Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаную ў 2016 годзе дырэктарку птушкафабрыкі «Ганна» назвалі «Чалавекам году Віцебшчыны — 2018»


Ганна Шарэйка (Норкус) пасьля вызваленьня з-пад арышту, 2016 год
Ганна Шарэйка (Норкус) пасьля вызваленьня з-пад арышту, 2016 год

Цяпер Ганна Норкус, як і да прысуду, кіруе Віцебскай бройлернай птушкафабрыкай (гадлёвая марка «Ганна»).

Тытул «Чалавек году Віцебшчыны — 2018» яна атрымала ў намінацыі «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяродзьдзя, лясная гаспадарка». На дадатак да тытулу ёй далі 2550 рублёў прэміі.

Усяго «Людзьмі году» Віцебскі аблвыканкам назваў 50 чалавек, паведамляюць vitvesti.by.

Віцебская бройлерная птушкафабрыка
Віцебская бройлерная птушкафабрыка

У 2014 годзе Ганну Норкус (тады яе прозьвішча было Шарэйка) пазбавілі статусу члена Савету Рэспублікі і арыштавалі. Паводле сьледчых, птушкафабрыка доўгі час набывала кармы за мяжой і па завышаных цэнах. Дырэктарку абвінавацілі ў прычыненьні шкоды ў буйным памеры.

За кратамі яна правяла амаль два гады, яшчэ 5 месяцаў доўжыўся працэс. Пасьля вынясеньня прысуду — 2,5 года калёніі — суд вызваліў яе па амністыі.

На волі Ганна Шарэйка заявіла, што не крыўдуе за арышт, падзякавала за добрае абыходжаньне за кратамі — і неўзабаве вярнулася ў дырэктарскае крэсла на «Ганьне».

Адметна, што арыштаваную дырэктарку актыўна падтрымлівалі работнікі птушкафабрыкі. Яны ня верылі ў яе віну, зьвярталіся да Лукашэнкі з просьбамі вызваліць яе, прыяжджалі на суд у Менск.

Ганна Норкус узначальвае Віцебскую птушкафабрыку з 1998 году. На сёньня гэта адно з самых пасьпяховых прадпрыемстваў Віцебшчыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG