Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь знайшла яшчэ адзін рынак для малочнай прадукцыі — Віетнам


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг і Аляксандар Лукашэнка падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг і Аляксандар Лукашэнка падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году

21 лютага Беларусь і Віетнам падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве ў Віетнаме заводу для вытворчасьці сухога малака і сухой малочнай сыроваткі.

Гэтую інфармацыю агучыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка на сустрэчы з новым амбасадарам Віетнаму ў Беларусі Фам Хаем.

Андрэйчанка назваў гэта добрай навіной. Віетнам стане новым рынкам для беларускай «малочкі». Пакуль Расея ўсё часьцей выказвае незадаволенасьць якасьцю беларускай мяса-малочнай прадукцыі, вытворцы шукаюць альтэрнатыўныя спажывецкія рынкі і знаходзяць іх у Кітаі і Віетнаме.

Андрэйчанка заявіў, што ў 2019 годзе існуе рэальная магчымасьць істотна павялічыць таваразварот паміж дзьвюма краінамі:

«У другой палове году ў Віетнаме запрацуе супольны завод па вытворчасьці грузавых аўтамабіляў МАЗ. У Ханоі пасьпяхова прайшлі апрабацыю 32 пасажырскія аўтобусы „МАЗ“. Падчас візыту кіраўніцы Нацыянальнага сходу Віетнаму Нгуен Тхі Кім Нган у першай палове 2019 году мы правядзем у Менску вялікі бізнэс-форум, на якім пакажам магчымасьці беларускага рынку».

Апошнія чатыры гады таваразварот паміж Беларусьсю і Віетнамам стабільны, ён вагаецца ў памеры 120-130 мільёнаў даляраў.

У плянах 500 мільёнаў даляраў таваразвароту

Сёлета Беларусь і Віетнам плянуюць давесьці двухбаковы гандаль да 500 мільёнаў даляраў. Такую мэту паставілі кіраўнікі дзяржаў Аляксандар Лукашэнка і Чан Дай Куанг падчас візыту апошняга ў Менск у чэрвені 2017 году.

Экспэрт Яўген Красулін ставіць выкананьне сёлета гэтай задачы пад сумнеў:

«Таваразварот нарастаць будзе. Але ня так хутка. Мы дабавім сухія малочныя сумесі, грузавікі і аўтобусы. Яны могуць павялічыць аграрную прадукцыю, рыбу. Ёсьць яшчэ кава. Мабыць, далёка ня ўсе ведаюць, што Віетнам стаў другім пастаўшчыком кавы на ўсясьветны рынак».

Спадар Красулін дадае, што Віетнам неўзабаве стане моцным гульцом і на рынку электронікі.

«У гандлёвай вайне ЗША і Кітаю на гэтым сэгмэнце рынку пераможцам будзе Віетнам. Ён выглядае вельмі прывабнай пляцоўкай як для экспарту, так і для імпарту. Апошнім часам кітайскія бізнэсоўцы ўсё часьцей пераводзяць свае вытворчасьці ў Віетнам», — тлумачыць Красулін.

Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў гандлі Беларусі і Віетнаму пакуль няма ні пераможцаў, ні прайграўшых, паколькі ў таваразвароце існуе рэальны балянс.

«Але ў пэрспэктыве мы будзем купляць у Віетнаме ўсё больш, а пастаўляць туды прадукцыю на тую ж суму будзем ня здольныя. Таму, з кожным годам, мне здаецца, станоўчы балянс будзе нарастаць на карысьць Віетнаму», — прагназуе Яўген Красулін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG