Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што бачаць беларусы, калі ўглядаюцца ў неба?


Ранішняя зорка. Мастак Ёзэф Шэрментоўскі. Алей, палатно. 1874 г.
Ранішняя зорка. Мастак Ёзэф Шэрментоўскі. Алей, палатно. 1874 г.

Арыгінальная публікацыя - 17 лютага 2016

Сучасная навука дасягнула неймаверных вышыняў. Яна можа даць адказ ці не на любое пытаньне, зьвязанае як з эвалюцыяй прыроды, гэтак і з быцьцём чалавека, грамадзтва. Тым ня меней шмат людзей ва ўсім сьвеце стагодзьдзямі вераць у астралёгію, у залежнасьць свайго лёсу ад становішча зорак. І вера гэтая не зьнікае. Гараскопы друкуюць у прэсе, агучваюць на радыё. Да іх прыслухоўваюцца. Дык чаму людзі аж да сёньня вераць у астралёгію, якой не прызнаюць ні навука, ні рэлігія? Якой была беларуская народная астралёгія? Як прадказвалі, варажылі, замаўлялі па зорках беларусы ў сваім мінулым? І што з народнай астралёгіі застаецца ў сьвядомасьці беларусаў аж да сёньня?

Гутарка з этнаастраномам Цімафеем Авіліным.

Вячаслаў Ракіцкі: Чаму ў сучасным сьвеце ўвогуле, у Беларусі ў прыватнасьці, людзі, нават вельмі адукаваныя, вераць астролягам? У якія пэрыяды, моманты жыцьця, быцьця гэтая вера нарастае, абвастраецца? Калі людзі кідаюцца да гараскопаў?

Цімафей Авілін: Кожны чалавек сам сабе адказвае на гэтае пытаньне, калі ў жыцьці здараецца нешта такое, чаго ён ня можа растлумачыць, калі рацыянальны складнік не дапамагае. Калі адбываюцца перамены на любым узроўні, ці цэлай краіны, ці вёскі, гораду, ці асобнага чалавека, калі вызначаецца іх лёс, тады чалавек пачынае зьвяртацца да нейкіх патаемных сілаў, да нейкай магіі. Людзі шукаюць у іх свой куточак праваты, разуменьня і веры.

Ракіцкі: А вы самі верыце ў астралёгію?

Цімафей Авілін
Цімафей Авілін

Авілін: Калі ў маім жыцьці ўсё спакойна, тады я і ня думаю пра гэта, а проста займаюся ёй як навуковай справай. Але калі ў жыцьці адбываюцца нейкія нечаканасьці, паўстаюць праблемы, пачынаеш часьцей паглядаць на неба, на зоркі. Дзеля таго каб зрок быў лепшы.

Ракіцкі: А архаічныя беларусы? Ці часта яны глядзелі на неба, шукаючы там адказу? Ці стварылі яны сваю народную астралёгію? Якая яна была, а мо і ёсьць?

Авілін: Безумоўна. І сярод іншых народаў беларусы не выключэньне. У іхных уяўленьнях таксама прысутнічае прагматычны складнік. Ім таксама было важна, калі сеяць, саджаць.

А другі складнік — магічны. У клясычнай астралёгіі чалавек суадносіць дату вашага нараджэньня і разьмяшчэньне на той час зорак, сузор’яў на небе. У традыцыйным грамадзтве гэта ўсё крыху інакш. У ім чалавек свой лёс аддае на дыялёг з вышэйшымі сіламі. Тут ужо не падлік, як у клясычнай астралёгіі, а чаканьне нейкага выпадку і чаканьне нейкага адказу.

Нядаўна я размаўляў наконт гэтага з адной жанчынай з Нараўлянскага раёну. І яна мне сказала, што ўвогуле баіцца глядзець на неба. Для яе неба — гэта, напэўна, як Бог, нешта патаемна-магічнае, дзе адбываецца само па сабе нешта непадуладнае чалавечаму розуму.

Людзі прызвычаіліся думаць, што астроляг — гэта такі чалавек, можа і з каўпаком на галаве, які сядзіць дзесьці пры сьвечках і вылічвае, якая плянэта ў якім сузор’і падчас нараджэньня чалавека або нейкай падзеі. Дык вось: гэтага складніку «вылічэньня» ў народнай астралёгіі, прынамсі паводле наяўнага матар’ялу, няма. Хутчэй, асновай у народнай астралёгіі выступае паняцьце «раптоўнасьці» або чагосьці нечаканага, непрадказальнага.

Даволі часта вызначалі розныя падзеі па мэтэорах, якія ў народзе проста называлі «лятаючай» або «спадаючай» зоркай. Зьяву гэтую нельга прадказаць, таму і адказ на нейкае «ўнутранае» пытаньне будзе, такім чынам, «будаваны» на аснове чагосьці, што зьвязана з найвышэйшымі сіламі, якія кіруюць гэтай спадаючай зоркай. Да прыкладу, у пэрыяд Калядаў дзяўчаты маглі выходзіць і глядзець, у які бок ляціць зорка — адтуль і жаніх будзе. Або па хуткасьці спадаючай зоркі маглі прадракаць, як пройдуць роды: калі доўга ляціць — цяжкія будуць і доўгія, а як хутка ляціць — лёгка пройдуць. Падобным чынам вызначалі і надвор’е: як зорка ляціць — вецер будзе.

Выявы лятучых зорак. Радзівілаўскі летапіс. Канец XV стагодзьдзя
Выявы лятучых зорак. Радзівілаўскі летапіс. Канец XV стагодзьдзя

Ракіцкі: Людзі нейкім чынам сыстэматызавалі свае назіраньні за зоркамі?

Авілін: Так, але сыстэматызацыя адбывалася не ў пісьмовай форме, а ў форме духоўнага разуменьня таго, што ёсьць зорка і што ёсьць чалавек. Даволі часта па вёсках казалі: колькі ёсьць зорак на небе, столькі ёсьць зорак на зямлі. Праз гэтую аналёгію паміж чалавекам тут і як бы ягонай праекцыяй на зорным небе, зоркамі на небе і людзьмі на зямлі — своеасаблівы беларускі космас — выбудоўваліся нейкія прадказаньні або прадраканьні лёсу.

Да прыкладу, калі чалавек нараджаўся, павітуха магла выходзіць на двор і глядзець, якая там зорка, яркая ці цьмяная, у адзіноце яна ці ў сузор’і, атачэньні іншых зорак.

На Веткаўшчыне, да прыкладу, мною зафіксаваны акурат такі аповед пра адну павітуху. Калі дзіця нараджалася, яна заўсёды выбягала і глядзела на зоркі. Для адной дзяўчыны яна прадказала такі лёс — яна будзе вельмі прыгожая, але застанецца на ўсё жыцьцё самотная, ня знойдзе сваёй пары. Так і сталася — пацьвердзіла потым бабуля, зь якой мы гутарылі. Мне падаецца, што павітуха магла глядзець на нейкую яркую зорку і яе атачэньне: калі побач няма іншых зорачак — значыць, будзе адзінокая, безь сям’і, а як ёсьць — ажэніцца.

Ракіцкі: Як я разумею, зорка, якая ляціць, — гэта нешта кшталту мэтэора. А паводле іх колькасьці, іх зьзяньня, іх разьмяшчэньня на небе рабілі прадказаньні?

Авілін: Так. Да прыкладу, як зоркі мігцяць — цёплы дзень будзе. Па колькасьці зорак на Каляды маглі прадказваць ураджай грыбоў, ягадаў, прыплод скаціны, удойнасьць кароваў. Цікава, што вядомы геральдычны сымбаль паўмесяца з зоркаю ў кантэксьце некаторых зафіксаваных вераваньняў мае зусім іншыя канатацыі. Казалі, што калі зорка будзе побач зь Месяцам, дык нехта памрэ. Магчыма, гэтае вераваньне мае свае карані яшчэ ў дахрысьціянскіх традыцыйных уяўленьнях пра Перуна, Заранку і Месяц. Заранка, жонка Сонца, здрадзіла зь Месяцам, вось за гэта Сонца і расьсекла яго, што мы цяпер і бачым штомесяц — яго перараджэньне. Можа, такое нябеснае спатканьне дваіх «закаханых» чарговым разам указвае на небясьпеку.

Цімафей Авілін і Вячаслаў Ракіцкі
Цімафей Авілін і Вячаслаў Ракіцкі

Ракіцкі: Вы ўзгадалі Месяц. Чаму зь яго фазамі зьвязаныя і прадказаньні, і прадпісаньні? Якія зь іх былі найбольш пашыраныя? Асобныя аж да сёньня захоўваюцца. Я, прыкладам, таксама вельмі часта зважаю на яго «інструкцыі»: калі ставіць капусту, калі што саджаць на лецішчы. Я таксама крыху пабойваюся, што ў поўню галава можа балець. Нейкі месяцавы каляндар існаваў, існуе ў беларусаў?

Авілін: Безумоўна. Мне адна бабулька неяк казала, што як поўня, дык яна аж шалее. І дзяцей нельга было класьці пад месячнае сьвятло, каб яны ня сталі люнатыкамі. Увогуле шмат прадраканьняў і прадпісаньняў зьвязаныя з рознымі фазамі, або квадрамі, Месяца — калі і што саджаць (тое, што ўніз расьце, караняплоды, — трэба ў поўню саджаць, тое, што ўверх — пад маладзік), калі пераяжджаць у хату, які будзе лёс чалавека, калі стрыгчы валасы — гэта вельмі папулярныя вераваньні. Гэта яшчэ раз даказвае, што чалавек жыве ня толькі ў сонечным, але й у месяцавым цыкле, або паводле месяцавага календара.

Ракіцкі: Мы пакуль што гаварылі пра прадказаньні, прыкметы. А ці вядомыя якія практыкі, зьвязаныя з зоркамі? Прыкладам, народнае астралягічнае чарадзейства?

Авілін: Вядомыя, і аж дагэтуль. Найбольш вядомыя — чытаньне замоваў на раньнюю або вячэрнюю зорку, або чытаньне замоваў на Месяц. Менш ужо вядомыя розныя практыкі «зарэньня» — выстаўленьня пад зорнае неба розных прадметаў. Каб былі доўгія валасы, як падае зорка, трэба было іх «патузаць» (пацягаць) — тады будуць такія ж даўгія, як хвост спадаючай зоркі. Або, як ёсьць бародаўкі на руках, дык трэба трэсьці рукою, а як ляціць зорка — нібыта скідваеш бародаўку. Дзяўчаты любілі варажыць па зорках. Так, на Каляды шмат дзе яны выходзілі на двор, глядзелі на неба, выбіралі зорку і сачылі, у які бок яна ляціць. Адтуль, як яны лічылі, і жаніх у іх зьявіцца.

Начное балота. Мастак Ёзэф Рапацкі. Алей, палатно. 1918 г.
Начное балота. Мастак Ёзэф Рапацкі. Алей, палатно. 1918 г.

Ракіцкі: Хто займаўся астралёгіяй? Людзі, надзеленыя звышнатуральнымі сіламі?

Авілін: Гэта добрае пытаньне! Памятаю, як пытаесься на вёсцы пра астраномію, дык кажуць, што «не-не, гэта ўсё ведзьмы нейкія, чараўнікі»... Выходзіць, што й зьбіральнік трапляе ў кола чараўнікоў і ведзьмаў. Паводле правілаў мовы іх бы варта называць не астролягамі, а — зьвездарамі. А калі бяз жартаў, дык гэта, вядома, просты наш звычайны вясковы жыхар, які часьцей глядзіць на неба, чым у тэлевізар, і які мае пэўныя сакральныя веды. А ўжо людзі казалі, што ён надзелены нейкімі звышнатуральнымі магчымасьцямі. Праўда, былі на вёсках і гэтак званыя «плянэтнікі». У нас яны радзей вядомыя, але ў Польшчы — вядомая зьява. Гэта былі людзі, якія нібыта маглі кіраваць хмарамі. Ёсьць фотаздымкі такіх людзей, якія выходзілі на двор, уздымалі рукі і нібыта кіравалі хмарамі.

Ракіцкі: Сваімі дзеяньнямі ўплывалі на іх, спрабавалі ўгаварыць іх? Закліналі, прасілі? Ня цалкам падпарадкоўваліся прыродзе?

Авілін: Безумоўна, любы дыялёг — гэта ўзьдзеяньне. Калі мы глядзім на зоркі і думаем пра іх — гэта ўжо дыялёг. Ён у цэнтры народнай астралёгіі. І тут, як і заўжды і ўсюды, ёсьць проста майстры, а ёсьць геніі.

Сем зорак на «другой» сфэры — Вялікая Мядзьведзіца. Надпіс на ёй па-царкоўнаславянску: «7 зорак, называныя Лось, іначай Мядзьведзь». Пасхалія. XVIII ст. Расейская дзяржаўная бібліятэка, ф.242, № 66, арк.155 адв. — 156
Сем зорак на «другой» сфэры — Вялікая Мядзьведзіца. Надпіс на ёй па-царкоўнаславянску: «7 зорак, называныя Лось, іначай Мядзьведзь». Пасхалія. XVIII ст. Расейская дзяржаўная бібліятэка, ф.242, № 66, арк.155 адв. — 156

Ракіцкі: Хрысьціянства асуджала астралёгію. А як людзі, колішняе грамадзтва ставіліся да гэтак званых народных астролягаў? Які статус яны мелі? Не каралі за чарадзейства? А мо паважалі?

Авілін: Хрысьціянства карала ня тут, а там, далёка на захад ад Беларусі. У нас усё было прасьцей. У нас добра зжыліся хрысьціянства і традыцыйныя вераваньні, тое, што цяпер называюць народнай Бібліяй. Гэтых людзей і паважалі, і баяліся. Баяліся больш, чым чалавека з палкай, які можа пабіць. Праклёнаў чарадзея баяліся больш за палку. Людзі лічылі за лепшае пайсьці зь імі параіцца, калі што саджаць, калі што рабіць. Мне адна жанчына акурат расказвала, што ўсе вёскаю хадзілі да нейкага мужчыны па парады. Сустракаюцца аж да сёньня такія формы апісаньня сацыяльнага статусу гэтак званых чарадзеяў.

Ракіцкі: Народная астралёгія засталася ў мінулым? Людзі карыстаецца ёй як даўнейшым фальклёрам. Ці яна мае працяг і сёньня? Дзе? Вёска ж вымірае...

Авілін: Народная астралёгія жывая, але асобныя, так бы мовіць, яе галіны гібеюць, бо мала хто зьбірае, запісвае гэтыя ўяўленьні і практыкі. А калі ніхто не пытаецца, дык каму адказваць?

Хоць тое, што зьвязанае зь Месяцам, нядрэнна разьвіваецца, бо яно было больш пашыранае і зьвязанае з прыкметамі. Нават у нашы дні прыходзіш у Менску ў цырульню, а табе майстар ня раіць стрыгчыся — маўляў, ня тая квадра. Ці людзі часам вераць, што калі пакажаш Месяцу грошы, дык і будзеш мець шмат грошай.

Я ўжо не кажу пра тое, што ці ня ўсе загадваюць жаданьні, калі ляціць зорка.

Жывая вера яшчэ і ў разьмяшчэньне зорак. Да прыкладу, у залежнасьці ад таго, «сышліся» зоркі ці не, калісьці прадказвалі, жывы чалавек ці не. Што гэта дакладна азначае «сышліся» — невядома. Можа, нейкім чынам вызначалі наяўнасьць пэўных зорак на небе, а можа — глядзелі на мэтэоры.

У кожным разе, сёньня ўзгадваецца знакамітае выказваньне Пятра Пракаповіча пра прычыны праблемаў у эканоміцы Беларусі: «Зоркі не сышліся!» — дык астралёгія жывая, і ня толькі на вёсках.

А вось формы кіраваньня стыхіямі адыходзяць разам з адыходам вёскі. Можа, чарадзействы і не назаўсёды адыходзяць, але адыходзяць прынамсі ўбок да наступных узрушэньняў жыцьця. Натуральна, вёска вымірае, што само па сабе дрэнна, бо разам зь ёю выміраюць і носьбіты традыцыйнай культуры. І наша задача — пасьпець як мага больш запісаць, бо вусная перадача ведаў значна лепшая, бо жывая, а ўсім людзям патрэбная камунікацыя.

Ілюстрацыі з кнігі: Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. — Менск, Тэхналёгія, 2015.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG