых вырабаў Iryd. Ён якраз ішоў разам з сынам па другім баку вуліцы.

Паводле Макаева, некалькі маладых палякаў з Голдапа напалі на сямёх беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтым горадзе. Хуліганы выкарысталі сьлезацечны газ, аднаго зь беларусаў зьбілі бутэлькай па галаве.

Беларусы вярталіся з паказальных аўтамабільных выступаў у гатэль.

«Ішлі па вуліцы, наперадзе былі каля сямёх беларусаў. Маладыя палякі, іх было каля пяцёх, завязалі жорсткую бойку. Пусьцілі ў вочы беларусам пярцовы газ і потым сталі жорстка зьбіваць. Некаторыя зь беларусаў пасьпелі адрэагаваць. Палякі адышлі ўбок. Я падышоў да нашых хлопцаў, пытаюся: што здарылася? Яны сказалі, што нікога не чапалі, а тыя завязалі бойку», — сказаў Свабодзе Алесь Макаеў.

Алесь Макаеў
Алесь Макаеў

Потым, паводле Макаева, палякі зноў атакавалі беларусаў.

«Там ужо дзікасьць была поўная. Зноў пачалі распыляць газ у вочы, мне таксама дасталася: пырснулі так, што нічога ня бачыў. Аднаго паляка я трымаў, а астатнія разьвязалі жорсткую бойку. Аднаму беларусу на поўным маху разьбілі аб галаву бутэльку зь півам. Наколькі я ведаю, на наступны дзень палякі прыйшлі з дрынамі і каравулілі беларусаў», — сказаў Макаеў.

Паводле суразмоўцы, адна з вэрсій — палякам не спадабалася, што беларусы размаўлялі «па-расейску».

«Але ня ўсе беларусы валодаюць польскай мовай. Таму расейская мова тут часта гучыць, бо беларусаў многа. Канфліктаў праз гэта звычайна няма. Магчыма, хто незадаволены, што беларусы тут працуюць. Але яны выконваюць цяжкую працу».

Па словах Макаева, двое беларусаў, якім «больш за ўсіх дасталася», размаўлялі з польскімі дзяўчатамі, пачалі зь імі абдымацца і рабіць сэлфі.

«Магчыма, і гэта справакавала канфлікт. За дзяўчат тут бываюць такія жарсьці», — заключыў суразмоўца.

Алесь Макаеў кажа, што пакуль не даваў паказаньняў паліцыі, а бойка, хутчэй за ўсё, зафіксаваная на відэакамэру.

«Падазраваным пагражае пазбаўленьне волі да 7,5 года»

Паліцыя ў горадзе Голдап адмовілася камэнтаваць Свабодзе справу ў сувязі з тым, што ўся дакумэнтацыя перададзеная ў пракуратуру.

Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Сувалках Рышард Тамкевіч паведаміў нам, што інцыдэнт узьнік на глебе «нацыянальнай прыналежнасьці».

«Я пацьвярджаю, што пракуратура вядзе праверку наконт зьбіцьця 8 красавіка 2018 году каля 19-й гадзіны двух грамадзян Беларусі ў горадзе Голдап трыма грамадзянамі Польшчы, а таксама выкарыстаньня газу і парушэньня цялеснай недатыкальнасьці адносна пяці іншых грамадзян Беларусі — з прычыны іх нацыянальнай прыналежнасьці», — сказалі ў акруговай пракуратуры.

Падазраваных затрымалі, потым адпусьцілі. Ім пагражае да 7,5 года пазбаўленьня волі. Пракурор выдаў пастанову, якая забараняе падазраваным набліжацца да пацярпелых і да месца, дзе ў Голдапе знаходзяцца грамадзяне Беларусі.

«Над падазраванымі вядзецца паліцэйскі кантроль», — дадаў Рышард Тамкевіч.

Беларусы ў Голдапе на Дзень Волі 25 сакавіка 2017 году
Беларусы ў Голдапе на Дзень Волі 25 сакавіка 2017 году

«Ужо ня першы інцыдэнт у Голдапе»

Паводле Макаева, гэта ўжо ня першы інцыдэнт у Голдапе. Летась двое палякаў зьбілі рыдлёўкамі ў твар чатырох беларусаў.

«Гэта была вельмі жорсткая бойка. Але тады, здаецца, ніякай крымінальнай справы не пачыналі», — сказаў Макаеў.

Двое з пацярпелых хлопцаў працавалі на ягонай зьмене на прадпрыемстве мэталічных вырабаў Iryd, астатнія ўладкаваліся тут нядаўна. Пасьля інцыдэнту некаторыя зьехалі.

Усяго на розных прадпрыемствах у 15-тысячным Голдапе, што пры самай польска-расейскай мяжы, паводле ацэнкі Макаева, працуе каля двухсот беларусаў, ёсьць і ўкраінцы.

Макаеў дапамагае беларусам працаўладкавацца ў Польшчы

Алесь Макаеў працуе ў Голдапе каля году і чатырох месяцаў. Кажа, што палітычнага прытулку не прасіў, але зьехаў зь Беларусі, каб мець магчымасьць працаваць. Таксама ён дапамог ужо дзясятку беларусаў працаўладкавацца ў Польшчы.

«Многія плацяць па 150 даляраў пасярэднікам, каб атрымаць працоўную візу. А гэта ўсё можна рабіць бясплатна. То бок калі людзі губляюць працу з палітычных матываў у Беларусі, могуць зьвяртацца да мяне — дапамагу ўладкавацца», — кажа ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG