Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румас: Адсутнасьць базавага пагадненьня паміж Беларусьсю і ЭЗ — контрапрадуктыўная


Прэм'ер-міністар Сяргей Румас
Прэм'ер-міністар Сяргей Румас

Брак базавага пагадненьня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам «контрапрадуктыўны для абодвух бакоў», заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Румас на сустрэчы з эўрапейскім камісарам у пытаньнях бюджэту і чалавечых рэсурсаў Гюнтэрам Этынгерам.​

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

Як мы паведамлялі, сёньня ў Менску прайшлі перамовы эўрапейскага камісара па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэра Этынгера з кіраўніцтвам Беларусі. Эўрапейскага чыноўніка прынялі Аляксандар Лукашэнка, прэм’ер Сяргей Румас, міністар фінансаў Максім Ермаловіч, намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

«Хацеў бы пачуць, што неабходна зрабіць для таго, каб як мага хутчэй заключыць базавае пагадненьне паміж Беларусьсю і ЭЗ» — сказаў кіраўнік беларускага ўраду. Адсутнасьць базавага пагадненьня ён назваў «праўным вакуўмам».

Завяршэньню перамоваў аб базавым пагадненьні Беларусі з ЭЗ, паводле ацэнак некаторых назіральнікаў, перашкаджае Літва. Вільня незадаволеная будаўніцтвам Беларускай АЭС непадалёк ад сваёй дзяржаўнай мяжы.

Прэмʼер-міністар таксама закрануў тэму заключэньня з ЭЗ пагадненьня аб спрашчэньні візавых працэдураў, дадаўшы, што «гэты дакумэнт ужо на фінішнай стадыі».

Падчас сустрэчы абмеркаваныя захады дзеля павялічэньня таваразвароту паміж Беларусьсю і ЭЗ. Паводле прэмʼера, бакі ў 2019 годзе могуць вярнуцца да максымальнага ўзроўню таваразвароту, які быў у 2012 годзе, — 26,9 млрд даляраў. Румас падкрэсьліў, што за мінулы год экспарт Беларусі ў ЭЗ вырас у параўнаньні з 2017 годам на 30%.

Прэмʼер-міністар станоўча ацаніў супрацоўніцтва зь фінансавымі інстытутамі Эўразьвязу. Нядаўна Эўрапейскі інвэстыцыйны банк узгадніў для Беларусі інвэстыцыйныя праекты на 110 млн эўра, разьвіваецца супрацоўніцтва з ЭБРР, пералічыў кіраўнік ураду.

«Беларускі бок ведае, што ЭЗ будзе прымаць новы бюджэт на 2021–2027 гады, дзе будзе павялічанае фінансаваньне супрацоўніцтва з краінамі-суседзямі. Сяргей Румас выказаў надзею, што Беларусь таксама будзе ўдзельнічаць у сумесных праграмах з Эўразьвязам» — адзначылі ў прэсавай службе ўраду.

Гюнтэр Этынгер адзначыў, што апошнія гады характарызуюцца пазытыўнай дынамікай у адносінах Менску і Брусэлю. «Яе можна працягнуць у 2019 і 2020 гадах, выкарыстоўваць для рэалізацыі сумесных праектаў, знаходжаньня рашэньняў, у якіх не будзе тых, хто прайграў, — толькі тыя, хто перамог» — сказаў эўракамісар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG