Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч аднаўляе «Інтэлектуальны клюб». Прыедуць Снайдэр і Пракапеня


Сьвятланы Алексіевіч
Сьвятланы Алексіевіч

На сустрэчы са сваімі прыхільнікамі на Менскай міжнароднай кніжнай выставе нобэлеўская ляўрэатка паведаміла, што ў сакавіку паседжаньні «Інтэлектуальнага клюбу» адновяцца. І першымі гасьцямі будуць вядомы амэрыканскі гісторык Цімаці Снайдэр і беларускі «айцішнік» Віктар Пракапеня.

«Што да перапынку ў працы «Інтэлектуальнага клюбу», прабачце мяне, але летась я хварэла. Але з сакавіка мы пачынаем. Спадзяюся, адкрые новы сэзон Цімаці Снайдэр — ён мне паабяцаў. Наступным госьцем будзе беларус Віктар Пракапеня. Ён распавядзе пра будучыну, якая мяне палохае», — распавяла Сьвятлана Алексіевіч.

Набілянтка падзялілася досьведам, як яна нядаўна была ў аэрапорце ў нарвэскім Осла.

«Дзякуй Богу, я была зь перакладчыцай. У аэрапорце амаль няма людзей, якія абслугоўваюць пасажыраў — рэгіструюць усё аўтаматы. А хутка зусім людзей ня будзе — усё будуць рабіць робаты».

Сьвятлана Алексіевіч паабяцала сваім прыхільнікам, што будзе арандаваць для паседжаньняў «Інтэлектуальнага клюбу» самую вялікую залю (на кніжнай выставе, дзе праходзіла сустрэча, заля не магла ўмясьціць усіх ахвотных сустрэцца з нобэлеўскай ляўрэаткай).

***

Цімаці Снайдэр — вядомы амэрыканскі гісторык, прафэсар Ейльскага ўнівэрсытэту, адмыслоўца па гісторыі Ўсходняй Эўропы, і ў прыватнасьці, Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і Расеі новага часу. Дасьледуе праблемы нацыяналізму, таталітарызму, Галакосту.


Віктар Пракапеня — адзін з самых пасьпяховых беларускіх ІТ-бізнэсоўцаў, выканаўчы дырэктар кампаніі VP Capital, адзін зь ініцыятараў і распрацоўшчыкаў «Дэкрэта аб лічбавай эканоміцы».

Раней гасьцямі «Інтэлектуальнага клюбу» былі перакладчыца, паэтка, тэоляг Вольга Седакова, пісьменьнікі Ўладзімер Сарокін, Людміла Ўліцкая, Рута Ванагайце, рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, выбітны францускі дакумэнталіст і фатограф Ян Арт’юс Бэртран ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG