Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь скасоўвае крэдытнае пагадненьне на будоўлю новага заводу «Амкадор» у Калодзішчах


Мапа праекту забудовы ў Калодзішчах у сувязі з будаўніцтвам новага заводу «Амкадор»
Мапа праекту забудовы ў Калодзішчах у сувязі з будаўніцтвам новага заводу «Амкадор»

Пагадненьне аб льготным крэдыце для будаўніцтва завода па вытворчасьці спэцыяльных машын у Калодзішчах будзе скасавана «ў якасьці асновы для правядзеньня перамоваў».

Гэта вынікае з пастановы Савету Міністраў, якая апублікаваная на партале pravo.by.

Савет Міністраў ухваліў праект пагадненьня аб скасаваньні крэдытнага пагадненьня.

Пагадненьне аб выдзяленьні льготнага пакупніцкага крэдыту паміж урадам і Экспартна-імпартным банкам Кітаю было падпісана 15 траўня 2017 году.

Савет Міністраў упаўнаважыў Міністэрства фінансаў правесьці перамовы аб праекце пагадненьня. У пастанове дазволена пры неабходнасьці ўносіць у яго зьмены, «якія ня маюць прынцыповага характару».

Урад плянаваў прыцягнуць у 2017–2022 гадах ільготны пакупніцкі крэдыт Экспартна-імпартнага банку Кітаю тэрмінам на 18 гадоў для будоўлі заводу ў Калодзішчах на 192,7 млн даляраў.

8 траўня мінулага году ў Калодзішчах урачыста заклалі капсулу ў падмурак будучага заводу, будоўля распачалася.

Ці спыніць гэта будаўніцтва заводу?

​Ці азначае цяперашняя пастанова, што будаўніцтва новага заводу «Амкадор» у Калодзішчах, супраць якога пратэставалі мясцовыя жыхары, якія лічаць яго экалягічна шкодным, будзе спынена? На гэтае пытаньне ў кампаніі «Амкадор» карэспандэнту Свабоды не адказалі.

«Гэта пытаньне першай асобы, галоўнага акцыянэра. Цяпер ён у дзелавой камандзіроўцы. Мы спрабуем зь ім зьвязацца, але пакуль у нас не атрымалася. А камэнтаваць гэтае сур’ёзнае пытаньне ад імя прэс-службы я не магу», — сказаў кіраўнік прэс-службы ААТ «„Амкадор“ — кіроўная кампанія холдынгу»​ Аляксандар Маліноўскі.

Ён адзначыў, што «праект быў буйны і закладаўся зь вялікімі мэтамі».

Мінфін: «Мы атрымалі рашэньне, што ім немэтазгодна выкарыстоўваць гэтыя сродкі»

У Міністэрстве фінансаў карэспандэнта Свабоды пераадрасавалі ў «Амкадор».

«Мы толькі тэхнічна суправаджалі пагадненьне. І па іх рашэньні мы цяпер яго спыняем. Удакладняйце ў „Амкадора“ аб прычынах невыкарыстаньня гэтых сродкаў. Мы атрымалі ад іх рашэньне, што ім немэтазгодна выкарыстоўваць гэтыя сродкі», — сказала прэс-сакратарка Мінфіну Ірына Комар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG