Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы багаты чалавек сьвету заявіў, што яго шантажуюць аголенымі фота


Джэф Бэзас і ягоная жонка Маккензі. У студзені яны абвясьцілі пра намер разьвесьціся
Джэф Бэзас і ягоная жонка Маккензі. У студзені яны абвясьцілі пра намер разьвесьціся

Уладальнік кампаніі Amazon мільярдэр Джэф Бэзас, якога летась назвалі найбагацейшым чалавекам сьвету, заявіў, што стаў аб’ектам шантажу з боку выдаўца амэрыканскага таблёіда National Enquirer. Паводле Бэзаса, яму прыгразілі апублікаваць інтымныя фатаграфіі, калі ён не спыніць сваё расследаванне аб тым, як National Enquirer набыў іншыя прыватныя фота і электронную перапіску мільярдэра.

Бэзас у сваім блогу выказdаў здагадку, што шантаж можа быць зьвязаны з тым, што ён валодае газэтай Washington Post, якая публікавала шмат расьсьледаваньняў, у тым ліку аб забойстве саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы. А ўладальнік таблёіда National Enquirer, кампанія American Media Inc (AMI), таксама выдае газэту, якая прасоўвае пазыцыю Саудаўскай Аравіі.

«Некаторыя людзі, пра якіх піша Washington Post, лічаць, што я іх вораг, — напісаў Бэзас. — Прэзыдэнт Трамп — адзін з гэтых людзей, што відавочна з яго твітаў. Акрамя таго, тое, як Washington Post асьвятляла забойства Хашокджы, зрабіла яе безумоўна непапулярнай у пэўных колах».

Дональд Трамп на гэтыя абвінавачваньні у студзені адказаў у твітэры, што яму «вельмі шкада» чуць навіны пра Джэфа «Боза» (Bozo — зьняважлівае слова, якое можа значыць неразумнага чалавека) і што матэрыялы ў National Enquirer «значна больш адпавядаюць рэчаіснасьці, чым матэрыялы ў яго лабісцкай газэце, Amazon Washington Post»:

«Спадзяюся, што газэта хутка пяройдзе ў больш адказныя рукі», — напісаў Трамп.

Бэзас апублікаваў у інтэрнэце электронныя лісты прадстаўнікоў холдынгу American Media Inc., які выдае National Enquirer. У лістах яму прапануюць спыніць прыватнае расьсьледаваньне пад пагрозай публікацыі фатаграфій, і падрабязна апісваюць, што зьнята на іх.

Бэзас, чыё багацьце ацэньваецца больш чым на $130 млрд, наняў прыватнага дэтэктыва і прапанаваў яму неабмежаваны бюджэт з тым, каб высьветліць, якім чынам яго прыватная перапіска з каханкай апынулася ў National Enquirer.

Сёлета ў студзені National Enquirer апублікаваў артыкул пра пазашлюбную сувязь мільярдэра, дзе гэтая перапіска цытавалася. За дзень да публікацыі Бэзасы абвясьцілі пра намер разьвесьціся.

Летась National Enquirer стаў аб’ектам расьсьледаваньняў пасьля таго, як стала вядома, што ў 2016 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі ён заплаціў $150 тысяч акторцы і фотамадэлі Карэн Макдугал, якая сьцьвярджае, што ў яе быў раман з Трампам, за правы на матэрыял пра гэта. Аднак матэрыял не апублікавалі. Пазьней высьветлілася, што гэтыя грошы выдаўцу таблёіда перадаў асабісты адвакат Трампа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG