Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Напалеона Орды


Напалеон Орда. Фрагмэнт карціны Ляілі і Валянціна Варэцаў

Падзеі 11 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 лютага 1807 году ў Варацэвічах Пінскага павету нарадзіўся Напалеон Орда — беларускі мастак, пісьменьнік, кампазытар і пэдагог. Орда таксама вядомы як паўстанец. Быў адлічаны зь Віленскага ўнівэрсытэту за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве, 15 месяцаў правёў у турме. У часе паўстаньня 1830–31 гадоў камандаваў партызанскім атрадам, атрымаў ордэн Залатога Крыжа і чын капітана паўстанцкай арміі.

Пасьля разгрому паўстаньня Напалеон Орда правёў 24 гады ў Францыі, быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы, але вярнуўся ў родныя Варацэвічы ў 1856-м. Памёр у 1883 годзе. Пахаваны ў фамільным склепе ў Янаве, у цяперашнім Івацэвіцкім раёне.

Сядзіба Тадэвуша Рэйтана на малюнку Напалеона Орды
Сядзіба Тадэвуша Рэйтана на малюнку Напалеона Орды

Дзень у гісторыі

1979 — перамога ісламскай рэвалюцыі ў Іране. Пасьля трох дзён вулічных баёў з урадавымі войскамі прыхільнікі аяталы Хамэйні бяруць пад кантроль Тэгеран.

1990 — пасьля 27-гадовага зьняволеньня на свабоду выйшаў Нэльсан Мандэла.

1999 — утвораная Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

2011 — перамога рэвалюцыі ў Эгіпце: прэзыдэнт Хосьні Мубарак падаў у адстаўку, перадаўшы ўладу Найвышэйшай радзе ўзброеных сілаў.

2015 — у Менску прайшла сустрэча «нармандзскай чацьвёркі» (лідэраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі) — міжнародная спроба разьвязаць канфлікт на Данбасе дыпляматычнымі сродкамі.

У гэты дзень нарадзіліся

1847 — амэрыканскі вынаходнік у галіне электрычнасьці Томас Элва Эдысан.

1875 — Васіль Качалаў, славуты расейскі актор. Качалаў — гэта псэўданім. Паходзіў артыст зь беларускага роду, нарадзіўся ў Вільні, сапраўднае прозьвішча — Шверубовіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG