Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША працягваюцца спрэчкі вакол мяжы з Мэксыкай, застаецца пагроза новага «шатдаўну»


Ілюстрацыйнае фота. Мігранты на мяжы ЗША і Мэксыкі
Ілюстрацыйнае фота. Мігранты на мяжы ЗША і Мэксыкі

Чацьвёртай частцы фэдэральнага ўраду ЗША зноў пагражае прыпыненьне працы, калі да канца дня ў пятніцу гэтага тыдня ня будзе прынята рашэньне працягнуць фінансаваньне. Папярэдні «шатдаўн», які працягваўся рэкордныя 35 дзён, завяршыўся толькі ў студзені, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У цэнтры дыскусіі застаецца пытаньне аб фінансаваньні будаўніцтва загароды на мяжы ЗША і Мэксыкі. Прэзыдэнт Дональд Трамп патрабуе выдзеліць на гэтыя мэты 5,7 мільярда даляраў. Дэмакраты, якія цяпер кантралююць Палату прадстаўнікоў Кангрэсу, мяркуючы па ўсім, гатовыя выдзеліць некаторую суму, але значна меншую, чым хоча прэзыдэнт.

Некалькі заканадаўцаў на днях заявілі, што яны блізкія да дасягненьня дамоўленасьці, але пакуль незразумела, з чым гатовы пагадзіцца Трамп.

У нядзелю сэнатар Рычард Шэлбі, вядучы рэспубліканец у камісіі з 17 заканадаўцаў, якія спрабуюць распрацаваць пагадненьне аб фінансаваньні захадаў у ахове межаў, заявіў Fox News: «Мне здаецца, перамовы застопарыліся. Я ня ўпэўнены, што мы дасягнем выніку».

Выканаўца абавязкаў кіраўніка апарату Белага дома Мік Малвэйні заявіў, выступаючы на канале NBC News, што магчымасьці новага «шатдаўну» «абсалютна нельга» выключыць. Паводле яго, адказ на пытаньне пра тое, ці блізкія заканадаўцы да заключэньня пагадненьня аб фінансаваньні ўмацаваньня аховы межаў, «залежыць ад таго, каго вы слухаеце».

«Прэзыдэнт сапраўды лічыць, што на мяжы паўстаў крызіс у сфэры нацыянальнай бясьпекі і гуманітарны крызіс, і ён мае намер нешта зрабіць у сувязі з гэтым, — дадаў Малвэйні. — Ён мае намер зрабіць усе законныя захады, каб абараніць гэтую мяжу».

Паводле Малвэйні, калі Трамп не даб’ецца выдзяленьня грошай у неабходным яму аб’ёме, ён, магчыма, скажа: «Я знайду грошы ў іншым месцы» і скарыстаецца іншымі ўрадавымі фондамі. Гэтае рашэньне напэўна будзе абскарджана дэмакратамі.

У панядзелак Трамп мае намер наведаць участак мяжы ў Эль-Паса, штат Тэхас, і правесьці мітынг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG