Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пачынае вырашальны раўнд перамоваў аб далучэньні да WTO


Штаб-кватэра ЎГА ў Жэневе. Ілюстрацыйнае фота

15 лютага ў Жэнэве пройдзе пасяджэньне рабочай групы Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) аб далучэньні Беларусі, паведаміў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Перамовы беларускай дэлегацыі з асобнымі краінамі пачаліся яшчэ 11 лютага. Беларускую дэлегацыю ачольвае першы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

Экспэрты называюць гэты раўнд перамоваў для Беларусі вырашальным на шляху ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, паколькі за сталом зьбяруцца 6 партнэраў Беларусі, у якіх высокі аўтарытэт у WTO: ЗША, Эўразьвяз, Украіна, Канада, Аўстралія і Бразылія.

У беларускую дэлегацыю ўключана шмат экспэртаў зь міністэрстваў замежных спраў, фінансаў, эканомікі, юстыцыі, Нацыянальнага банку.

У Андрэя Еўдачэнкі заплянаваныя сустрэчы з намесьнікам генэральнага дырэктара WTO Аланам Вульфам і старшынём рабочай групы Кемалем Мадэнаглу.

Экспэрт: Беларусь ужо даўно павінна была быць у WTO

Эканаміст Сяргей Чалы ўпэўнены: беларускія ўлады зацягнулі з далучэньнем да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

«Гандаль ніколі не абыходзіўся бяз пэўных спрэчак. Так было, так ёсьць і, мабыць, так будзе заўсёды. Моц WTO якраз у тым, што менавіта яна вырашае, хто мае рацыю, а хто памыляецца пры вырашэньні спрэчных пытаньняў. Гэта цывілізаваная практыка, і нам пара да яе далучацца».

Першапачаткова Беларусь мела намер далучыцца да WTO разам з Расеяй ці Казахстанам. Аднак Расея ўступіла ў арганізацыю ў 2013 годзе, Казахстан — у 2015.

Цяпер ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ўваходзяць 164 краіны, 22 — на шляху да ўступленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG