Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абавяжа ўласьнікаў нерухомасьці ў Крыме без грамадзянства РФ плаціць падаткі на паўвостраве

Крым узімку
Крым узімку

Фэдэральная падатковая служба (ФПС) Расеі сабрала інфармацыю аб уладальніках нерухомасьці ў анэксаваным Крыме, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Расеі, каб зьбіраць зь іх падаткі.

«У нас ёсьць інфармацыя па ўсім асобах, якія не зьяўляюцца грамадзянамі РФ — заявіў прадстаўнік ФПС Расеі Раман Наздрачоў. — Мы накладваем гэтую базу на аб’екты ўласнасьці, на выкарыстаныя на працягу году электрычнасьці, газу, і пры заключэньні або перазаключэньні дамоваў з рэсурсазьберагальнымі арганізацыямі мы будзем уплываць альбо на тарыфную палітыку, але ў першую чаргу настройваем нерэзідэнтаў выплачваць ПДФА (падатак на даходы фізычных асоб) на тэрыторыі рэспублікі Крым».

Па словах Наздрачова, большасьць неграмадзян Расеі ў анэксаваным Крыме пераводзяць грошы на мацерыковую Ўкраіну, не плацячы падаткі ў расейскі бюджэт.

«Самая распаўсюджаная схема — шукаецца расейскі пастаўшчык, праз грамадзяніна РФ зьбіраюцца з турыстаў грашовыя сродкі, яны перапраўляюцца на тэрыторыю Ўкраіны і не абкладаюцца падаткам ні на капейку. І з гэтым павінна быць скончана» — сказаў ён.

Па дадзеных ФПС, у Крыме на ўліку ў якасьці нерэзыдэнтаў ужо знаходзяцца каля 2 тысяч юрыдычных асобаў і каля 60 тысяч фізычных асобаў, якія маюць маёмасьць на паўвостраве.

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыма незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны, арт-мэнаджар Уладзімір Зяленскі днямі абнародаваў дэклярацыю аб даходах. У ёй пазначаныя кватэра ў Ялце плошчай у 129.8 квадратных мэтраў і парковачнае месца. Уласьніцай гэтай маёмасьці ў Крыме зьяўляецца жонка кандыдата Алена Зяленская.

XS
SM
MD
LG