Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: целы палеглых у Сырыі расейцаў вярталі з затрымкай, каб утаіць страты перад выбарамі


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Сырыі
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Сырыі

Целы расейскіх байцоў «ПВК Вагнера», якія загінулі пасьля авіяналёту ўзначаленай ЗША міжнароднай кааліцыі ў Сырыі летась у лютым, вярнулі ў Расею толькі праз два месяцы пасьля бою, піша ў сваім расьсьледаваньні агенцтва Reuters.

Даты і абставіны гібелі, пазначаныя ў іхных пасьведчаньнях аб сьмерці, адрозьніваліся ад рэальных. Так Расея магла ўтаіць масавыя страты ў баі перад выбарамі прэзыдэнта 18 сакавіка, на якіх быў перавыбраны Ўладзімір Пуцін, адзначае агенцтва.

Агенцтву ўдалося выявіць шэсьць выпадкаў, калі целы загінулых у баі расейцаў вярнулі сем’ям больш чым праз 7 тыдняў пасьля бою з дакумэнтамі, дэталі ў якіх былі непраўдзівыя.

Затрымка вяртаньня нябожчыкаў з Сырыі мінулай вясной і няправільныя дэталі ў дакумэнтах адрозьніваліся ад звычайнай практыкі абыходжаньня з загінулымі ў Сырыі расейцамі, адзначае выданьне. Раней прадстаўнікі вярбоўшчыка вярталі цела праз два ці тры тыдні пасьля гібелі з дакумэнтамі, дзе пазначаная дата сьмерці супадала з тым, што родныя даведваліся ад таварышаў па службе загінулых.

За рэгістрацыю сьмерцяў расейцаў у Сырыі адпавядае консульства Расеі, разьмешчанае ў Дамаску. Сама меней 33 пасьведчаньні выдалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 18 сакавіка.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў агенцтву, што зьвязваць затрымкі з выдачай пасьведчаньняў аб сьмерці загінулых у Сырыі расейцаў з выбарамі няправільна. Ён не пракамэнтаваў удзел «ПВК Вагнера» ва ўзброеным канфлікце ў Сырыі.

Масква неаднаразова адмаўляла паведамленьні аб тым, што тысячы расейскіх наймітаў ваююць у Сырыі, на ўсходзе Ўкраіны або ў іншых краінах. У той жа час, паводле паведамленьняў, толькі ў Сырыі загінула больш за 100 расейскіх наймітаў.

Адной з найбольш вядомых прыватных вайсковых кампаній — «ПВК Вагнера» — кіруе алігарх Яўген Прыгожын, які мае блізкія асабістыя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

У пачатку кастрычніка Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала новы сьпіс грамадзян Расеі і іншых краін, якія, як сьцьвярджаецца, зьяўляюцца байцамі так званай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» ( «ПВК Вагнера»). Многія зь іх ваявалі на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі. У сьпісе СБУ 206 чалавек.

У спэцслужбе сьцьвярджаюць, што 58 зь іх загінулі ў Сырыі на пачатку лютага — у сутыкненьні з амэрыканскімі вайскоўцамі ў правінцыі Дэйр-эз-Зор. Служба бясьпекі Украіны называе байцоў «ПВК Вагнера» пазаштатнымі супрацоўнікамі расейскай службы вайсковай выведкі — Галоўнага ўпраўленьня Генштабу, раней вядомага як ГРУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG