Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар не панюхаў у бутэльцы сьцёкі ад «сьмярдзючага» заводу


Ачышчальныя збудаваньні заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы, 19 студзеня
Ачышчальныя збудаваньні заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы, 19 студзеня

6 студзеня cьветлагорскія актывісты прынесьлі на прыём да міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыкі шасьцілітровую бутэльку з бруднымі сьцёкамі ад заводу беленай цэлюлёзы.

Прэс-сакратарка міністэрства Алена Меляшкова сказала карэспандэнту Свабоды, што рэчыва з бутэлькі накіраванае на экспэртызу.

«Мы, вядома ж, ня ведаем, адкуль гэтая вада. Але мы давяраем грамадзянам, гэтую ваду забралі і накіравалі ў Рэспубліканскі цэнтар аналітычнага кантролю для аналізу.

Але мы ў рэжыме онлайн адсочваем там усю экалягічную сытуацыю, робім захады, даем прадпісаньні і заўвагі заводу, якія ён выконвае. Па экспрэс-тэстах перавышэньня дапушчальных нормаў не было».

Таксама Алена Меляшкова сказала, што «ўсе грамадзяне маюць права трапіць на прыём да міністра».

«У нас няма ніякіх службаў бясьпекі ў міністэрстве, як там пішуць у сетках. Ніхто іх не абшуквае, пайшоў з вадой і пайшоў. Мы адкрытыя да дыялёгу».

Андрэй Смалянчук, які прынёс бутэльку, сказаў, што актывісты сабралі гэтыя сьцёкі 6 лютага.

«У нас у горадзе няма такой лябараторыі, каб зрабіць тэсты. Найбліжэйшая толькі ў Жлобіне. Таму і прывезьлі ў Менск, каб міністар сам пабачыў, якога колеру гэтая вада. Каб ён панюхаў, не атрымалася. Але апэратыўна перадалі на аналізы».

Актывіст мяркуе, што «міністар нічога не вырашае».

«Ён зрабіў добрую міну пры дрэннай гульні. Пакуль што абяцанкі, што ўсё будзе добра і наладзіцца. На маё пытаньне, што вядуцца пусканаладачныя працы, а абсталяваньня, якое мерала б гэтыя выкіды, няма, ён адказаў: «Ня ўсё адразу робіцца».

Актывістка Алена Масьлюкова патлумачыла, што вадкасьць забіралі ў той самай трубе ліўневай каналізацыі, якая ідзе проста ў Бярэзіну.

«Завод зьлівае туды свае прамысловыя адкіды. Яны такога бруднага, карычневага, часам нават чорнага колеру, зь пенай. Мы не аднойчы пісалі скаргі. І апошні выкід 19 студзеня быў жахлівы. Таму мы вырашылі, што паедзем да міністра і будзем патрабаваць, каб сур’ёзна заняліся гэтай праблемай».

На прыём да міністра прыехалі пяцёра актывістаў, аднак усіх адразу міністар не прыняў. Таму, як сказала Алена Масьлюкова, «хадзілі трыма заходамі».

«Мы далажылі міністру сытуацыю, і ён сказаў, што гэта памылкі будаўнікоў. Ён сказаў, што будзе разьбірацца па ўсіх пытаньнях і мы атрымаем адказы.

Пасьля таго як мы ўжо пабывалі ў міністра, нам тэлефанавалі людзі зь Якімавай Слабады і казалі, што былі вельмі моцныя пахі».

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG