Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні папрасілі забясьпечыць прысутнасьць студэнтаў на службах у царкве і касьцёле


Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы (галоўны корпус)
Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы (галоўны корпус)

Горадзенскіх студэнтаў запрасілі на богаслужэньні ў праваслаўны і каталіцкі храмы гораду. У рамках сьвяткаваньня гадавіны ўнівэрсытэту, як піша тэлеграм-канал Nexta, прадстаўнікоў факультэтаў папрасілі «забясьпечыць» па 5-7 чалавек. Ва ўнівэрсытэце кажуць, што ніякага прымусу не было, усё добраахвотна.

Прадстаўнік моладзевага парлямэнту пры Горадзенскім абласным савеце дэпутатаў, студэнт Горадзенскага ўнівэрсытэту Кірыл Саковіч на сваёй старонцы сацыяльнай сеткі «ЎКантакце» запрасіў студэнтаў свайго ВНУ на малебны ў галоўныя храмы гораду: Сьвята-Пакроўскі сабор і Фарны касьцёл 20 і 22 лютага.

Сьвята-Пакроўскі сабор у Горадні
Сьвята-Пакроўскі сабор у Горадні

«Калі ў каго будзе жаданьне, то можаце схадзіць», — напісаў ён і дадаў: «Прашу вас… забясьпечыць ад факультэта прадстаўніцтва ў колькасьці 5-7 чалавек».

Гэты запіс для сяброў стаў публічным пасьля рэпосту студэнтам Ільлём Папенюком. Але пазьней той яго выдаліў.

Унівэрсытэт: прымусу не было

Намесьніца начальніка цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Вольга Кішкель патлумачыла, што студэнтаў і выкладчыкаў сапраўды запрашалі на малебны. Яны праводзяцца ў межах праграмы сьвяткаваньня 79-годзьдзя ўнівэрсытэту.

«Паверце, гэта ўсё добраахвотна. Ніхто не павінен справаздачыцца. Ён (Кірыл) толькі запрашае», — адзначыла Вольга Кішкель.

На пытаньне, ці малебны замовілі супрацоўнікі ўнівэрсытэту і падчас іх будуць маліцца за студэнтаў і выкладчыкаў, Вольга Кішкель адказала:

«Думаю, так. У нас ёсьць праграма супрацоўніцтва [з цэрквамі]. У нас ёсьць цэлая праграма мерапрыемстваў, у межах якой мы сёлета ўключылі і малебны».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG