Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эсьмінец ЗША ўвайшоў у Чорнае мора для сумесных вучэньняў з Украінай


Амэрыканскі эсьмінец «Дональд Кук», архіўнае фота
Амэрыканскі эсьмінец «Дональд Кук», архіўнае фота

Амэрыканскі эсьмінец «Дональд Кук» зноў увайшоў у Чорнае мора для правядзеньня сумесных вучэньняў з Украінай ды іншымі саюзьнікамі, аб’явілі ў ВМС ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прыбыцьцё карабля ў Чорнае мора, якое стане яго другім візытам сёлета, адбудзецца на фоне эскаляцыі напружанасьці і гвалту паміж сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея, і ўкраінскімі сіламі.

Украінскі флёт праводзіць вучэньні ў чаканьні атакі ў адкрытым моры з боку Расеі, асабліва ў раёне ўкраінскага порта Марыюпаля, дзе Расея захапіла і пасадзіла ў турму 24 маракоў з трох украінскіх судоў у канцы мінулага году.

Як паведаміў камандуючы сіламі ВМС ЗША ў Эўропе адмірал Джэймс Фог, «Дональд Кук» зойдзе ў порт Адэсы.

«Увесь гэты эпізод у Азоўскім моры быў для мяне вельмі цяжкім», — заявіў адмірал Фог у гутарцы з журналістамі ў кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі пра бясьпеку на мінулых выходных.

У канцы лістапада 2018-га расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па ўкраінскіх вайсковых караблях, якія спрабавалі прайсьці праз Керчанскую пратоку — вузкі водны шлях, які злучае Чорнае мора з Азоўскім. Украінскія маракі былі арыштаваныя.

«Мы праяўляем салідарнасьць», — заявіў Фог, камэнтуючы перакідку «Дональда Кука» ў рэгіён з вайсковай марской базы Рота ў Гішпаніі.

Фог асудзіў дзеяньні расейскіх уладаў, якія пасадзілі ў турму 24 украінскіх маракоў, абвінавачыўшы ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы.

«Гэта пастаянна хвалюе мяне, — заявіў Фогг журналістам. — Гэта ўкраінскія маракі, афіцэры і камандзіры. Яны не злачынцы, а ім прад’яўляецца абвінавачаньне ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам. Яны павінны атрымаць абарону ў адпаведнасьці з Жэнэўскай канвэнцыяй, вось чаму ЗША і іншыя краіны NATO ўмешваюцца ў сытуацыю і патрабуюць вызваліць іх неадкладна, але Расея па-ранейшаму ўтрымлівае іх. Гэта абсалютна няправільна, і гэта ня тыя паводзіны, якіх можна чакаць ад вялікай дзяржавы, якой хоча быць Расея».

Сумесныя амэрыканска-ўкраінскія вучэньні былі заплянаваны ў сувязі з перамовамі ў ЭЗ аб увядзеньні новых санкцый супраць расейцаў, якія маюць дачыненьне да інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы, заявіў эўрапейскі дыплаямат.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG