Часопіс Forbes апублікаваў сьпісы 10 самых удачлівых і няўдачлівых бізнэсоўцаў 2018 году.
На першым месцы ў сьпісе ўдачлівых бізнэсоўцаў — заснавальнік Amazon Джэф Бэзас. Яго капітал вырас амаль на 28 мільярдаў даляраў і цяпер складае больш за 127 млрд.
На другім месцы ў рэйтынгу ўдачлівых бізнэсоўцаў знаходзіцца заснавальнік японскага брэнду Uniqlo Тадас Янаі. Ён павялічыў свой даход на сем мільярдаў даляраў. У 2018 годзе прыбытак Янаі склаў больш як 27 мільярдаў даляраў.
На трэцім месцы — прэзыдэнт нафтавай кампаніі Лукойл расеец Вагіт Алекпераў. Яго капітал склаў 19,5 мільярдаў даляраў. За год ён павялічыўся больш як на 4,5 мільярда.
Замыкаюць пяцёрку лідэраў мэдыямагнат Рупэрт Мэрдак і адзін з галоўных акцыянэраў расейскай карпарацыі Новатэк Леанід Міхельсон.
Рэйтынг няўдачлівых бізнэсоўцаў 2018 г. узначаліў заснавальнік і кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг. Ён страціў амаль 19 мільярдаў даляраў. Капітал Цукербэрга ацэньваецца ў 52,5 млрд даляраў.
На другім месцы — заснавальнік брэнду Zara Амансіё Артэга. Ён страціў больш як 16 мільярдаў даляраў. Даход заснавальніка Zara ў адыходзячым годзе склаў больш за 59,5 млрд.
Замыкае тройку няўдачнікаў асноўны акцыянэр нямецкага вытворцы падшыпнікаў Schaeffler Георг Шэфлер, які страціў больш як 10 мільярдаў даляраў. Яго капітал ацэньваецца ў 35 мільярдаў даляраў.